“НЯВАРТА”: РУСАЛКІ ЯК СУЧАСНЫЯ ФЕМІНІСТКІ, АБО ШТО (НЕ)ТАК З СЁЛЕТНІМІ НАМІНАНТАМІ ПРЭМІІ “ДЭБЮТ”

Mar 27, 2018 21:00

У апошнія месяцы рукі свярбяць затроліць літаратара, перакладчыка і прамоўтара культуры і літаратуры Яна Максімюка. Рэч у тым, што літаратар, перакладчык і прамоўтар культуры і літаратуры Ян Максымюк надта ўжо стаў актыўнічаць у віртуальнай прасторы, у выніку чаго стварыў (напару з Сяргеем Шупам) сайт сваіх любімых тэкстаў, а ў дадатак - суполку ў ФБ пад назвай “Толькі пра літаратуру”. Ценявы рэсурс беларускай службы “Радыё Свабода”, суполка “Толькі пра літаратуру” - гэта, па сумяшчальніцтве, прыватны дзённік Яна Максымюка. Там ён посціць свае погляды на літаратуру, у тым ліку (і тады мы ўсе прачынаемся) на беларускую. У сваёй суполцы ён паквапіўся на святое: забараняе беларускім паэтам публікаваць свае пранікнёныя вершы, заяўляючы, што дапушчальныя “толькі рэфлексыі” і “толькі пра літаратуру”.

Каб выправіць баланс дабра і зла (на карысць, вядома ж, зла), калі не ў свеце, то хаця б у беларускім ФБ, перад новым годам я сур’ёзна намервалася стварыць суполку “Толькі не пра літаратуру”, дадаўшы туды ўсіх беларускіх літаратараў усіх пакаленняў і светапоглядаў, але жэстачайшэ забараніўшы ім абмяркоўваць творчыя пытанні. Заставалася толькі знайсці віртуальных санітараў, каб выносілі віртуальныя трупы.

Грыпы ды іншыя зімовыя трасцы згасілі мой імпэт. Але вось вясна - і жаданне затроліць Яна Максымюка адрадзілася з новай сілай.

Аднойчы я спрабавала прыстроіць у перадачу РС “Варта”, за якую адказвае Ян Максымюк, разгромную рэцэнзію на адну кнігу. І тады Ян Максымюк сказаў, што раней яны апублікавалі адну разгромную рэцэнзію, і іх замучыла аддача, таму цяпер яны публікуюць толькі кампліментарныя тэксты. Інакш хуле тады рубрыка называецца “Варта”?

(Слова “хуле” няма ў падляшскім варыянце беларускай мовы, але сэнс быў прыкладна гэткім).

Менавіта таму я вырашыла адпаўзці агародамі ў свой паўзакінуты ЖЖ і адкрыць уласную рубрыку, назваўшы яе, вядома ж, “Няварта”.

Тут я буду змяшчаць тэксты, прачытанне якіх пазбавіць вас неабходнасці чытаць кнігі, якія ўжо прачытала я.


Гэткім чынам вы зможаце ашчадзіць пэўныя сумы грошай. Смела выдаткоўвайце іх на выданні кніжнай серыі “Амерыканка”. Гэта раман Кена Кізі “Палёт над гняздом зязюлі”, раман Чака Паланюка “Байцоўскі клуб”, раман Маргарэт Этвуд “Пенелапіяда”. У перспектыве - друк раману “Чытво” Чарлза Букоўскі. Калі вы нешта прапусцілі, то гэта праект, на які я цягам апошняга году паклала шмат сілаў, часу, нерваў і квадратных сантыметраў пячонкі. Так што яго я лічу безумоўна вартым усеагульнай увагі.

Мы збіралі на яго грошы, але ўжо позна. Затое перакладныя кнігі з’яўляюцца і выходзяць у адкрыты продаж. І гэта цудоўна.

Дарэчы, Ян Максымюк лічыць, што нам няварта было перакладаць гэтыя творы, бо яны ўжо ёсць па-расійску. І гэта яшчэ адна нагода затроліць Яна Максымюка.

А цяпер, уласна, да дэбютнай тэмы сённяшняй рубрыкі.

Ёй не маглі не зрабіцца кнігі, што ўдзельнічалі ў прэміі “Дэбют”, ганараванне пераможцаў якой завяршаецца ў менскім клубе “Грай” у хвіліны, калі ЖЖ-бот выстаўляе онлайн гэты мой тэкст. Арганізатары зрабілі так, каб я прачытала ўсе гэтыя кнігі: яны запрасілі мяне ў журы. 27 сакавіка абет маўчання нарэшце зняты, і мне не трэба больш трымаць гэтага ў сабе.

Хто перамог, я тут пісаць не буду. Пра гэта яўна ўжо напісана ў рубрыцы “Варта” Яна Максымюка. Ну і ўвогуле. Наведвайце літаратурныя імпрэзы.

Вашай увазе  - агляд намінацыі “Проза”, якая сёлета ўдалася як ніколі насычаная. Усе кнігі даступныя ў кнігарнях, але…. Ну, вы зразумелі.

Кнігі дэбютантаў разглядаюцца ў алфавітным парадку імёнаў аўтараў.

Аліна Длатоўская. Ген зямлі. - Мінск: Кнігазбор

Чытанне “Гену зямлі” падобнае да спажывання стравы малекулярнай кухні. Нібыта перад табой нешта новае і нечаканае, але на смак гелепадобная маса аказваецца цалкам знаёмым і звыклым прадуктам. Прынамсі, у “Гене зямлі” пазнаеш калізіі адначасова ўсіх вядомых антыўтопіяў. Тут “451” Рэя Брэдбэры і “1984” Джорджа Оруэла, тут “Мова” Віктара Марціновіча з усімі адразу кнігамі Юрыя Станкевіча. (Чаму няварта чытаць некаторыя раманы Станкевіча, я тлумачыла раней у гэтым блогу).



Страва малекулярнай кухні
Свет падзелены на пару-тройку звышдзяржаваў, на сутыку якіх целяпаецца нешта, у чым мы беспамылкова пазнаем Беларусь, але, ясна, не Беларусь антыўтапічнай будучыні, няхай нават і недалёкай, а нашу, цяперашнюю, проста некаторыя фарбы крыху больш згушчаныя, як макіяж сціплай зазвычай школьніцы ў дзень дыскатэкі. І называецца наша Беларусь паўночна-заходнім там нейкім нечым (ляніва адкрываць тэкст, але нешта такое). Спецназ (персанажы размаўляюць па-расійску) пляжыць групоўкі нешматлікіх патрыётаў, заражаных тым, што аўтарка метафарычна называе “ген зямлі”.

У прынцыпе, ніводзін з вышэйпералічаных класікаў ці сучаснікаў не запатэнтаваў антыўтопіі, а ў беларускіх умовах сам Бог казаў пісьменнікам нацягваць гэты жанр на нашы сацыяльна-гістарычныя рэаліі. І пагатоў такое, відаць, цалкам прымальна рабіць, калі ты вучышся ў Школе маладога пісьменніка СБП і табе сказалі, што цябе не выпусцяць адтуль, пакуль ты не здасі кнігу. Як гаварылі ў адным амерыканскім фільме, ёсць толькі адзін час і адно месца, калі чалавеку дазволена тварыць бясчынствы, і гэтыя час і месца - коледж.

То бок, па “Гене зямлі” добра відаць, што гэта дыпломная праца. Абароненая на выдатна, з прыцэлам на кандыдацкую, але пакуль што накідава-схематычная. Бачна таксама, што дыпломніца захопленая тэмай і ўклала ў вучобу ўсю душу. Прынамсі, запазычаныя ў папярэднікаў шаблоны напоўненыя праблемамі і тэмамі, якія ёй сапраўды абыходзяць: канфлікт бацькоў і дзяцей (усе патрыёты - веку старэйшых школьнікаў або студэнтаў), развагі над тым, чаму адных чапае “зараза” беларушчыны, а іншых - не, і іншы набор аксіялогіі маладой асобы, якая жыве тут і цяпер. Таму чытаць кнігу прынамсі цікава, а гэта ўжо вялікае дасягненне, як для белліту.

Кніга мае адкрыты фінал, а ў ім - намёк на працяг, але паходу, атрымалася антыўтопія, дзе нашы калі не перамагаюць, то маюць усе шанцы на перамогу. На месцы выкладчыкаў я б зрабіла заўвагу.

Зараслава Камінская. Русалкі клічуць. - Мінск: Кнігазбор

Выпускную працу вучаніцы Школы маладога пісьменніка Зараславы Камінскай можна граміць пастаронкава. Чым, у прынцыпе і займаецца палова з таго дзясятку людзей, якія напісалі водгукі на гэтую кнігу ў фэйсбуку. Удумайцеся ў гэтую лічбу. Дзясятак. Водгукаў. На кнігу. Дэбютанткі. Выдавец Генадзь Вінярскі з “Кнігазбору” хваліцца ў тым жа фэйсбуку, што раман “Русалкі клічуць” вельмі добра прадаецца ў кнігарнях. Пры тым што, паўтаруся, гэта таксама студэнцкая праца па выніках курсаў творчага пісьма.

Найбольш шчыруе, пляжачы Камінскую, паэт і гісторык Антон Рудак  Але, зразумела, не таму, што паэт (які так і не атрымаў свайго “Дэбюту”, а ў Камінскай, трэба думаць, усе шанцы), а таму што гісторык.

Чамусьці напісанае Камінскай  ўспрымаецца некаторымі чытачамі як гістарычны раман. Адпаведна, кепскі гістарычны раман, таму што калі вымяраць гэтым жанрам, то кніга сапраўды далёкая ад дасканаласці. Напрыклад, відавочна, што пісьменніца ніколі не бывала на Случчыне, дзе разгортваюцца асноўныя падзеі твору. Я тут сур’ёзна каплю грошы, каб на тры дні паехаць у Рым, бо ў мяне там адбываюцца падзеі паловы раздзелу падлеткавага раману, які я дапісваю, таму такая тактыка Камінскай мне няблізкая і незразумелая. Разам з тым я не магу пагадзіцца з закідам Рудака, што тут неяк схематычна і неналежна паказаная Алена Кіш, што аўтарка не скарысталася магчымасцю змясціць у тэксце белетрызаваную манаграфію мастачкі, каб папулярызаваць гэтую асобу (і наагул нашых народных мастакоў) сярод моладзі.

(Халера, а самі вы яшчэ дзесяць гадоў таму што ведалі пра Кіш? Ды ніфіга ня ведалі, а цяпер з месца - у кар’ер прапаганды. Вось гэта мне таксама няблізка і незразумела).



Маляваны дыван Алены Кіш
Маўляў, якога хера, пытаецца Рудак, пісаць пра яе бясслаўныя апошнія гады і смерць у 1940-я, пасля вайны, калі нічога цікавага з гледзішча гісторыі не адбывалася, чаму не перанесці дзеянне ў 1920-я, калі ў Грозаве быў увесь жыр і Слуцкі збройны чын?

І самае галоўнае пытанне, якое задае Рудак - нахрана называць адмоўнага персанажа святым для кожнага адэпта Караткевіча іменем Алесь Загорскі?

На ўсе гэтыя пытанні лёгка знойдуць адказ чытачы, які адамкнуць кнігу правільным ключом. А менавіта, як трапна заўважыў падчас паседжання журы “Дэбюту” Ігар Бабкоў, калі прымуць у разлік, што аўтарка цынічна (у добрым сэнсе гэтага слова) , рацыянальна скарысталася з беларускай гісторыі. Узяла з яе толькі тое, што неабходна ёй для ілюстрацыі сваіх поглядаў.

Так, перад намі - стандартны для “паршывага беларускага рамантызму” тэкст з двума часавымі пластамі і, на першы погляд, рамантычнымі паненкамі, якія шукаюць свайго рыцара з б-ч-б стужкай, што падтрымлівае на галаве зблытаныя з мокрай травой бландзіністыя доўгія валасы. Але беручы гэтыя схемы ва Ўладзіміра Караткевіча і Людмілы Рублеўскай, Камінская напаўняе іх сваімі ідэямі, абсалютна сучаснымі і адпаведнымі яе ўласным каштоўнасцям, праблемам, якія займаюць менавіта яе, Зараславу, і цяперашняму часу (нагадаю, што на дварэ ў нас 2018 год).

Па-мойму, абсалютна відавочна, чаму дзеянне “гістарычнай” часткі раману адбываецца адразу пасля вайны. Гэта таксама ключавы момант беларускай гісторыі, але не “мужчынскай гісторыі” Антона Рудака, а “жаночай гісторыі” Наталлі Сліж. Вайна вынішчыла мужчынскае насельніцтва Беларусі, таму ўдала выйсці замуж пасля вайны для беларускі было яшчэ тым квэстам. Дзеля такога ня грэх і да знахаркі звярнуцца, і русалак прыцягнуць на дапамогу... А рэха гэтага гендэрнага дэфіцыту чуваць і цяпер, у ХХІ стагоддзі - менавіта таму сучасным паненкам даводзіцца хоцькі-няхоцькі мець справу з тымі мудакамі, у якіх вырадзіліся караткевічавы алесі загорскія. Неяк так.

Дарэчы, прыйшла ў галаву думка, не звязаная з раманам “Русалкі клічуць”, але натхнёная ім. Міфалагічныя беларускія русалкі - яны як сучасныя феміністкі. Няясная хтонь з нетраў возера, якую ніхто не бачыў, але ўсе баяцца і пужаюць ёю маленькіх дачок. Нагадаю, што русалкі - гэта незамужнія дзяўчаты, якія патапіліся ў возеры праз няшчаснае каханне (чытай - зазналі паразу на шлюбным фронце, не вытрымаўшы канкурэнцыі з сапраўднымі, гожымі духам і целам, гатовымі служыць Свайму Мужчыну жанчынамі, якія за свае цноты атрымалі шчаслівае замужжа, нарадзілі дзяцей і цяпер свята перакананыя, што фемінсткамі… прабачце, русалкамі, робяцца тыя страхалюдзіны, якім мужука не хапіла).

У рамане “Русалкі клічуць” вельмі шмат прыгожых пісьменніцкіх фінціфлюшак і смачных разынак, якія мой калега па журы “Дэбюту” МІхал Бараноўскі іранічна назваў “ізюмам”, даводзячы, што гэта вучнёўскія прыёмы, запазычаныя з майстар-класаў. На думку Бараноўскага, яны замінаюць спакушанаму аматару літаратуры чытаць гэтую кнігу. Тут я з ім пагаджуся - белыя ніткі вельмі заўважныя. Аднак, магчыма, менавіта гэтыя перасалоджаныя прыёмы робяць кнігу адметнай і яўна спадабаюцца чытачу неспакушанаму. Напрыклад, гераіня з “нашага часу” - Ліза - здольная на большае, але фатальна расчаравалася ў журналістыцы таго фармату, які навязваюць моладзі на журфаку БДУ, і таму працуе манікюршай - малюе жанчынам кветачкі на гелевых пазногцях. Хоць яе страшна гняце такі занятак. Чым не сучасная Алена Кіш?

Зміцер Кустоўскі. Прытулак. - Мінск: Галіяфы

Журналіст “Белсату” Зміцер Кустоўскі зрабіў выдатны буктрэйлер для сваёй дэбютнай кнігі. Але, у прынцыпе, калі вы абмяжуецеся яго праглядам, вы мала што страціце:

image Click to view


Буктрэйлер да кнігі "Прытулак"

Не магу сказаць, што кніга кепска напісаная. Напісаная яна добра. Заўважная сумленная праца рэдактаркі Вольгі Гапеевай (чыя стылістычная праўка, дарэчы, пратачылася ў выдадзеную кнігу). У нейкі момант я нават уцягнулася ў падзеі твору, апісаныя яскрава, рэалістычна, з поўным эфектам прысутнасці. Але я не дачытала б кнігі, калі б не абавязкі сяброўкі журы “Дэбюту”.

Напэўна, гэта звязана з маім даўнім і непарушным перакананнем, маўляў чалавек, навучаны журналістыцы, ніколі не стане добрым пісьменнікам. Ёсць, канешне, выключэнні і свядомыя гульні на гэтым полі - напрыклад, эпахальны “Кампраміс” Сяргея Даўлатава, прачытаўшы які я калісьці прыняла адно з нямногіх у сваім жыцці мудрых рашэнняў не паступаць на журфак. У “Кампрамісе” або ў іншым сваім творы, ужо не згадаю, Даўлатаў піша, што калі ён стварае журналістыку і мастацкую прозу, у яго працуюць два адрозныя сегменты мозгу. Даўлатавафагам вядома, як пісьменнік пасля гадоў працы ў газеце пераломваў сябе аб калена, каб выкшталтаваць уласны літаратурны стыль.
Між тым многія журналісты, якія бяруцца за фікшн, чамусьці лічаць, што мастацкая літаратура - гэта калі ты проста змесціш у кнізе ўсё тое, чаго табе не дазволіць апублікаваць на працы рэдактар або закон аб СМІ Рэспублікі Беларусь. Так, герой “Прытулку” ў фінале твора здзяйсняе тэрарыстычны напад на Амбасаду РБ у Варшаве - гэта тыповы wishful thinking беларускага змагара, ускрай маляўніча апісаны сродкамі публіцыстыкі так, нібыта падзея сапраўды мела месца. Але… Ну знаеце…

Зміцер Кустоўскі стварыў абсалютна складны і дабротны тэкст, але ў ім няма таго стрыжня, які закручвае аповед у спіраль ДНК, каб зрабіць яго па-сапраўднаму літаратурным творам. Апроч таго, як мне здалося, падтрымаўшы гэты тэкст як сябра журы “Дэбюту”, я ўхваліла б гвалтоўныя метады супраціву. Няхай на злачынства героя і натхнілі рэўнасць ды няшчаснае каханне (да лаааадна).

Падзеяў, якія адбываюцца з героем кнігі, хапіла б на дзесяць персанажаў. Магчыма, яны і адбыліся ў рэчаіснасці з дзесяццю рознымі людзьмі, і аўтар проста па-майстэрску зляпіў усе разрозненыя здарэнні ў адну гісторыю. Пры гэтым сам герой кнігі (як яго, халера, звалі? Алег? Не запомніла) застаецца бляклым і амёбаморфным. Магчыма, аўтарскай задумай было паказаць менавіта такога размазанага ў прасторы і часе ўцекача-каліноўца без мэты ў жыцці, думак, ідэяў, кіраванага нейкімі прымітыўнымі інстынктамі. Хлопец едзе ў Марсэль, каб прывезці адтуль цяжкі пакет цяжкага наркотыку і зарабіць грошы на лекаванне цяжка хворай сястрычкі (да лааадна-2). “Хворая сястрычка” фігуруе ў тэксце гэткім жа адмазам, якім здаюцца часам абстрактныя “дзеці-інваліды” ў дабрачынных акцыях селебрыці. Прычым герой пагаджаецца перці ношку з Марсэлю і праз усю Еўропу, бо яму сказалі, што там гашыш (да лааадна-3). Гашыш, значыць, норм, а гераін або какаін - аяяй? І толькі дзеля хворай сястрычкі? Так, нібыта беларускі ультрас з бел-чырвона-белымі сантыментамі не можа пагадзіцца быць наркакур’ерам проста так, без нейкіх абгрунтаваных кансерватыўнай мараллю абставінаў.
Раман “Прытулак” - добрая ілюстрацыя таго, што праўда жыцця не заўсёды праўдападобная. Хочацца параіць аўтару пагугліць тэрмін “мастацкая праўда” і падчас працы над наступнай кнігай паспрабаваць уключыць нейкі іншы, адрозны ад “белсатаўскага” сегмент мозгу.
Іван Стома. Па жывых сьлядах даўно памерлых продкаў. - Полацак: Выдавецкая ініцыятыва "Полацкае ляда"

У прадмове напісана, што на кнігу аўтара “раскруціў” Алесь Аркуш, а ў выходных дадзеных - што яе рэдагавала Людміла Шчэрба. Абодвум хочацца падзякаваць - атрымалася ў цэлым неблагое чытво. Гэта нататкі чорнага капача - абсалютна звыклая постаць для баранаванай войнамі Беларусі, амбівалентная па сваёй сутнасці. Але тэма чорнага капальніцтва ў нашай  літаратуры раней шырока не ўздымалася, таму можна лічыць матэрыял экзатычным. Я крыху займалася археалогіяй і ведаю пра закалоты чорных капачоў з навукоўцамі з аднаго боку і з міліцыяй - з іншага. Іван Стома выдаў гэткі маналог новага Робін Гуда - ты бачыш у яго занятку нейкую місію, сэнс - і прымаеш аўтара такім, якім ён ёсць.

Аматарскай археалогіяй Стома займаецца з дзяцінства, таму ягоная кніга прасякнутая крыху наіўным, але па-свойму кранальным апломбам, уласцівым вундэркіндам.

Напрыканцы кнігі 25-гадовы малчэл, праўда, выкладае свае погляды на сучасную палітычную сітуацыю і робіць нейкія закіды апазіцыянерам 1990-х. У мяне да іх таксама шмат пытанняў, але я не ведаю, хто такія я або Іван, каб нешта ім закідваць. Фінал кнігі гучыць максімалістычна і псуе ўражанне ад па-свойму абаяльнай асноўнай часткі нарацыі.

Максім Кутузаў. Князь-ваўкалак. - Мінск: Галіяфы

“Князь-ваўкалак” - гэта набор літар у добрай паліграфіі, таму можа скласціся ілюзія, што перад вамі вартая кніга. Гэта зусім не так, і я вельмі сур’ёзна засцерагаю ад  гэтага твору. З анатацыі мы дазнаемся, што Максім Кутузаў - усебакова развіты малады чалавек, які вучыцца на хімфаку і грае на снукеры. Але пісьменніцтва, на жаль, да ягоных талентаў не належыць.

Толькі прыйшоўшы на адно з паседжанняў журы “Дэбюту”, я са здзіўленнем даведалася, што сумбур, які я змушаная была прачытаць - гэта, аказваецца, беларускае фэнтэзі. Ну, тады гэта беларускае фэнтэзі, дзе ў якасці альтэрнатыўнага сусвету выступаюць афіцыйныя школьныя падручнікі па гісторыі Беларусі. Прычым усе параграфы адначасова. Глыбей за школьную праграму ў краінах і эпохах, якія апісвае, аўтар не абазнаны. Разбежка ў рэаліях - ад 11 да 16 стагоддзя. Псіхалагізму ў тэксце нуль. Галоўны герой расце без маці і бацькі, пра якіх ня ведае, ці жывыя яны, але ўсё, пра што ён думае, як бы выя.аць чарговую бабу.

Пра аўтара можна з пэўнасцю сказаць дзве рэчы: ён здзейсніў турыстычную паездку ў Прагу і ЖМЖ - адна з ягоных асноўных сэксуальных фантазій. Мой муж глядзеў “Гульню тронаў”, а я спрабавала падглядаць праз плячо. “Гульня тронаў” -  поўная хрэнь. “Князь-ваўкалак” - нешта ў такім духу, але ў тысячу, у мільён разоў горш зробленае.

Пры тым, што я нікому не рэкамендую чытаць гэтай кнігі, ёсць адна рэч, за якую яе можна пахваліць. У кнізе даволі лагічная, уцямная і поўная нечаканых закалотаў сюжэтная канва, якой часта (ды ладна часта - заўсёды) бракуе нашым майстрам прозы. Трэба спадзявацца, прынамсі маладое пакаленне, выхаванае на серыяльнай культуры, у будучыні пракачае белліт хоць нейкімі арыгінальнымі калізіямі.

Ніна Лістота. Каханні. - Мінск: Кнігазбор

Уся кніга адным сказам:

"Я захрумсцела надзвычай апетытным курыным крылцам, замарынаваным у мёдзе, і зноў задумалася".



Апетытныя курыныя крылцы, замарынаваныя ў мёдзе.
Калегі адгаворвалі мяне пляжыць дэбютную кнігу Ніны Лістоты. Маўляў, маладая яшчэ, падрасце-пасталее, асвойтаецца ды навучыцца. Трэба даць шанец. Я пярэчыла, што некалі мы доўга і ўпарта давалі шанец Асі Паплаўскай - гэта скончылася лакальнай гуманітарнай катастрофай. Пакуль мы спрачаліся, кола замкнулася. Ніна Лістота пад сапраўдным прозвішчам надрукавала ў “Звяздзе” мядова-захопленае інтэрв’ю з Асяй Паплаўскай, чым развязала мне рукі. Можна паспрабаваць навучыць дзяўчыну пісаць, нават калі гэта выпускніца журфаку. Развіць інтэлект, густ і крытычнае мысленне, калі гэтага не адбылося ў звычайнай, а не пісьменніцкай школе, бадай, ужо немагчыма.

Так, Лістота - гэта творчы псеўданім. І ён многае тлумачыць.

Наста Грышчук напісала слушную, але, як на мяне, занадта мяккую рэцэнзію на кнігу “Каханні” - таксама выпускную працу Школы маладога пісьменніка.

Я скажу так. Арганізатары прэміі “Дэбют” вінныя мне некалькі галонаў малака за  шкоду, якую я атрымала, бо была змушаная прачытаць гэта ад першай да апошняй старонкі. У звычайных умовах я стараюся не выходзіць з зоны камфорту так надоўга. Гэта як калі табе ў міжгароднім транспарце трапіўся трындзючы сусед з куфарам гісторый і ты не можаш перасесці, а змушаная слухаць усю гэтую праўду пра жыццё, хто каго любіў, а каго забіў у яго на раёне. Самая галоўная праблема ў выніку - як гэта ўсё потым расслухаць.

Але ладна б Ніна Лістота проста запісала ў ванільна-плюшавым стылі 20 гісторый кахання ад выпадковых ці не вельмі суразмоўцаў. Яна яшчэ дае свае АЦЭНКІ таму, што пачула. Так мы дазнаемся, што калі ты робіш усё правільна, жаніх завязе цябе ў Турцыю ў гатэль all inclusive і прапануе замуж на прагулачным цеплаходзіку. А калі ў шлюбе ты не будзеш варыць яму боршч, а працягнеш займацца любімай справай, то гэта значыць, ты эгаістка і яго не кахаеш, і таму ён цябе кіне, а ты сап’ешся.

(Дарэчы, мастачка, якую звольнілі за п’янку, - гэта што за такія пчолы супраць наркотыкаў???)

Самае жахлівае ў кнізе тое, што аўтарка абсалютна не разумее канону дакументальнай прозы (what do they study now in those writing schools???). Яна ўзяла рэальныя гісторыі, але памяняла лакацыі, некаторыя істотныя дэталі і ў дадатак перапісала людзям біяграфіі - пра гэта яна сама расказвае ў інтэрв’ю. Уяўляеце, вы пазналі ў нейкім героі таварыша, але раптам чытаеце, што ў маладосці ён быў наркаманам?

"...гэта ўсё ж такі мастацкі твор, і некаторыя факты я проста дадала. Хачу звярнуцца да чытачоў: калі раптам вы будзеце кагосьці пазнаваць і вас некаторыя моманты здзівяць ці збянтэжаць - лепш удакладніце праўдзівасць эпізоду ў мяне ці ў гэтага чалавека, калі вы яго ведаеце".

І рэмарка: “смяецца”.

Ніна, гэта не смешна. Гэта профнепрыдатна.

Для мяне асабіста кніга скончылася амаль на самым пачатку - на аповедзе, у якім я пазнала сваіх сяброў. Шчаслівая гісторыя кахання і шлюбу двух сімпатычных людзей апісаная так па-ёрніцку гідліва, што ў мяне застаецца толькі адно пытанне да Ніны Лістоты: навошта пісаць брыдоту пра людзей надта інтэлігентных, каб адмовіць вам у публікацыі?

Але гэта рытарычнае пытанне. Можна не адказваць.

Яшчэ адзін трывожны званочак - героі кнігі праз аднаго прыходзяць да Бога. Апроч хіба даволі пазнавальнай дзяячкі культуры, якая ад Бога адвярнулася - пасля згвалтавання на спатканні. Бянтэжыць тое, што ані гераіня аповеду, ані яго аўтарка не ўспрымаюць тое, што адбылося, як гвалт.

Аўтаркі ў кнізе занадта шмат. У мяне даволі складанае стаўленне да Святланы Алексіевіч, але, пачытаўшы кепскую дакументальную прозу, пачынаеш цаніць кнігі-інтэрвію нашай набелісткі. Тое, што там амаль не чуваць аўтаркі, - гэта велічэзная яе, аўтаркі, заслуга. Ніна Лістота каментуе любую банальшчыну, якую запісала, і гэта часам даводзіць да шалу.

Такім чынам, кніга “Каханні” надзвычай маральная. Але абсалютна неэтычная.

Вішанька на торце - апошні аповед кнігі, у якім адзін таксама вельмі пазнавальны дзяяч культуры расказвае, як у ягоным юнацтве яго трахала нейкая старэйшая за яго ракавая жанчына ў вышыванцы і кальчузе, чым прывяла яго да беларушчыны. У нацыянальна-сведамай тусоўцы дзяяч сумна вядомы оргіямі з непаўналетнімі. На апошніх старонках аўтарка кнігі - у студыі дзеяча, у даволі двухсэнсоўных абставінах, чаго сама, здаецца, абсалютна не ўсведамляе. Чытаючы, узносіш хвалу нябёсам за тое, што, мяркуючы па біяграфічных звестках, Ніна Лістота даўно перакрочыла век згоды.

не магу маўчаць, літаратура, няварта, белліт, артыкулы

Previous post Next post
Up