яйкі

Aug 08, 2010 17:35



Яйкі: халестэрольная бомба ці скарбонка здароўя



www.harbor.ru/articles/article.php

Навошта бясплённа спрачацца па пытаньні “што было раней - курка ці яйка?”, я прапаную перанесьці гэтую спрэчку на іншы плаз і высьветліць, што ёсьць пажыўнейшае: курка ці яйка? Мяса куркі пажыўнае без сумневу, бо гэты прадукт дыетычны й лёгка стравуецца. А вось яйка...

Доўгі час лекары й дыетолягі ставіліся да яго даволі скептычна й раілі есьці 2-3 яйкі ў тыдзень, ня больш. Халестэроль - важкі складнік яйка, таму шмат тых, хто пільнуецца здаровага ладу жыцьця, ставяцца да яйка зь перасьцярогаю. І зараз нехта мянуе куркавае яйка халестэролявай бомбай. Але парады Амэрыканскага Хаўрусу кардыёлягаў, абгрунтаваныя навуковымі досьледамі, аматары амлетаў і яечняў успрынялі як гімн перамогі: халестэроль, які ёсьць у яйку, ня шкодзіць арганізму; есьці адно яйка на дзень ня толькі можна, але й пажыўна.

Выявілася: яйка - скарбонка пажыўных рэчаў.

Вітамін Е, які ёсьць у куркавым яйку, узмацняе сэрца й судзіны, а таксама мае супроцьпухлінавыя ўласьцівасьці. Яйкавы вітамін D аптымальна спалучаецца з фосфарам, што станоўча дзеіць на косткавую тканку й зубы. У складзе яйкавага жаўтку - унікальнае рэчыва лютэін. Гэта наймацнейшы супроцьаксыдант. Апроч усяго, гэтае рэчыва мае сеткавіца вока, таму спажываньне яйкаў - цудоўная прафіляктыка праблемаў зроку, у прыватнасьці - катаракты. Яйка - незаменны прадукт для цяжарнае кабеты. Ён мае халін і лецытын, патрэбныя для здаровага разьвіцьця мазгоў плоду. Гэтыя рэчы таксама патрэбныя арганізму для утылізаваньня тлушчу й слыннага халестэролю. Гэткую ўласьцівасьць трэба браць пад увагу ўсім, хто жадае схуднець.

А ці заўважылі вы, што навукоўцы, дасьледуючы бялковы склад якога-кольвек прадукту, заўсёды параўноўваюць яго з бялковым складам яйка? Запраўды, гэта адмысловы ўзор, бо куркавае яйка мае ўсе амінакісьлі, патрэбныя чалавеку ў аптымальных прапорцыях. Да таго-ж яйка ёсьць некалёрыйны прадукт. Калі вядзецца пра вартасьці яйка, трэба прыгадаць, што яго ўжываюць таксама ў касмэталёгіі. Яйка ахоўвае валосьсе, жывіць скуру, змагаецца з кашутай і зморшчынамі. Вось колькі простых рэцэптаў тым, хто жадае адчуць ператваральную ўласьцівасьць куркавага яйка.

Маска для валосься: 2 жаўткі зьмяшаць з сокам паловы цытроніка. Дадць колькі кропляў дзядковага (Agrimonia Eupatoria L) алею. Нанесьці на валосьсе й змыць праз 30 хв. Гэткая маска дапамагае перамагчы кашуту, узмацняе валосьсе.

Маскі для твару:

-         для сухой скуры: яйкавы жаўток расьцерці зь сьмятанаю (1 вялікая лыжка). Мешаніну нанесьці на скуру й патрымаць 15-20 хв.

-         пажыўная маска для якой-кольвек скуры: на твар і шыю нанесьці танюткім пластом алей, потым нашмараваць узьбітым яйкам. Калі падсохне, нанесьці наступны яйкавы пласт. Паўтараць да 3 разоў.

Пра вартасьці яйка й яго пажыўнасьць можна казаць бясконца й захоплена, але ці ведаеце вы, што заслугоўвае на ўвагу й яго лушпіна - унікальная крыніца натуральнага вапню. Лушпіну гатаванага ўсьмятку яйка трэба здрабіць у маджыры ці ў млынку, атрыманы пыл дадаваць у звычайныя стравы. Гэта цудоўная прафіляктыка дзіцячай кастагрызі, дарослага остэапарозу. Да таго-ж здробненая лушпіна пазбаўляе пякоткі.

Такім парадкая, як ні круці, а яйка - прадукт варты й незвычайны знутра й звонку. Нездарма 50 краінаў сьвету кожную другую пятніцу кастрычніка сьвяткуюць Сусьветны дзень яйка. Падтрымайма гэтае сьвята й ушануйма наш улюбёны прадукт! Дык што-ж было раней - курка ці яйка - гэта ня ёсьць важна. Галоўнае - і адно й другое смачнае й пажыўнае!

Аўтар: Сьніткова Наталія
www.harbor.ru/articles/article.php

Перакладнік: maryna_kvietka

пераклады

Previous post Next post
Up