Цнянка, танцы, спевы, каштан і іншыя назіранні.

Sep 09, 2014 17:28

У нядзелю перад танцамі не стрымалася, забіла на справы і на свежанапампаваных колах, лёгка і пругка пакіравала на Цнянку, да сонца, да вады, да верасня. Асалода руху, прасторы. Стары асфальт на дарозе, зялёная, стомленая трава. Мала людзей: рэдкія сабачнікі, раварысты, рыбакі. Востраў проста зачароўвае: працяты сцежачкамі, кожны куст адметны, кожны ліст, пераплятаюцца травы і апошнія кветкі, рабіны саспелыя, усё натхнёнае, ціхае, чакае нечага вельмі добрага. Светлы сум і захапленне. Хочацца ўсё фатаграфаваць, ці маляваць, проста піць вачыма, шкада, здымач на тэлефоне цалкам псуе адценні, і сэнс губляецца. Спяваць ці маўчаць, глыбока дыхаць. Атмасферу троху ламаюць стромныя дзядзькі, што блукаюць кустамі з невядомымі мэтамі - іх паболела з адыходам пляжнага сезону. Падумалася, што на наступную пагулянку лепш знайсці кампанію. Вада, як заўжды, вабіць, плёскае пад сонцам, закалыхвае. Летам я тут купацца не рызыкую, надта брудна, а цяпер - можна. Вагалася, але зразумела, што гэта могуць быць апошнія цёплыя выхадныя, скінула лішняе і паплыла, як легла на далоні. Холад і чысціня. Насамрэч, не страшней, чым у сырым чэрвені на Полаччыне, на Вясёлцы, у ледзяным возеры. А на ровары пасля лёгка сагрэцца.
Дома, як заўжды, нічога не паспела, нацягнула сукенку ды пабегла на танцы. Прыходжу туды мо раз чацвёрты, але прагрэс адчуваю, цела згадвае, што нават калі не ведаеш рухаў, трэба трымацца ўпэўнена і лёгка, адпускаць мысленне. Хораша танчыць, хораша з людзьмі. А пасля, як вяршкі на торцік, спевы з людзьмі, з якімі мне камфортна. На танцах апынулася Волечка К., ды пайшла з намі, і тут яе панесла, прачнуліся прамоўтарскія якасці, пачала гнаць нас з ціхага дворыку чэскай амбасады ў пераход, пад мост, у людзі. Сышліся на ратушы, пасля перабраліся да байкераў пад катэдру. Грошы, канешне, не збіралі, проста спявалі для асалоды і развіцця, ніхто нас не чапаў. Падышоў толькі хлопец крыху нападпітку з фразай "Я канешне ведаю, што я добра танцую, давайце я вам пакажу" і стаў танчыць нам тэктонік, пасля распавёў, як ён збірае колы пад Палацам спорту. Смешны. Раз'ехаліся ўжо пад поўнач.
Пра Камяніцу пісаць проста лянота, ад справаздачаў і фотачак і так інтэрнэт ломіцца. Я там адпачыла, і парадавалася, і памеланхоліла, была са ўсімі і ні з кім адным. З Настай Глушко дарабіла вясельны вянок для Любачкі. Такія вось выхадныя.
***
Учора з Янай зайшлі да каштана на Нямізе - а ён квітнее ўжо амаль цалкам, не нейкія там пара галіначак, сур'ёзны падыход. Адзін. З ім хочацца абдымацца, ён нясе навіну, што магчыма ЎСЁ.
***
Выяўляецца, я сапраўды абсалютна развучылася весці гутарку з супрацьлеглым полам, калі ёсць сімпатыя з майго боку, і чым яна больш, тым горш усё выглядае. У выніку апынаюся нейкай шэрай мышкай, якая нічога з сябе не ўяўляе і амаль не валодае словам чалавечым, а ўжо пра нешта кемнае ці дасціпнае і гаворкі няма. Можа і на сумоўях несла поўную лухту, таму няма далейшых прапановаў? У апошнім выпадку, праўда, адчуваю, шкодзіць залішняя шчырасць (нават перабольшанне таго, чаго не варта, чаму - невядома) і наіўняк, і разумею я гэта ўжо пасля, калі гаворка адбылася. Так мінаюць магчымасці...

сябры, мая краіна, імпрэзы, прыгажосць, рукатворы, гляджу навокал

Previous post Next post
Up