Ленка заснула ў той самы момант, калі яна даказвала мне, што не можа заснуць без казкі, а калі і засне без казкі, дык сон будзе слабы і трывожны, яна будзе прасынацца кожныя паўгадзіны, круціцца ў ложку і... заснула. Пакуль спіць ціха, нат здаецца і не дыша. Не дзіўна, бо дзень быў доўгі і насычаны - дзіцё стамілася.
Спачатку яны з Альбінай суправаджалі мяне на сустрэчу дзяўчат-вазочніц. Мы напісалі ліст мэру са спасылкай на адпаведны закон РБ і з просьбай уладкаваць некаторыя гарадскія будынкі пандусамі. У спіс будынкаў трапілі тры паваслаўныя храма, выставачная зала, кінатэатр, бібліятэкі, тэатр і шмат іншага.
Сустракаліся на летняй пляцоўцы невялічкай кавярні. Сабраліся некалькі дзяўчат і два сур'ёзных хлопца з вялікім жыццёвым досведам актыўнага вазочнага жыцця ды "барацьбы", каб нашыя цудоўныя законы "Аб сацыяльнай ахове інвалідаў" хоць недзе запрацавалі. Дзяўчаты прыехалі ўсе маладыя, разумныя, прыгожыя. Я глядзела на іх і ўспамінала, як яшчэ ...наццаць год таму галоўным для нас было выцягнуць людзей з сваіх кватэр на рэдкія сустрэчы інвалідаў ці проста з кватэры на двор, да людзей, каб чалавек у вазку перстаў успрымаць сябе "іншародным целам" па-за сценамі свайго дома. Цяпер абмяркоўваюцца зусім іншыя пытанні. Што да дзяўчат, яны таксама іншыя. Прынамсі, у адрозненне ад мяне ў іхнім узросце. Я ўсяго баялася і страшна саромелася сябе самой, нават вусны фарбаваць лічыла непрыстойным, бо не па статусу. Здаецца, ім такое светаадчуванне не знаёмае. І дзякуй Богу.
Але гэта ўжо лірыка. Насамрэч дзьве гадзіны сустрэчы праляцелі вельмі хутка. Ліст падпісала, старых знаёмых пабачыла і пачула, з новымі пазнаёмілася, пагутарыла і ўжо прыкантакцілася, кавалак піцы з'ела, даведалася, што ў новых тралейбусах ёсць прыстасаванне для заезду ў іх калясак (карысная інфармацыя) і развіталася з усімі да новых сустрэч.
З кавярні мы з дзецьмі трапілі на прагляд трэцяга Мадагаскара ў 3д фармаце. Я толькі хацела даведацца ці можна мне трапіць у кінатэатр "Таварш" без анiякай дапамогі. Трапіла і завісла там на дзьве гадзіны. Дзеці былі давольныя...
А Ленка ўсё спіць, не варушыцца і нават маё клацанне па клавіятуры ёй не перашкаджае. Усё, спыняюся, хай спіць.
маст.
Галина Чувиляева