Як падагнаць лічбы пад неабходны кворум? Наглядная парада ад барысаўскай філіі "партыі ўлады"

Dec 19, 2008 10:39


У камэнтах да матар’ялу “Зарэгістраваны Гомельскі абласны БНФ” на сайце nn.by нехта “ведаючы” папікнуў фронтаўцаў, маўляў, “урэшце навучыліся пісаць пратаколы і ставіць коскі”. У працяг тэмы прапаную азнаёміцца з копіяй пратаколу па вылучэньню прэтэндэнтам ў кандыдаты ў дэпутаты на выбарах у Барысаўскі раённы савет дэпутатаў 25 скліканьня тав.Кальцовай Маі Аляксандраўны, беспартыйнай, 1934 г.н. (на момант балятаваньня безальтэрнатыўнай кандыдатцы ад мясцовай “партыі ўлады” было 72 гады).

Зьвярніце ўвагу на скан. Якое тут правільнае складаньне пратаколу, якія коскі? Колькасьць абраных дэлегатаў, колькасьць удзельнікаў сходу, удакладненую перад галасаваньнем, колькасьць тых, хто прагаласаваў "за" падганялі пад кворум як маглі! Крэсьлілі, крэмзалі, пакуль не вымалявалі неабходныя лічбы.

Мне вядома, што 72-гадовая актывістка ня здолела сабраць неабходныя 75 подпісаў для свайго вылучэньня на выбарах у райсавет, таму давялося ў сьпешным парадку ў апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў зьбіраць сход выбарнікаў працоўнага калектыву Хрустальнага завода. Вядома, што сход ніхто не зьбіраў. Пратакол склалі ў цішы кабінэту. Але нават гэтая ціша ня сталася зарукаю бездакорнасьці складзенага пратаколу.




Тав.Кальцова жыве таксама як і я ў Пячах. Ейны дом знаходзіцца літаральна ў 200 мэтрах ад майго. Каб выбрацца ў горад з былога вайсковага гарадка мне заўсёды даводзіцца праходзіць узбоч яго. Вось тут - у гэтым дзевяціпавярховіку №25 у кв.22 на 6 паверсе - і жыве гэтая актывістка. Менавіта насупраць яе дому за два дні да асноўнага дня галасаваньня на тых самых “выбарах” я праз правакацыю быў арыштаваны і атрымаў свае 5 ночаў СІЗА.

Яна, канешне, ня мае ніякага дачыненьня да таго арышту, аднак мае дачыненьне да шэрагу заяваў у кампэтэнтныя ворганы. У гэтых заявах галоўным фігурантам выступала мая сьціплая асоба, якая не давала, на ейную думку, спакойна працаваць, жыць, адпачываць жыхарам былога вайсковага гарадка.

Магчыма, спробы ўзбудзіць супраць мяне крымінальную справу за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай грамадзкай ініцыятывы “За чысты Барысаў!” і выданьне, як напісаў барысаўскі пракурор, “газэты без цэнзуры” “Печы сёньня” адразу па “гарачых сьлядах” выбараў 2007 г. былі інсьпіраваныя ў тым ліку і пячанскай актывісткай Маяй Аляксандраўнай Кальцовай.

У 2007-2008 г.г. у мяне не знайшлося часу высьветліць імёны інсьпіратараў. Паспрабую гэтым заняцца ў бліжэйшы час…

ЗЫ. Ці варта ўдакладняць, што пячанскую актывістку “абралі” дэпутаткай? Ці варта ўдакладняць, што яна балятавалася не ў Пячах? 

палітыка (?), сильнопроцветающая

Previous post Next post
Up