ROK NIEISTNIENIA, АБО HAPPY SILVESTER, HAHAHAHA

Dec 31, 2017 15:29

Трэба ж і ЖЖ усьцешыць вынікамі году. Адзін з найважнейшых - я пераклала чарговы верш Баляслава Лесьмяна. Ён не ўвайшоў у адпаведную кніжачку сэрыі "Паэты плянеты", але я лічу гэта добрым знакам: будзе новая, большая і круцейшая кніга Лесьмяна па-беларуску.

Крыху некрафіляцінкі вам пад ялінку. Хоць мне падабаецца думаць, што гэта верш пра людзей, якія не праяўлялі пачуццяў, калі для гэтага быў час, і вучацца кахаць і быць каханымі, калі ўжо крыху позна. З гэтай думкай я яго і перакладала.

Арыгінал 1912 году.
Фота адсюль

ГОД НЯБЫТУ

"Наперадзе год нябыту, год жудаснага бясквету,
Нібы матылькі, налета вымруць наўкола дзяўчаты.
Я першай чэзну сваволі, мой скон ужо распачаты, -
І ўжо - зірні! - паміраю, і ўжо я чужая сьвету!

Вучыся хацець маю сьмерць, пажадна лашчыць адсуту,
Пустэчу кусаць, якая мроіцца чырваньню вуснаў.
Вер у экстаз маіх ценяў, вер у вачэй каламуту:
Хто сапраўды памірае, толькі і ёсьць спакусным".

Вучыўся кахаць мярцьвячку, пазногцяў сінія пэрлы
Вуснамі браў асьцярожна і долькі павек закрытых,
Ад грудзяў благаў пяшчотаў, як у магіле зарытых,
Яна ж у адказ - нічога, бо надта ж была памерлай.

"Ці прагнеш маіх цалункаў, ці грэешся маім жарам?
Ці муляе мо цямрэча, цісьне мо неіснаваньне?
Дай ведаць, ці адчуваеш, дай смутку майму адхланьне:
Трымці ад маіх любошчаў, калі зазнаеш іх зараз!"

"Чаму ня верыш памерлай? Цудаў я ўжо не баюся,
Здаюся твайму каханню і ў жары тваім згараю,
І прагну тваіх цалункаў - і ўсё марнейшай стаюся,
І прагну тваіх любошчаў - і ўсё мацней паміраю".




А яшчэ мы тут працягваем зьбіраць грошы на кніжную серыю "Амерыканка". Далучайцеся і замаўляйце кнігі. І будзьце жывыя ў 2018-м!

пераклады

Previous post Next post
Up