(no subject)

Jun 20, 2014 01:42

Выдалі Любачку замуж, як змаглі, прыўнеслі ў сціплае свята беларускіх традыцый, і здаецца, не дарма, маладым спадабалася. Але кола сяброў звужаецца - яшчэ адзін вельмі блізкі чалавек знік, схаваны адлегласцю. Пакуль не, але праз пару месяцаў паедзе ў Піцер, каб там застацца. Кола звужаецца і знікае, валасы абразаюцца - чык-чык, вызваляючы ўнутраную энергію і вецер зменаў. Пэўна, прыйдуць новыя людзі.
У Піцеры ўразілася светлым небам і паветрам а палове на першую ночы, праз гэта адчуванне часу скажаецца. Уразілася фантастычнымі вышыўкамі малых народаў Расіі ў РЭМе (беларускага жа, дзеля чаго туды адпачаткова ішла, выявілася мала), светлай і бескарыслівай дабрынёй нашага Цёмы ў цесна заселенай кватэрцы на наберажнай Фантанкі. Захапілася яснасцю розума і цярплівасцю настаяцеля дацана, у які ездзіла амаль штодня. Спаткалася нарэшце з сангхай Дзэн, каштоўна кожнае пачутае слова і кожнае імгненне.
Піцер заўжды нясе мне змены або пераасэнсаванне нечага. І ў гэты раз. Ідучы па беразе Нявы з півоняй, белай ноччу чула водгулле ўласных думак з чужых вуснаў: "Піцер - это как любовь". Асалода самотных шпацыраў, нягледзячы на вар’яцкае надвор'е. І канешне, горад зноўку падорыў незапланаваную (дакладней, сарваную) выпадковую сустрэчу - з любімай аднакласніцай Вярусікам. А Чыжык паабяцаў выканаць дурацкае і нязначнае жаданне, але затое лёгка праверыць, ці працуе гэтая пташка.
Наперадзе працяг адпачынка, Купалле, Вясёлка, Літва напэўна. Ну і пажадана - лес з грыбамі і ровар, была б пагода ды кампанія. І я цяпер у кудзерках :-)

успамінкі, што такое шчасце?, спадзёвы, сябры, вечныя цэннасці, rrainboww, дзэн

Previous post Next post
Up