Гартала ўчора адзін з апошніх нумароў "Таймера" - які ўсё-ткі журнал развалілі! А пакуль запускаецца (?) іх новы сайт, натрапіла на
водгук the_sixth_fuwa пра пераклад "Каханка Вялікай Мядзьведзіцы" Сяргея Пясэцкага на рускую мову, выдадзены "Регистром". Слова за слова, вырашыла прадубляваць онлайн сваю рэцэнзію для "Таймеру" на яшчэ адзін раман Пясэцкага, які (і якога) лічу адназначна вартымі прамоцыі.
Сяргей Пясэцкі. Жыццё раззброенага чалавека. Пераклад з польскай мовы Руслана Равякі - ARCHE-Пачатак 5-2014. С. 213- 453.
Вострасюжэтныя прыгодніцкія раманы Сяргея Пясэцкага вярнуўся ў моду ў Польшчы напрыканцы 1990-х і адначасова трапілі на вочы прасунутым беларускім чытачам, пакінуўшы апошніх у экстазе. Выявілася, што фактурай ураджэнцу Ляхавічаў Пясэцкаму служылі паслярэвалюцыйныя падзеі ў Заходняй Беларусі. На беларускую аператыўна пераклалі два найбольш “жырныя” творы празаіка - “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі” - пра рэвалюцыйны раздрай і нараджэнне Саўка - і “Каханак Вялікай Мядзьведзіцы” - пра жыццё кантрабандыстаў у памежным Ракаве.
Калі цукеркава-букетны перыяд шчасліва мінуў, стасункі беларускіх перакладчыкаў з Пясэцкім перайшлі на новы ўзровень. Раман “Жыццё раззброенннага чалавека”, надрукаваны ў часопісе “ARCHE”, закранае тэмы, менш раскручаныя, але дакладна не менш экзатычныя.
У 1919 годзе (ну, памятаеце, Мінск тады некалькі месяцаў быў пад Польшчай) у польскае войска прызвалі тысячы маладых беларусаў. Прычым многія запісваліся добраахвотна, па ідэйных перакананнях, расчараваўшыся ў бальшавізме. Сярод такіх рамантыкаў быў і 18-гадовы Сяргей Пясэцкі. У 1921 годзе, пасля бітвы на Вісле, у якой Польшча выйграла сабе палову Беларусі, жаўнераў з усходняй часткі дэмабілізавалі, натуральна, на тэрыторыю заходняй, забраўшы шынялі і нават рэчмяхі. Пясэцкі, аказаўшыся сярод гэтых няшчасных, вырашыў не прарывацца да родных у Мінск (і правільна, дарэчы, зрабіў), а трапіў у Вільню без грошай, працы і перспектываў. У напалову аўтабіяграфічным рамане ён апісвае віленскія прыгоды свае і саслужыўцаў пасля дэмабілізацыі.
Герой раману - жыхар Мінска Міхал Лубень у першых раздзелах твора бамжуе і харчуецца шпалерным клеем у пакінутых дамах Вільні. Бліжэй да кульмінацыі твору ён ужо харчуецца лобстэрамі ў найлепшай віленскай рэстарацыі “Чырвоны Штраль”. Такі “кар’ерны рост” адбываецца цягам усяго пары месяцаў. Раман падрабязна апісвае, якімі менавіта спосабамі “пацан шёл к успеху”.
Пясэцкі расказвае аб працы мадэляў на парнаграфічнай студыі, пра схемы раскруткі лохаў на більярдзе і ў падпольных бардэлях, замаскіраваных пад сталоўкі. А самы вострасюжэтны раздзел рамана апісвае афёру, падчас якой Міхал, пераапрануўшыся селянінам, едзе ў Ліду, каб абнаявіць ліпавы чэк. І вось вядзе яго габрэй-ліхвяр у натарыяльную кантору, а ты ўвесь на стрэме: ну, хоць бы хлопцу ўдалося, хоць бы яго не павязалі… Знаёмы такі галівудскі эфект суперажывання адмоўным персанажам.
Зрэшты, цэнзуру турмы Святога Крыжа, дзе раман быў напісаны, ён не прайшоў не па гэтай прычыне, а таму, што аўтар высоўвае прысуд тагачаснаму польскаму ўраду, які кінуў маладых, здаровых хлопцаў на волю лёсу, не надзяліўшы іх хоць бы мінімальным соцпакетам. Гэтым і тлумачыцца тое, што ў цэлым пазітыўны і нясхільны да крыміналу (у адрозненні ад аўтара) малец, займаецца рэчамі, якія цалкам супярэчаць яго маральным прынцыпам і выхаванню.
Чароўны парадокс Пясэцкага: прастытуткі, гаспадыні бардэляў, парноргафы, шулеры і іншыя патэнцыйныя персанажы “Зоны Х” выяўляюцца цалкам прыстойнымі людзьмі, спагадлівымі, справядлівымі і нават духоўнымі. У той жа час апошнія гніды так ці іначай звязаныя з уладай. Так, найгнюснейшыя з гледзішча чалавечай годнасці рэчы адбываюцца ў Баранавічах, з удзелам службоўца Палескай чыгункі. Бр-р-р: пасьля прачытаньня “баранавіцкіх” старонак хочацца інстынктыўна выцерці рукі.
Не любіў Пясэцкі Баранавічы, не любіў: брудна, пісаў, хаты нейкія… Не тое што Вільня, якая ў яго пяшчотным, настальгічным апісанні нагадвае хутчэй Палерма. Тая самая канцэптуальная звязка паміж Вострай брамай і “Акропалісам”, якой нам бракавала.
Улічваючы той факт, што Пясэцкага ў нас прапагандуюць пераважна жыхары тых гарадоў, пра якія ён пісаў, цікаўнасць да “Жыцця ўзброеннага чалавека” перакладчыка Руслана Равякі з Баранавічаў можна лічыць лёгкай формай мазахізму. Зрэшты, пераклад яго зроблены добра, чытаецца лёгка - ды яшчэ “ў тэму” праілюстраваны фота і дакументамі, якія робяць падзеі раману яшчэ больш рэчаіснымі.
Перакладчыка-энтузіяста ў тэксце выдаюць рэдкія, але дылетанцкія памылкі. Шчаслівыя ўладальнікі карты паляка або частыя госці беластоцкіх гіпераў лёгка зловяць аўтара на тым, што сціплыя сукенкі пакаёвак маюць не “гранатавы”, а сіні колер, а “варэнік з сырам”, які герою пакідае на сподачку яго таямнічая каханка - ён усё ж з тварагом. Але гэта дробныя дачэпкі.
Зрэшты, менавіта Пясэцкага жыхар Беларусі зможа лёгка прачытаць у арыгінале. Пісьменнік вывучыў польскую літаратурную мову толькі ў турме, у жыцці ж ён размаўляў на беларуска-польскай трасянцы, перасыпанай ідышам і рускай феняй (што, па сутнасці, амаль адно і тое ж). Гэтая стыхія арганічна ўплятаецца ў яго творы, надаючы ім шарму, які драматычна знікае ў любым перакладзе.