МАРТА, АСТРЫД, ІНГЕР: ЧАМУ (НЯ)ВАРТА ЧЫТАЦЬ НОВУЮ КНІГУ АНКІ ЎПАЛЫ

Jul 16, 2018 10:00

На папярэдні допіс маёй новай рубрыкі “Няварта”, дзе я жалюся з нагоды літаратурных твораў, зь якімі мела (ня)шчасце пазнаёміцца, паступіла толькі адна істотная заўвага. Кнігагандляр Алесь Яўдаха з усёй строгасьцю запытаўся: “Чаму наркамаўкай???”

Каюся і выпраўляюся. І сапраўды: пасьля шэрагу маралізатарскіх чыстак апошняга дзесяцігодзьдзя ў беларускім культурным полі засталося вобмаль пляцовак, дзе можна мацюкацца на тарашкевіцы.

Нагадаю, што рубрыка “Няварта” была заснаваная мною з адзінай мэтай - патроліць Яна Максымюка. Па дарозе яна аднак абрасла дадатковымі місіямі. Напрыклад, місіяй пазбавіць вас неабходнасьці чытаць творы, якія ўжо прачытала я. І тым відавочнейшая важнасьць гэтай місіі, чым бліжэйшы новы прэміяльны сэзон Літаратурнай прэміі Ежы Гедройця. У Беларусі ўрадзілі клубніцы і чарэшні, на павестцы дня чарніцы, парэчка і агрэст. Усе інтэлектуальныя сілы краіны кінутыя на замарозкі і закаткі. Гэта аднак не здымае адказнасьці з аматараў тэорыяў змовы сачыць за літаратурнымі навінкамі, каб годна падыйсці да восеньскага абвастрэньня і абгрунтавана, а не як заўсёды, заявіць пра тое, што ўсё куплена.

Вось жа, на прэпарацыйным шкле - найбольш відавочная кандыдатура ў шорт-лістэры Гедройця. Тут нават да варажбіткі Юліі Шаровай не хадзі. Выдадзены напрыканцы 2017 году ў выдавецтве “Янушкевіч” дакумэнтальны раман “На засьнежаны востраў” Анкі Ўпалы ўжо атрымаў трэцяе месца ў экспэртнай прэміі “Кніга году” і вагон ды ікееўскую цялежку падазрона пазытыўных водгукаў ад прасунутай чытацкай аўдыторыі. Гэта, дарэчы, і дазваляе мне зь лёгкім сэрцам няварціць Упалу - тыя 2% чытачоў, якія паводле статыстыкі, толькі і чытаюць у нас па-беларуску, ужо яе прачыталі, а астатніх да гэтага ўжо нічым не змусіш, хоць ты ім паабяцай, што ў кнізе падрабязнае апісанне лесьбійскага сэксу на 86 старонцы.




Каб не марнаваць часу, адразу пераходжу на тое галоўнае, да чаго непазьбежна скотваецца любая публічная дыскусія ў айчыннай культуры - на асобу.

Анка Ўпала - псэўданім пісьменьніцы, перакладчыцы, кіраўніцы літаратурных праектаў Алены Казловай. Ніжэй я яшчэ вярнуся да магіі гэтага псэўданіму. Свае пераклады Алена Казлова падпісвае як Алена Казлова, і такім чынам, як ёй здаецца, падзяляе свае творчыя іпастасі. Доўгі час я ведала Казлову як найбольш таленавітую і грунтоўную перакладчыцу з англійскай мовы на беларускую. Праўда, меркаваць пра гэта можна было ўсяго па трох-чатырох апвяданьнях у калектыўных зборніках.

Дэбютная кніжачка вершаў ды прозы Анкі Ўпалы выйшла ў 2012 годзе, таму факт напісаньня і выданьня “Засьнежанага востраву” мяне ўсьцешыў ужо сам па сабе. Такое доўгае творчае маўчаньне аўтаркі, якая адкрыта жыве і дыхае літаратурай, пачынала непакоіць. Зьмест другой кнігі часткова тлумачыць нам прычыну такой нізкай прадуктыўнасці. Алена вучыла фінскую і швэдзкую мовы, каб перакладаць зь іх літаратуру і наладжваць культурныя сувязі ў тым кірунку. Да слова, ёсьць першыя і вельмі крутыя вынікі - шорт-ліст сёлетняй прэміі “Дэбют” за пераклад дзіцячай кнігі “Эла і сябры” Цімы Парвэлы. Да маладых перакладчыкаў, у адрозьненьне ад маладых празаікаў, я сёлета ўвогуле ніякіх прэтэнзій ня маю, а “Эла і сябры” - гэта штосьці неверагоднае. Я даўно, а можа быць, і ніколі так не сьмяялася, калі дарослая чытала дзіцячую кніжку.

Адным словам, калі кароль Швэцыі пасьвяціць Алену Казлову ў рыцаркі, на ейным гербе напішуць ейны дэвіз “Харашо, но мала”.


Кароль Швэцыі Карл XVI Густаў і каралева Сыльвія.

Далей яшчэ адзін пункт абавязковай праграмы па фігурным катаньні пісьменьніка ў асфальт - расповед пра мае асабістыя праблемы і перажываньні, зьвязаныя з кнігай ускосна, або ўвогуле зь ёй не зьвязаныя.

Мая праблема ў тым, што мяне даўно гэтак не злавала выдатна напісаная кніга. Папярэднім разам мяне так заштырыла, калі я пару гадоў таму перачытала “КрайцЭраву санату” Лява Талстоя (sic; захацелі тарашкевіцы - давядзецца прайсьці праз гэта да канца). “На засьнежаны востраў” сталася для мяне яшчэ адной кнігай, дзе аўтарка з самазадаволеным выглядам піша шмат фэйспалму, але робіць гэта так па-майстэрску, што ўсё напісанае можна выкарыстаць супраць яе. І пікантнасьці гэтаму падабенству дадае менавіта радыкальная антрыпатрыярхальнасьць Анкі Ўпалы.

Магчыма, я пагарачылася, сказаўшы, што водгукі на кнігу  пазітыўныя. Яны асьцярожныя. Паходу, людзей перасьледуе цьмянае адчуваньне, што кароль-та голая, але ня ўсім да канца зразумела, у чым менавіта гэта палягае. Так ці іначай, камэнтары пад гэтым тэкстам - месца сустрэчы групы падтрымкі для ўсіх, каму кніга магла не спадабацца, і яны адчуваюць ад гэтага прыцясьненне на працы, у фэйсбуку ці падчас сяброўскіх пасядзелак. Не забываймася: паводле апошніх прагрэсіўных тэорыяў, якія ўжо пачалі трансьляваць коўчы, што даяжджаюць да Беларусі, меншасьцяў не існуе. Усе мы - набор іпастасяў, асобна ўзятая камбінацыя якіх і робіць нас унікальнымі чальцамі соцыюму. Ты можаш быць белай цысгендарнай асобай зь біпалярным растройствам і шчыра любіць сучасную беларускую літаратуру, але не ўспрыняць новай кнігі Анкі Ўпалы. Гэта нармальна.

А цяпер, уласна, каронны жанр беларускай літаратурнай крытыкі - пераказ зьместу твору. Спадзяюся, у адпаведныя дапаможнікі пасля ўключэньня “Засьнежанага востраву” ў школьную праграму тэкст перавандруе менавіта адсюль.

Кніга аўтабіяграфічная: гэта (псэўда)дзёньнік, які аўтарка вядзе падчас навучаньня ў моўнай школе для дарослых у Швэцыі цягам няпоўных двух сэмэстраў. У водгуках на кнігу і анатацыі вы можаце прачытаць, што гэта кранальная гісторыя пра быццё “чужой сярод чужых”, пра вандроўку ў іншы сьвет ды мультукультуралізм. І нават пра тое, як беларуска за мяжой пакутліва разьбіраецца ў сваёй сэксуальнай арыентацыі.

Гэта ўсё лухта. Кніга пра тое, як гераіня Анкі Ўпалы (Алена) пасьлядоўна заёбвае ўсіх, хто сустракаецца ёй на дарозе.

Школа, у якой адбываюцца падзеі - так званая “народная школа”: сюды прыязджаюць як этнічныя швэды, так і імігранты, якія вучаць тут мову, каб пацвердзіць дакумэнты на жыхарства ў Швэцыі або знайсьці кваліфікаваную працу. Выпадак Алены асаблівы - яна атрымала стыпэндыю як літаратарка, вучыць мову для літаратуры і не зьбіраецца ў Швэцыі жыць. Таму яна ці не ад самага пачатку ўспрымае адукацыйную паездку як часовае, але інтэнсіўнае пагружэньне ў швэдзкую рэчаіснасьць, шматабяцальнае знаёмства з новымі інцярэснымі людзьмі. Загадзя разгортвае нататнік, каб фіксаваць сьвежанабытыя ўражаньні.

Ну і швэдзкая рэчаіснасьць, як ёй і належыць, з парога б’е ключом - і ўсё больш па галаве.

У цесны пакой інтэрнату да Алены падсяляюць суседку - этнічную швэдку, дваццацігадовую Мацільду (усе імёны ў кнізе зьмененыя, а таму могуць быць ацэначнымі). Мацільда - "другагодніца": ёй трэба давучыцца, каб атрымаць атэстат сярэдняй школы. Гэта адназначна ня той чалавек, зь якім хацела б суседзіць беларуска, і розьніца ў веку 15 гадоў - найменшая праблема. Мацільда злоўжывае касмэтыкай, безгустоўна, на думку Алены, апранаецца, вульгарна паводзіцца, бухае і курыць, адрываецца ў горадзе на дыскачах, водзіць за сабой натоўп кавалераў, а на самым пачатку аповеду забівае цесны пакой сваімі шмоткамі:

“У суседкі шмат рэчаў, толькі аднаго абутку - асобны вялікі чамадан. Боты ў яе на высокіх абцасах з залатымі спражкамі”.

(Залатыя спражкі на чорных ботах: у Швэцыі - увосень 2016га году, у Беларусі - увесну 2018-га. Ну і незалежна ад сэзону - назаўсёды ў нашых сэрцах: Мінск, 1990-я, рынак  “Дынама”).

Трагедыя Алены вокамгненна разрастаецца да маштабаў інтэрнатнага паверху, дзе яна жыве. Усе яго насельнікі  - равесьнікі Мацільды з запазычанасьцямі перад сярэдняй школай. Швэдзкая гопніца вядзе рэй у інтэрнаце, а беларуская літаратарка тут - белая варона.

Не, зразумела, што ва ўяўленьнях гераіні ўсе 18-20 гадовыя швэдкі ходзяць у чорных бручках, сініх пінжачках на белую блузачку і заліваюцца сьлязьмі пад “Рэквіем” Моцарта, у перапынках паміж прыступамі катарсысу робячы мінет вядомаму дырыжору ў шатні гётэборгскай філярмоніі - рыхтык як гэта паказана ў фільме Till det som är vackert 2009 году:


Кадар з фільму Till det som är vackert.

Але ўсё адно мала зразумела, чаму яна так убіваецца. Пагатоў, сустракаюцца ёй і станоўчыя швэдкі. Гэта яе настаўніцы ў народнай школе Марта:

“элегантная, падцягнутая жанчына гадоў шасцідзесяці з разумным і жывым позіркам”

Інгер:

“рашучая, моцная характарам спадарыня”

і Астрыд, якую гераіня называе сваёй “ролевай мадэллю”:

“энергічная інтэлектуальная спадарыня гадоў каля сямідзесяці, колішняя рэктарка”.

“Ролевая мадэль” - гэта чалавек, да якога ты хочаш быць падобным як зьнешне, так і паводзінамі, ладам жыцьця і жыцьцёвымі дасягненьнямі. Паводле апошніх сацыялягічных трэндаў, варта імкнуцца, каб ролевыя мадэлі замянялі сабою глянцавых куміраў і поп-ідалаў. У ідэальным сьвеце Анкі Ўпалы замяніць іх пакліканыя Марта, Астрыд ды Інгер. Пагатоў, на тэрыторыі мястэчка, дзе месціцца школа, гэта ці не адзіныя асобы з пашпартам Эўразьвязу, якія камунікуюць зь ёй ды іншымі замежнікамі - калі не па жыцьцёвым пакліканьні, то хоць бы паводле службовых абавязкаў.

Бо ўсе астатнія швэды - учорашнія падлеткі-суседзі з інтэрнату і пэнсіянэры з ціхага прыгараду Стакгольма - з Аленай, як і зь іншымі чужынцамі, у кантакт не ўступаюць. Не да канца зразумела, што гэта: ксэнафобія або рыса нардычнага характару.

У цэлым, аповед выглядае як падрабязная справаздача: куды Алена пайшла, з кім сустрэлася, як прайшлі заняткі ці закупы ў супэрмаркеце, якія словы па-швэдзку яна зразумела, а якія не і г.д. Асаблівая ўвага надаецца суворай скандынаўскай прыродзе і птушкам. Але сярод гэтых драбніц жыцьця вылучаюцца істотнейшыя дэталі. Адной зь іх робіцца інтэрнацкая кухня і ўсё, што зь ёю зьвязана.

Чытаючы гэты раман, трэба ўважліва сачыць, якім бокам падыходзяць пэрсанажы да кухні інтэрнату - гэта асноўны спосаб раскрыцьця характараў у кнізе. Само слова “кухня” сустракаецца ў тэксьце роўна 70 разоў.


Студэнты гатуюць вячэру. Швэдзкая кухня курыльшчыка. travelblog.org

Драма ў тым, што на кухні студэнтам трэба прыбірацца паводле вызначанага камэндантам графіку дзяжурстваў. І Алена адзіная з усяго паверху курыць той графік, стараецца яго датрымлівацца і ўвогуле, сочыць за яго выкананьнем. Як ні круці, швэдзкая моладзь ускрай талерантная. Алене нават ня робяць цёмнай за ярка выражаны сындром старасты. Так што ёй проста наканавана жыць у срачы ня толькі ў пакоі, але і на паверсе, і гэта яе моцна гняце. Апроч таго, яна адзінокая, бо, хоць яе і ня пізьдзяць за натацыі наконт кухні, сябраваць зь ёй ніхто са швэдаў па-ранейшаму не зьбіраецца.

Адзіны паратунак ад самоты - сыйсьціся з аднагрупнікамі па швэдзкай мове для замежнікаў. Тут поўны інтэрнацыянал: мы знаёмімся з расіянкай, японкай, сірыйцамі, дзяўчынкай з Самалі і іншымі афіцыйнымі асобамі. Кожнага навучэнца (-ку) аўтарка па ходзе аповеду падрабязна апісвае, не хаваючы свайго да іх стаўлення. Часам нават здаецца, што нам ябеднічаюць. Кожнага і кожную зь іх гераіня няўсьведамлена ацэньвае з прыдзірлівасцю швэдзкай іміграцыйнай службы: ці правільна яны паводзяцца на новай зямлі, ці добра разумеюць заходнія каштоўнасьці, ці тая на іх усталяваная вэрсія фэмінізму, лібэралізму, правоў чалавека.

Магчыма, таму чытачам і падабаецца гэтая кніга, што людзям заўсёды падабаецца гнабіць іншых людзей. І яшчэ ўсе любяць пляткарыць.

Але паколькі большасьць з аднагрупнікаў жыве з Аленай не на адным паверсе або ўвогуле не ў інтэрнаце, а некаторыя нават блізкія ёй па веку і даволі адказныя асобы (ёсьць нават маладыя маці, якія адаптуюцца ў Швэцыі), у цэлым яе стаўленьне да іх зычлівае і паблажлівае.

Усё мяняецца, калі да групы далучаецца студэнтка з Паўночнай Афрыкі (імя ў кнізе - Тунтэматон). Гэтае імя фігуруе ў тэксьце 231 раз.

Тунтэматон - чорнаскурая дзяўчына нубійскага пахожаньня 32-х гадоў, яна мае ўніверсітэцкую адукацыю і ступень магістра, нарадзілася або доўга жыла ў Дубаі і прыехала ў Швэцыю ў акадэмічную эміграцыю. Яна прыгожая (“чорная Нэфэрціці”, ня вярта  блытаць з "чорнай Вэнэрай", хоць ёсць усе падставы), разумная, адукаваная, сфармаваная як асоба і добра валодае мовамі. Так - і апантана прыбіраецца на кухні ў сваім кампусе.

Нічога дзіўнага, што ёй захапляюцца ўсе ў групе, а беларуска Алена пастанавіла абраць яе сваёй найлепшай сяброўкай.

Праўда, і на гэтым чорным сонцы ёсьць плямы: Тунтэматон ня хоча вучыць родную мову свайго бацькі, вельмі архаічную, якая сягае яшчэ часоў фараонаў у Эгіпце, каб зрабіцца яе ўнікальнай носьбіткай. І пастаянна, паталягічна спазьняецца на прыгарадны аўтобус і, адпаведна, на заняткі. Гэта робіцца асноўнай праблемай, таму што адна з кумірак Алены - выкладчыца Інгрыд, пачынае даволі жорстка прэсаваць нубійку за спазьненьні і пропускі і пагражае даць ёй кепскую характарыстыку, што можа сказацца на яе адаптацыі ў Швэцыі. Дзяўчына ў адчаі, і Алена, зразумела, падстаўляе плячо. Яна бярэ шэфствы над прыходам Тунтэматон на аўтобус, чым вельмі ганарыцца, бо, на яе думку, дапамагае сяброўцы спадабацца Марце, Астрыд ды Інгер.

Гэтак праходзіць тры месяцы, цягам якіх у жыцьці Алены адбываецца адна добрая і адна кепская падзея. Добрая - калі аднаго з этнічных швэдаў - Каспэра - выключаюць са школы за наркотыкі, і ягоны пакой аддаюць Алене. Мацільда сустракае такую навіну скокамі радасьці проста перад носам у сваёй беларускай суседкі. Гэта, дарэчы, мае месца неўзабаве пасьля таго, як Мацільдзе выйшла ў Алены маральная амністыя:

“Ведаеш, напэўна, тое, што Мацільда не прыбіраецца, для мяне не настолькі важна, колькі тое, што яна ўсё ж харошы чалавек. Чым больш я з ёй размаўляю, тым больш пераконваюся, што яна маральнейшая і разумнейшая за многіх”.

“Амністыю” Мацільда заслужыла даволі проста. Яна асудзіла Каспэра за наркотыкі, бо ён вучыцца на выхавацеля падлеткаў, а такому чалавеку быць наркаманам няправільна, да таго ж ён сустракаецца зь непаўнагадовай. Аказваецца, можна пэргідроліць валасы і пры гэтым ня быць скотам. Wow!

Кепская падзея - швэдзкая іміграцыйная служба ня выдала Алене адпаведных папераў, таму яна ня можа скончыць сэмэстар у Швэцыі. Паводле законаў Шэнгену, яна мусіць на тры месяцы вярнуцца ў Беларусь.

Трохмесячныя адцінкі дзеяньня візы і вызначаюць двухчасткавую кампазіцыю дакумэнтальнага раману. Пра тры месяцы, прабаўленыя на радзіме, мы амаль нічога не дазнаемся. Усё лягічна: шэнгенская віза -  маленькае жыцьцё беларуса.

Цягам трох месяцаў першай часткі навучаньня Алены адбываецца яшчэ адна знакавая падзея. Раз ужо я пачала прыцягваць за вушы графа - Фру-Фру, фактычна, ламае хрыбціну. Адзін з сірыйцаў з клясы Алены, 20-гадовы Зэйн, ускрай непрыемны, грубы, канфліктны пэрсанаж, якому падабаецца Адольф Гітлер, даводзіць выкладчыцу Інгрыд. Адбываецца гэта на занятку, дзе група, каб разабрацца ў асновах правоў чалавека, мусіць пабудаваць уласную піраміду Маслоў. Група паводзіцца правільна: адбракоўвае “музыку”, “адпачынак на моры” і іншыя фінціфлюшкі, што абурае Зэйна. Ён бярэ паперку з “музыкай” і патрабуе зрабіць яе падмуркам калектыўнай піраміды.


Піраміда Маслоў і піраміда Бітлоў.

Усе сварацца на Зэйна, а Інгрыд выпраўляе яго рабіць прымусовы тэст на наркотыкі. Пасьля станоўчага выніку хлопца выключаюць. Выгнаньне Зэйна з Эдэму адбываецца пад авацыі Алены, хоць, канешне, ёй скрушліва ад таго, што ён так і не прасякнуўся ідэаламі дабра і заходняй цывілізацыі. Падкрэсьліваецца, што ўсе радыя гэткаму астракізму і ніхто ня хоча праводзіць хулігана да электрычкі.

Тут варта ўсьведамляць, што траву паліць шмат хто з навучэнцаў гэтай школы.

Перад ад’ездам Алены ў Менск Тунтэматон амаль перастае зь ёй дачыняцца, а за час, пакуль гераіня адсутнічае ў Швэцыі, пераходзіць у іншую моўную школу і перасяляецца ў Стакгольм. З Аленай па вяртаньні яе ў Швэцыю яна ня хоча ані сустракацца, ані размаўляць у інтэрнэце - лічы, байкатуе. Горыч адрынутага сяброўства, якое па перажываньнях блізкае да няшчаснага каханьня, перапаўняе гераіню Ўпалы і робіцца яшчэ адным стрыжнем кнігі.

Але ў цэлым у другім сэмэстры для Алены ўсё неяк палепш, чым у першым. Вакол яе зноў зьбіраюцца старыя сябры, якіх яна як ні старалася, ня здолела заябаць, і да іх далучаюцца новыя (пасьля таго як многія старыя паламаліся). Праблема кухні не зьнікае, але гераіня вучыцца абстрагавацца і нават робіць не абы-які асобасны рост у гэтым дачыненьні:

“Я вынесла чатыры мяхі смецця, каб не смуродзіла, але больш нічога не прыбірала”.

Сапраўдную Ісламскую рэвалюцыю ў яе сьвядомасьці зьдзяйсьняе новы сябар - іранскі музыка Явар. Ён прыбірае на кухні за сабой і крышачку за суседзямі штодня, незалежна ад таго, ці прыйшла яго чарга дзяжурыць. Тое, што ў гэтым сьвеце льга жыць не паводле вызначанага камэндантам графіку робіцца для Алены адкрыцьцём, блізкім да рэлігійнага.


Кальянная  ў Тэгеране. Дыктатура шмат чаго забараняе іранцам і асабліва іранкам, і асабліва на публіцы, але прасунутая моладзь адкрыта кладзе на забароны. Фота Hossein Fatemi.
Алена нарэшце прымае той факт, што кухня ў швэдзкім студэнцкім інтэрнтаце - гэта ня толькі і ня столькі месца для тэрмічнай апрацоўкі ежы, але найперш пляцоўка для вечарынак. Яна шчыра хоча быць сваёй сярод студэнтаў, але шумных гулянак усё адно не трывае і сур’ёзна ад гэтага пакутуе. Але вучыцца мірыцца і з гэтым. Яна так і не разумее, чаму ня можа паладзіць з навакольнымі, таму проста перастае гэтым парыцца:

“Калі ты дарослая і ведаеш, што ніколі не робішся часткай кампаніі і прымаеш гэта, то знаходзіцца ў кампаніі нашмат лягчэй, чым у юнацтве. (…) Дазваляеш сабе не рабіцца часткай кампаніі - і тады ўсё ж крыху робішся яе часткай”.

Адкрываецца таксама новая інфармацыя, якая мяняе стаўленьне да ўсяго, што адбываецца - калі не Аленіна, то маё дакладна. Гераіня прачытвае ў газэце артыкул пра школу, дзе вучыцца, і дазнаецца, што многія студэнты - і швэдзкія, і замежнікі - трапляюць туды па псіханэўралягічных паказаннях з рознымі адхіленьнямі кшталту гіпэрактыўнасьці. Многія маюць праблемы ў сем’ях. У многіх імігрантаў (дарэчы, і ў сірыйца Зэйна) - посттраўматычны сіндром пасьля вайны на радзіме. І што здольны імігрант можа вывучыць мову для здачы адпаведных іспытаў за пару месяцаў у іншых спэцыяльных школах, дзеля гэтага ня трэба яму нічога разжоўваць і класьці ў рот цягам колькіх сэмэстраў. Затое ў гэтай школе можна дадаткова атрымаць творчую спэцыяльнасьць.

Пад канец кнігі аўтарка, як модна цяпер казаць у фэйсбуку, расчахляецца, - і вось перад намі Алена Казлова, якой мы яе ведаем і любім па выказваньнях у публічнай прасторы. Асабіста мяне яна цешыць найадборнейшым прыкладам статыстычнага фэмінізму - безумоўна, найважнейшага кірунку сучаснай фэмкрытыкі ў Беларусі:

“Пачала слухаць радыёдыскусію пра прыроду рэлігіі: тры галасы мужчынскія і толькі адзін жаночы. У маёй краіне найхутчэй яны былі б выключна мужчынскія”.

Далей - фэерычней:

“Некаторыя разважанні па-шведску зблытваюцца для мяне ў клубок, які складана разбіраць на фразы. Да таго ж не ўсе галасы выклікаюць давер”.

Тутсама раскрываецца сэнс назвы “На засьнежаны востраў”, а таксама адбываецца пэрформанс “Псэўданім Анка Ўпала - від збоку”.

Калямбурам “Анка Ўпала” Алена Казлова падпісала дэбютную кніжку “Дрэва энталіпт”, і зь ім жа яна ўступіла ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, што, па чутках, выклікала ў некаторых па-традыцыяналісцку настроеных сябраў Рады канвульсіі. А Пашу вунь штарміт і дагэтуль. Асабіста для мне вернасьць такому псэўданіму патыхала дзівацтвам, бо разавы, здавалася б, прыкол ужо тады пераўзыходзіў Аленіны літаратурныя амбіцыі. Мне было сапраўды цікава, як яна будзе выкручвацца, і, прызнаю, яна прадэманстравала кунг-фу васьмідзясятага лэвэлу. Вы не паверыце, праз што яна зайшла - праз бёрдвочынг! Мяне падсаджвалі на назіраньне за птушкамі яшчэ тады, калі мы ня ведалі, што гэта цяжкі наркотык, і я ўсё адно не падсела. Таму на гэтую тэму я магу выліць шмат жоўці, але канкрэтна ў гэтым выпадку не магу стрымаць захапленьня. Зацаніце гэты ход канём, дакладней, цецеруком:

“І анкі, анкі, шведскія белыя свойскія качкі. Анка - гэта я, хатняя качка, якая ўсё-ткі падарожнічае. Тунтэматон перакладае маё пісьменніцкае імя на англійскую як “Дональд Дак””.


Anka перакладаецца са швэдзкай мовы як "качка".

Аднойчы культуроляг Ірына Дубянецкая напісала мне на сурвэтцы ў кавярні “Якуб колаС”, даводзячы, што клясык замаскіраваў пад трэндавы ў ягоны час аграрны псэўданім філязафэму, дзе “куб кола” аточаны “альфай” і “амэгай”. Праўда тое ці не, але сапраўды: адна справа, калі мы тут чуем “Анка Ўпала” і веселяімся ад фэміністычнай дулі, паказанай патрыярхальнаму кантэксту беларускай літаратуры. І зусім іншая, калі напісаць гэта лацінкай: Anka Upala. А яшчэ лепш - Anka Uppalla. Як тая казала, запомніце гэты твіт.

А “На засьнежаны востраў” - гэта ня проста падманлівы рэвэранс нашай традыцыйнай прыродаапісальнай прозе, гэта радок зь верша швэдзкага паэта Тумаса Транстромэра, пра якога аўтарка можа сказаць, што гэта вось “прям моё”, якім захапляецца і якога спрабуе перакладаць на беларускую мову. З многіх кніг сучасных пісьменьнікаў я павыкідала б недарэчныя і празьмерныя вершаваныя цытаты, а вось канкрэтна ў гэтай мне Аленіных перакладаў не хапіла. Нават калі яны былі такімі недасканалымі, як яна апісвае. Цытаваньне перакладнога тэксту, зразумела, зрабіла б некаторыя старонкі кнігі недаступнымі для перакладу на іншыя мовы, але акурат я не магу падазраваць аўтарку ў кан’юнктуры. Наадварот - шчыра веру, што з Транстромэрам у яе ўсё сур’ёзна.


Тумас Транстромэр думае пра Анку Ўпалу.
Хоць, ясна не магу маўчаць на тэму ідэальнай вечарынкі Анкі Ўпалы. Гэта калі на вычышчанай да стэрыльнасьці кухні студэнцкага інтэрнату пры сьвечках колам сядзяць усе плямёны: сірыйцы, нубійцы, іранцы, японцы, самалійцы, расейцы - і па чарзе чытаюць у арыгінале швэдзкага набэліста.

Не, ну я б першая падпісалася ўдзельнічаць - хоць я зусім не ведаю швэдзкай. Але я-та ёбнутая - і Алена выдатна гэта ведае. А людзі, якіх яна апісала ў кнізе - нармальныя.


Усе ўмовы для паэзіі. Швэдзкая кухня здаровага чалавека.

Дарэчы, калі насельнікі інтэрнату расслабляюцца і страчваюць пільнасьць, Алена пачынае рабіць захады ў кірунку гэткай “вечарынкі айцішнікаў”, але тут сканчаецца і наступны тэрмін Шэнгенскай візы, і, адпаведна, кніга.

І пра сьвятое. У другой частцы цытуецца, магчыма, самая ключавая размова гэтага дакумэнтальнага раману, якая можа быць адказам на ўсе рытарычныя пытаньні, зададзеныя як аўтаркай, так і гераіняй (неяк не выпадае сумнявацца, што тут існуе поўная адпаведнасьць):

“Мне здавалася, я сама ведаю, што такое вера ў бога - мы неяк размаўлялі пра яе з Тунтэматон і нават спазніліся праз гэта на рэлігіязнаўства. Я сказала, што гэта чалавечы страх адзіноты і прага любові. Мы ж дарэшты сацыяльныя істоты. Хай з намі побач заўжды будзе нехта, хто нас бязмежна любіць і нам даруе. Бог ёсць любоў. Вера ў яго - абарончы механізм чалавечай псіхікі. Ува мне яна таксама прачынаецца, калі я не магу даць рады сама. Але не па каляндарным раскладзе.

- Ты пра нешта забыла, - сказала тады Тунтэматон. - Пра рэлігійныя догмы і жаданне змусіць іншых жыць паводле іх. Адкуль тады яны бяруцца?”

Аўтарка/ гераіня пасьлядоўна і катэгарычна адмаўляе шматлікія догмы, на якіх была выгадаваная ў постсавецкай Беларусі. Гэта, у тым ліку, рэлігія і патрыярхальнасьць, найперш - патрыярхальнасьць ейнага прафэсійнага поля, беларускай літаратуры. Але адмаўляючы адны догмы, яна мэханічна замяняе іх іншымі, жыўцом запазычанымі ад Марты, Астрыд ды Інгер, з артыкулаў і падручнікаў. Замест адных гатовых адказаў на складаныя пытаньні прыходзяць іншыя гатовыя адказы. У той час як Тунтэматон прагне свабоды - свабоды ад догмы як такой.

Мы ня можам зразумець да канца, чаму гэтая афрыканка спыняе стасункі з Аленай - надта мала інфармацыі. Але, ня выключана, што прычына ў тым ліку ў абвостраным прыродным адчуваньні свабоды і несвабоды, якое мае яна і да якога так і ня можа дайсьці Алена. Трагедыя галоўнай гераіні ў тым, што яна вельмі хоча, каб людзі былі правільныя, а яны такія, як ёсьць. І якая, па-сутнасьці, розьніца, за што цябе загнабіў выкладчык - за тое, што ня носіш хіджабу (як было з Тунтэматон на радзіме) ці за тое, што ты па дурасьці або ў знак пратэсту лічыш музыку базавай каштоўнасьцю чалавецтва? Гэтае пытаньне задаю сабе я і, магчыма, Тунтэматон яго сабе таксама задавала.

Я часта думаю пра тое, што фэмінізм, як і імунітэт, можа быць прыроджаным і набытым. Алена імкнецца капіяваць швэдак - але церпіць фіяска. Бо, па сутнасьці, прыродны фэмінізм постсавецкіх жанчын мае больш агульнага з фэмінізмам афрыканак / арабак ісламскага сьвету, як бы “нашым” ні цяжка было прызнаць гэта ў сілу сваёй белакурай бестыйнасьці. Гісторыя рускамоўнай маці-адзіночкі Ніны акурат добра ілюструе гэтае падабенства. (Пра гэта згадвае і Наста Грышчук у рэцэнзіі для Радыё Свабода, але вельмі асьцярожна - каб не адлупцавалі і каб надрукавалі ў рубрыцы “Варта)”.

Няхай пакуль мы - жанчыны трэцяга сьвету - перажываем нейкія эмансіпацыйныя працэсы толькі на ўзроўні асабістага досьведу і яшчэ ня ўмеем будаваць абагульненьні, але канфлікт з тымі каштоўнасьцямі, якія транслююць Марта, Астрыд і Інгер, а сьледам за імі і Анка-Алена, непазьбежны і відавочны.

Нацызм у Заходняй Эўропе сёньня - табу, але рэфлексы засталіся. Саскокваючы на хаду з адной карусэлі дыскрымінацыі, мы перасаджваемся на іншую дыскрымінацыйную карусэль. Граблі, на якія беларусы наступілі ў часы акупацыі 1939 - 1944 г.г., і зь якіх так і ня зьлезьлі дагэтуль. Шчырая вера ў тое, што арыйцамі не нараджаюцца, а становяцца, і ў тое, што плян "Ост" - гэта не пра цябе. Зьняважаныя Мартай, Астрыд ды Інгер, мы з сваю чаргу дапамагаем ім зьневажаць афрыканскіх сябровак. Але, здаецца, беларусам даўно пара прыняць адзін просты факт: мы таксама чорныя. І гэта, дарэчы, вельмі добрая навіна ў эру хіп-хопу.

Мяне непакояць некаторыя пабочныя эфэкты набытага, запазычанага ў швэдскіх настаўніц фэмінізму і тое, як ён можа адбіцца на грамадзкіх працэсах у Беларусі. Пры кожнай нагодзе я спрабую прыватна пагаварыць пра гэта з сур’ёзнымі дасьледчыцамі гендару. Яны кажуць, што на іх думку, лепш так, чым ніяк. А беларускі нікога ня маюць, няхай жа хоць будзе Анка Упала.

Гэта была рубрыка “Няварта” якую я вяду ў маім асабістым блогу. Ніводная рэдакцыя не адказная за зьмест напісанага тут, этат пост нікім не праплачан. Калі вам нешта не падабаецца, вы можаце стварыць пэтыцыю ў інтэрнэце. Дарэчы, як там жоўтыя вазы ў Менску, ці перафарбавалі?

не магу маўчаць, літаратура, скандалы, няварта, белліт

Previous post Next post
Up