Aug 01, 2010 14:13
Калі я вучылася ў школе, мне здавалася, што ўсе веды, якія я нібыта назапашваю, ліюцца, бы вада ў мех, пакідаючы па сябе хіба мокры сьлед на тканіне. Але калі надышоў час іспытаў, выявілася, што ўсё-ж аналёгія была памылковая. Потым я пайшла ва ўнівэр. Калі-нікалі мяне ахінала хваля адчаю з тае-ж прычыны, бо зноўку здавалася немажліва стварыць нейкую сыстэму ў кожнай галіне назапашвальных ведаў. Але я заўжды сьпяшаюся - хочацца тут і адразу! А як высьветлілася пазьней, нутрашнія працэсы паскорыць вельмі складана й вельмі цяжка. Пагатоў старыя звычкі не пушчаюць, пакуь ня ўцяміш, аб якія зачыненыя дзьверы дзяўбесься. Пагатоў падсьвядомасьць не падманіш, яна так моцна ўплывае на адбор інфармацыі, успрыманьне сытуацыі й людзей - нішто ня зробіш. Дык і ня трэба. Жыцьцё паказала: нутрашні голас заўсёды мае рацыю - трэба рабіць, як кажа.
Мінула шмат гадоў, а толькі зараз я адчула, што амаль пазбавілася наступстваў некаторых моцных стрэсаў у дзяцінстве - рэч важкая, бо разьвязаць такія праблемы надзвычай няпроста. Але плён намаганьняў ужо відаць!
Ня ведаю, ці добра мець прыдзірлівы й патрабавальны пагляд на сябе, на жыцьцё? Можа, у нейкім сэнсе й добра, калі гэта не занадта, але ўжо не занадта. Апошнім часам я ўсё-ж падыходжу да высновы, што наймацнейшае слова з усіх вядомых - "так". Гэта філязофія жыцьця.
Калі ўявіць жыцьцё морам, а чалавека - чоўнам на гэтым моры, тады аналёгія робіцца відавочная. Кажы ўсім цяжкім сытуацыям "так" - яны зробяцца прасьцейшымі, прынамсі адразу зьявяцца новыя падыходы, эфэктоўныя разьвязкі. Але й адмовіць можна з дапамогай "так", стварыўшы станоўчую сытуацыю.
Дагэтуль я даволі закрытая асоба, калі казаць пра зносіны зь людзьмі, пагатоў зь незнаёмымі. Прыгадала выпадак, калі пазнаёміліся з расейцамі (суджанцы гадоў на 15 старэйшыя за нас). Як мне было брыдка сядзець побач зь імі, бо мяне літаральна ванітавала ад падыходу да жыцьця "усё мае быць, як мы жадаем", то бок прырода не адпавядае іхным жаданьням, людзі вакол - таксама... А шчэ дадаць розныя махлярскія філязофіі, якія заўжды спэкулююць чалавецкімі пачуцьцямі, якімі тыя людзі захапляліся... Вось гэтага я трываць не магу. Гэткі падыход да жыцьця ёсьць хібны. Я імкнуся да людзей, якія маюць лёгкае сэрца. "Так, я сустрэнуся з вамі іншым разам, зараз маю тэрміновыя справы..." - цудоўны адказ, а там жыцьцё завіруе й сустрэча не адбудзецца. Галоўнае ставіцца да гэтага, трымаючыся напагатове да мажлівай сустрэчы. Калі адпружана ставіцца, тады звычайна ўсё йдзе лёгка.
"Так" і нутрашняя адпружанасьць набліжае мары й жаданьня да ўжыцьцяўленьня, бо робіць чалавека гатовым да таго. Нешта я азірнулася на мінуласьць і сьціснулася ад таго, што ўбачыла іншым паглядам. Але цяперашнасьць - гэта пачатак жыцьця почасту з чыстага аркуша. Гэта мажліва. Таму й пачала ўводзіць у жыцьцё "так". Старыя звычкі, як заўжды, гальмуюць працэс, але пакрысе ён рушыў наперад!
А таксама я заўважыла, як моцна ўплывае мой настрой на атачэньне! Давялося адразу-ж узяцца й за гэта. Але насамрэч трэба проста навучыцца прымаць дадзены момант: "Гэтак - дык добра, дык кажу сытуацыі "так". Зараз памяркую, як лепш зрабіць..." Вынікі рэальных спробаў далі свой плён, нават зьдзівілі мяне...
разважаньні ўголас,
думкі