ФЛОРЭНС НАЙЦІНГЕЙЛ

Jun 18, 2014 17:38

між запоўненых коек і стогнаў ідзе
з ліхтаром кіраўніца каб стацца ў бядзе
суцяшэннем для кожнага з хворых байцоў
ледзі з лямай завецца ды ліецца кроў
а вакол горкі Крым горны Крым дзіўны дым
раздае сотні смерцяў адным і другім
па дарожнай бядзе па няшчасцяў слядах
йдзе дзівоснасць удачы й амбіцыяў прах
горны Крым пераварыць гісторый сляды
гэты востраў прапусціць праз дзён правады
безліч жыццяў народаў паселішчаў сноў
перамогай пацешыцца кожны з бакоў
будзь уважлівы добры гісторык пазбаў
нас ілюзій на тым дзе чорт ногі зламаў
усё было б так цікава й займальна калі б
ні сумнеўныя смерці між крымскіх сяліб
і варожасці холад хваробы і боль
ды ўзнікае як фея і крочыць паволь
ледзі з лямпай багатая дзеўка знайшла
сабе справу замест свецкіх баляў святла
медсястрыцай зрабіцца паехаць лячыць
англічанаў параненых і гаварыць
свайму сэрцу ў спадзеве што дым праглыне
ўсе нягоды і дурасць і бруд на вайне
ды імёны ня здолеюць сцёрці часы
і анёлы запомняць людзей галасы
Флорэнс Найцінгейл цешыць за поўнач сабе
добрым кубкам гарбаты ў ваеннай журбе
дай нам Божа знайсці ў самых розных сваіх
сітуацыях годную справу і ўдых
паўнаты каб у нашыя жыцці і дні
прага сэнсу ня сталася прагай вайны



http://www.belaruspartisan.org/blogs/taraikevich/16508/

вершы, паэзія, Крым

Previous post Next post
Up