Пра каштаны і пасланні.

Aug 28, 2014 10:56

На нарадзінах Я. два дні таму Т. перадала тое, што хацела падараваць мне на мае нарадзіны паўгады таму - тэкст п'есы, на якую хадзілі разам, глядзелі і пераглядалі. Найлепшы спектакль! "Десять мінут надежды" - пра смерць, каханне, сяброўства, творчасць, адвагу... Перачытваю, чую інтанацыі актораў. Яго больш не ставяць, але цяпер магу ныраць у яго, калі толькі пажадаю. Гэта такая асалода - рабіць цуды для кагосьці, і хтосьці робіць цуды табе, яны праўда вяртаюцца.
Набліжаецца другая, беларуская пасля піцерскай, частка сяброўчынага вяселля - для сямейнікаў, у нашай традыцыі. Маёй бадхісатвачкі, "сяброўкі на Шляху"... Нешта дапамагаю, пакуль яе няма ў Беларусі, паступова выконваюцца пункцікі плану падрыхтоўкі. Учора лётала па горадзе ды шукала паперу на вясельны вянок: у адной краме - не тое, у другой - пуста (закраўся халадок), у трэцяй - лухта нейкая, а ў чацвёртай- о, напраўду шчасце! Тое, што трэба, колькі трэба, і стужачкі. Сёння распачнем.
Лету відавочны канец.
Тым часам на Нямізе квітнее каштан. Трэба часцей там бываць, хоць пад ім і тлуміцца шмат людзей. Прыходзяць добрыя думкі. Дагэтуль бачыла, як квітнеюць каштаны ўвосень, у 2006 годзе, ён быў вельмі багатым на перамены.
А яшчэ ўчора ў канверце з ландышамі прыйшоў ліст пра тое, што з гары нельга зваліцца. Магчыма, аўтар хацеў сказаць у першую чаргу іншае (Брадзяга Дхармы часам кажа так шматзначна, што можна ўбачыць свой, а не ягоны сэнс, а я надта баюся верыць адчуванням, наогул шмат чаго баюся; дый почырк не паўсюль быў разборлівы, нешта - закрэслена... хто апёкся аб малако - і на ваду дзьме), але вочы выхапілі менавіта гэта, і я хачу насіць з сабой і перачытваць зноў і зноў. Гэта ліст ад пэўнага чалавека, і подпіс не патрэбны, напісаны цёплымі ручкамі, няроўныя літары - лятуць, як думкі, напісаны з нейкай мэтай, магу адгадаць з якой, а магу і не, можа пра нас, а можа пра Бадзягу толькі? Адначасова гэта і (даруй, Бадзяга, хачу ўспрымаць і так) такое неабходнае паведамленне звонку, калі з пабітымі нагамі стаіш на схіле, на сыпусе, і ні ўгару, ні ўніз, зноў пераможаны, з абыякавасцю да будучыні, таварышы ўсе некуды разышліся, падняліся, - і тут у вушы крычаць, што з гары нельга зваліцца! Я жа ведала гэта ў 16, пасля паездкі з бацькам на Каўказ, тады па вяртанні ў горад страху не было ні перад чым, ні перад кім: высокія парапеты - як рысачкі на зямлі, крылы за спінай. Такія веды мусяць бы змяняць жыццё, але горад засыпае іх пылам. Цяпер зноўку баюся хадзіць па парапетах, тэлефанаваць некаму, мяняць працу, а лета, здаецца, прайшло міма, а сардэчка ные, а маці дзеліць маёмасць, а ў выдавецтве завал-багна... Раптоўны інтраверт - вынаходніцтва лета. Ці ўсё ж такі Тыгр? Я бы хацела ўзабрацца наступным летам - і няхай гэта будзе Грузія. Дзякуй табе, Бадзяга, думай шо хош, але дзякуй.

успамінкі, танцы розуму, сябры, мая краіна, чытацкасць, дзэн, прыгажосць

Previous post Next post
Up