Кандыдат у прэзыдэнты “на блюдечке с голубой каемочкой”

Dec 22, 2008 13:16

Калі ў у 2007 годзе ў сэрыі “Кнігарня Наша Ніва” выйшлі “нататкі дыплямата і палітыка” Пятра Краўчанкі “Беларусь на ростанях” я ведаў дакладна - набываць і тым больш чытаць гэтыя “нататкі” ня буду. Занадта ўжо вытыркалі з гэтага палітыка неабгрунтаваныя ягонай папярэдняй палітычнай біяграфіяй прэзыдэнцкія амбіцыі. Аднак мінула нямала часу і я набыў краўчанкавы твор падчас сустрэчы “нашаніўцаў” з чытачамі ў Барысаве на самым пачатку сакавіка 2008 году. Набыў больш з спачуваньня да журналістаў, чым з уласнае ахвоты. Ну, ня везьці ж ім назад у Менск амаль 500-старонкавы том!

Прастаяла гэтая кніга на маёй паліцы ажно да сярэдзіны сьнежня, прычым апошнія месяцы - на досыць відным месцы. Доўгі час краўчанкавы вочы дапытліва ўзіраліся ў мяне, маўляў, прачытай. Урэшце, цікаўнасьць мая перамагла і я вырашыў паглядзець як палітык у сваіх мэмурах, які шмат каму падаецца неадназначным, будзе сябе адназначна падаваць. Меў рацыю Вінцук Вячорка, калі казаў пра такіх “мэмуарыстаў”: “сам аўтар у белым, а астатнія - як у показцы пра цырк”. Сам Вячорка ў кнізе згадваўся тройчы, прычым двойчы як жалю варты палітык-мітынгоўшчык. Але гэта ацэнка Краўчанкі, які не пашкадаваў чорнай фарбы малюючы і іншых сваіх палітычных апанэнтаў.

Асабліва зьедлівыя радкі Краўчанку ўдаваліся ў дачыненьні да Шушкевіча, якога першы выстаўляў ледзьве не прайдзісьветам і злодзеем. Не зьбіраюся абараняць Шушкевіча, бо ня ведаю як там было насамрэч у нейкіх прыватных выпадках, аднак памятаю сваё падарожжа ўлетку аўтобусам зь Вільні ў Менск пару гадоў таму. Адным з маіх спадарожнікаў быў і Пётра Краўчанка. Памятаю, як замітусіліся тыя самыя вочы, што і на вокладцы вышэй згаданай кнігі, калі стала вядома, што беларускія мытнікі маюць намер спраўдзіць багаж усіх пасажыраў аўтобусу. Аказалася, былы міністар замежных справаў, былы лукашэнкаўскі амбасадар у Японіі спрабаваў правезьці празь мяжу некалькі бутэлек сьпіртовых напояў звыш нормы. Зрэшты, гэта яму ўдалося з маёй дапамогай - пашкадаваў я былога “дзяржаўнага мужа”…

Памятаю, як мой выкладчык этнаграфіі ў БДУ сп.Уладзімер Мядзянік на лекцыях сьціпла, безь лішніх падрабязнасьцяў заікнуўся пра сваё знаёмства з шчырым беларусам Краўчанкам, што не перашкодзіла этнографу ў чарговы раз пасьмяяцца зь беларускай мовы. Вельмі ўжо Мядзяніку не падабалася беларусізаваная форма ягонага прозьвішча: “Никакой я не Мядзянік, а М-Е-Д-Я-Н-И-К. Я против того, чтобы мою фамилию коверкали!” І вось зь “Медяником” я сутыкнуўся як зь “Мядзянікам” нечакана ў краўчанкавай “Беларусі на ростанях”. Аказваецца мой былы выкладчык быў ня проста знаёмым Краўчанкі, але “аднакашнікам і сябрам” і зьбіраў пакватэрна подпісы за яго ў Маладэчне падчас парляманцкіх выбараў 1995 г. Скажы хто твой сябра і я скажу, хто ты…

У 1996 г. падчас антыканстытуцыйнага рэфэрэндуму я штодня пасьля працы прыяжджаў на плошчу Незалежнасьці, каб выказаць свой пратэст і падтрымаць з вуліцы імпічмэнт Лукашэнку. Той, хто быў тады на плошчы памятае, якое мярзотнае было надвор’е ў канцы лістапада: мокры сьнег, вецер, адным словам, прадзімала на плошчы наскрозь. А “вялікі дзяржаўны муж” Краўчанка ў гэты час папіваў віскі, закусваючы канапкамі, зь міністрам абароны Расеі Ігарам Радзівонавым (с.443). Што яму было да тых людзей на плошчы Незалежнасьці ці, як ён напісаў у сваіх мэмуарах, “мінчан”?

Не маю жаданьня пераказваць зьмест “мэмуараў”. Аднак скажу, як ні стараўся Краўчанка паказаць сябе самым важным дзяржаўным мужам, у яго гэта не атрымалася. Як кажуць, слоў - на мех, а справаў - на сьмех.

Зрэшты, пачытаць "нататкі дыпламата і палітыка" раю. Прынамсі, будзеце ведаць, як нельга пісаць, каб ня выставіць сябе ёлупнем...




маразм, палітыка (?)

Previous post Next post
Up