Дзеля падтрымкі ініцыятывы #янарадзілатут, але збольшага таму, што традыцыйна #немагумаўчаць, я пачала акумуляваць уражаньні ад некалькіх шпіталізацый у гінекалёгіі з дапамогай паэзіі. У прозе я ўжо не даю рады. Буду паціху складаваць цыкль у гэтым запісе.
Пісаць гэтыя вершы я пачала, калі перачытала свой матэрыял дзевяцігадовай даўніны і вырашыла надрукаваць яго ў "Новым часе":
Паляжаць «па-жаночаму», або Пяць дзён з жыцця аддзялення гінекалогіі Лішне казаць, што ўсе супадзеньні...
НАСЬЦЯ
Ачуньвае ад анэстэзіі, рыдае ў падушку:
- Нацысты!
Сказалі, я сама вінаватая, што ў першы раз кепска пачысьцілі.
"Чаму вы не папярэдзілі, калі вас прывезьлі,
што ў вас двухрогая матка?"
А я ім: "Таму што я бухгалтар, а не гінеколаг!!!"
Адкуль мне ведаць, якая ў мяне матка?
Я нараджала - мне нічога не сказалі.
І зараз на ўлік ставілі - нічога не гаварылі.
Чаму мне не гаварылі, раз гэта так важна?
Двухрогая - гэта як? Гэта праўда так страшна?
Можа, яно і замёрла там, таму што - двухрогая?..
Адкуль жа мне ведаць, што маткі бываюць, як козы?
- Анастасія, ты адыйшла ад наркозу?
- Юлія Мікалаеўна! Ён памёр праз матку?
Але я ж ужо маю дзіця!
Я заўсёды была здаровая, ніякай нават ангіны...
- Нармальныя цяжарнасьці, Насьця, не вывальваюцца з вагіны.
- Юлія Мікалаеўна!
Юлія Мікалаеўна!
Ю-лі-я Мі-ка-ла-еў-на-а-а-а-а...
- Не чапай доктара. Яна сёння зрабіла тры чысткі. І вось зараз прывезлі чацьвёртую. Прымусовы аборт калясачніцы на дваццатым тыдні. Думаеш, лёгка такое рабіць? У каторай руцэ катэтар? Усё вы ў сваіх тэлефонах. Пракапае - крыкнеш на калідор. Вазьмі на ўсялякі ватку.
Насьця ляжыць пад кропельніцай.
Гугліць двухрогую матку.
ІРА
- Сьпіраль урасла, і пад ёй нарасла кіста.
Каб цяжарыць праз год, трэба зараз дастаць.
Потым яшчэ праверыцца і падлячыцца.
Ведаеш, я ўмудрылася пра яе забыцца.
Мы зь Лёшам не плянавалі дзяцей.
Дакладней, плянавалі, але не адразу.
Дакладней, мы не пасьпелі абмеркаваць зь ім гэтага.
Яго разрэзалі і зашылі: неапэрабельна, чацьвёртая стадыя.
Пасьля яго я так толкам ні з кім і ня спала.
Затое паезьдзіла - ад Салаўкоў да Нэпалу.
Лёшу было трыццаць пяць. Адкуль што бярэцца...
А цяпер ёсьць магчымасьць выйсьці замуж у Грэцыю.
Там гарачыя чаты і падарункі ракою.
Але ў той жа час культ фэртыльнасьці, ну - такое.
Вядома, я і сама ўжо хачу нарадзіць.
Ды й грэк там нармальны: грамадзянства, грошы...
Сьпіраль - гэта ўсё, што мне засталося ад Лёшы.
ЛІДЗІЯ ІВАНАЎНА
- Фалікулы не высьпяваюць, у гэтым была прычына.
Ну, каб даступней: ты - непаўнавартасная жанчына.
Пуза, нібы ад піва, залысіны - самой ня гідка?
Я й без аналізаў бачу, што ты гарманальная інвалідка.
Зацягваеце да старасьці, у трыццаць усё вам прынцы.
А мне бабця заўжды гаварыла: дзеці - галоўнае, Лідка.
Якое парушэньне этыкі і доктарскай таямніцы?!
Усе тут дзяўчаты. Мужчын жа няма ў палаце.
Вы тут ня толькі лечыцеся, але і вучыцеся быць маці!
Слухайце, падкажу, як нарадзіць прыгожую дзетку.
Калі ваш мужык не зграбнейшы ад бабуіна,
Выношваючы, уяўляйце сабе безупынна
Таго, хто сапраўды скаланае грудную клетку.
Яны жа ж матэрыяльныя - нашы пачуцьці.
Я вось як вочы заплюшчу - бачу: Ўладзімір Пуцін
Па небе ляціць, а за ім - ягоныя сьцерхі...
Ладна, пайду. Эндакрынолаг я адна на чатыры паверхі.
НАСЬЦЯ-2
Зьбірае чорныя згусткі, пальцамі пхае назад,
а то йначай як іх доктарцы паказаць,
хай будуць там да прыходу Юліі Мікалаеўны.
Нельга ім на сьвятло,
не вылятай, птушка.
Гэта як непраяўленая фотастужка.
Юлія Мікалаеўна прыйдзе ў восем у панядзелак.
Юлія Мікалаеўна разьбярэцца, калі заступіць.
Мабыць, можна яшчэ загаіць, цыраваць, склеіць.
Мы чамусьці таксама пачынаем верыць.
Прыкіпелі на Насьці - нават тыя, хто былі скардзіліся,
маўляў паклалі ў адну палату з шызафрэнічкай.
А ў яе не шыза,
у яе рэмісія анарэксіі.
Проста так атрымалася,
што спачатку павезьлі ў "Навінкі".
Мы заўзеем за Насьцю,
як за дваравых футбалістаў,
што прабіліся ў лігу.
Насьця вынасіла дзіця да дваццатага тыдня.
Ён там адмірае паволі.
Насьці трэба заняць рукі.
Насьця бярэ выцінанкі
з агульнай тумбачкі.
Выцінае птушак з альбому пра гуканьне вясны.
"Бязногія ўсе. Нібы я, калекі".
Мы выходзім на калідор: нам даюць лекі.
- Вой, дзевачкі, Насьця ж
там засталася адна.
Доктарка казала ж
не пакідаць яе
й не пускаць да вакна.
Да панядзелка
не ўключаем у палаце сьвятло,
баімся засьвяціць стужку.
Насця стаіць ля вакна. Корміць бязногую птушку.
ЛЕРА
Адкладвае акуляры й часопіс "Роднае слова":
А знаеце, што сказала мая ўчастковая?
"А што, апэравацца за кошт дзяржавы будзеце?"
Кшталту, знайшлі па-платнаму, хай самі выдаляць. Сьцерва.
Кшталту, ты асьпірантка? Усё ад нэрваў.
У похве сьвярбіць - займіся, маўляў, галавою.
Паўтара гады лячыла мяне крапівою.
Нэрвы. Вось вы спрабавалі прабіць публікацыю ў "Родным слове"?
Зьнепрытомнела я на канфэрэнцыі ў Магілёве.
"Трэба галіць лабок для сябе і для мужа".
Трэці раз перад чысткай чую, хапаюся ўжо за аружжа.
А тэрапэўтка такая: "Кахаеш - скажы яму".
У мяне тры гады - фрэндзона ўзмоцненага рэжыму.
Як пабачу яго - дзераўлянею, як яечка.
Ад працоўнага мэйлу, як у той сучкі, цечка.
Вось навошта яму апоўначы сэмантыка грэбанай зьнічкі?
Так і жыву: зрыў - дэпра - кіста - бальнічкі.
Зьнікнуць, зьехаць... Прапаноўвалі бэбісытэркай у Жырону.
Але ранішнікі, мляць. Трэба выходзіць на абарону.
А на ёй кляйма не паставіць ад вакуўмных чыстак.
У суаўтаркі дык мяне, а ў сужыцелькі такіх "фэміністак".
Бо ў мяне плоскі зад. Я ненавіджу сваё цела.
Мне сказалі, яна сказала яму, што яна заляцела.
А я ж помню яе. Паступала па сельскім бале.
Пардон мон франсэ, раз вы тут - вас хоць раз ябалі.
Ведаеце, як на філфаку цяжка займець хахаля?
Раз вы з выкідкамі, вас хоць бы раз адтрахалі.
А мне нашто тая похва ў апеньках уся? На халеру?
Нам тры вечары ўсёй палатай карцела прыстрэліць Леру.