Знутры вяселля

Sep 11, 2014 00:54

Адгулялі вяселле Любачкі, якім амаль жыла апошнія тыдні. Розныя дробныя пытанні, пошукі фатографа, выраб вянка, абмяркоўванні абраду, замаўленне каравая, рэпетыцыі спеваў - усё прыйшло да лагічнага фіналу. Кожная дзеўка хоць раз у жыцці мусіць гэта перажыць - цяпер гэта называецца сведка, раней - старшая дружка, і - "аддаеш назаўжды", бо канешне, такое выпадае толькі з блізкімі.Так, яны ўжо былі распісаныя, у чэрвені, у Піцеры, але без бацькоў, з мінімальнымі ўрачыстасцямі, ды Люба яшчэ перад тым вельмі хацела згуляць традыцыйнае вяселле. У музеі народнай архітэктуры і побыту (Строчыцкім) працуе чароўная дзяўчына Іра, і гэта быў шчаслівы лёс - пазнаёміцца нам на Пятровіцы, каб яна загарэлася ідэяй і іх стандартны папсавата-тэатральнаваты зборны абрад быў цалкам перапрацаваны на рэгіянальны, гомельскі, паводле крыніцаў і парадаў адмыслоўцаў. Было вузкае сямейнае кола - крэўныя з боку жаніха і нявесты, дружкі-спявачкі ды музейныя супрацоўнікі, якія дапамагалі ў правядзенні, стваралі масавасць і ацэньвалі новы абрад. Усё запомнілася ўрыўкамі, былі і касякі, і толькі цяпер, пераглядаючы фота, зразумела, што, нягледзячы на дробныя недасканаласці (а можа толькі тыя, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы, іх і заўважылі) і дождж, усё было добра, прыгожа і па-сапраўднаму, бо вочы маладых ззялі і прысутныя былі захопленыя дзеяй. Усё было да месца. Дзякуй нябёсам і ўсім, хто дапамагаў - Насце С., Наталі, Юлі Б. і Насты Г. з вянком, які ў выніку давяваўся на "Камяніцы" пад спевы "Горыні", Юлечцы за кіраванне спевамі, Ірыне Г. за песні, Алене за парады... І да, трэба вучыць прыпеўкі пад "Лявоніху". Пасля ўсяго сем'і маладых паехалі сабе працягваць святкаваць, а мы разбраліся, я засталася ў музеі піць гарбату і прыходзіць у сябе, бо па сканчэнні адчула спустошанасць і стому... І Ірачка - супрацоўнікі віншавалі яе з прэм'ерай. Цяпер ведаю, што там ёсць каму годна правесці традыцыйнае вяселле. Пасля быў поўны кубак шампанскага, пачало адпускаць, доўгія размовы ўжо ў горадзе, у кавярні за гарбатай, і ад метро пешкі - "Сплін" у вушах і мокры падол вакол ног, туфлі, поўныя дажджу, ліхтары.

Жаніх адгадвае загадкі ("Лоўля зайца")

Меранне хлябамі

Упс... прыняў за ручку нявесты ручку яе сястры. Развадзілава)

Як свечкі роўна гараць, то і жыццё будзе добрым, і між сабой будуць роўныя (роўная парачка)

Хто больш укусіць, той будзе галаўнейшым







"Я й з табою на ручнічак стану..."

Сустрэча ў хаце маладога





"Каравай - Божы дар..."

мая норка, людзі, сябры, мая краіна, вечныя цэннасці, імпрэзы

Previous post Next post
Up