"Навошта вам балкон?!! - Тут два падвалы!!!" - бурна адрэагавала рыэлтарка, калі ў 2012 годзе мы ветліва спрабавалі адмовіцца ад хрушчоўкі на першым паверсе, якую тая прадавала ў Першамайскім раёне. Сёлета я нарэшце магла б паказаць ёй, навошта:
Апошні паверх справа - наш балкон. Гэтае фота таксама можа служыць ілюстрацыяй "было - стала", таму што да рамонту балконы зьлева і справа выглядалі, як браты блізняты.
У сілу дэкупажу галаўнога мозгу, які трывала апанаваў мяне апошнім часам, я чытаю ў інтэрнэце шмат парадаў, як "саздаць уют" на савецкім балконе. Амаль уся рускамоўная "балканістыка" - падборкі фота заходніх балконаў і тэрасаў, і пачынаюцца такія падборкі з прадмовак кшталту, давайце дружна перастанем быць савецкім быдлам і ўпрыгожым нашыя балконы і лоджыі, выкінем адтуль хлам - і тады ў нас падвысіцца якасьць жыцьця. Ну вось, я так і зрабіла - і цяпер хачу падзяліцца адчуваньнямі ад, а таксама думкамі пра хлам і красату на балконе. Які насамрэч гаўбец, але цяпер не пра гэта.
Да лета на балконе мы ішлі доўгія тры гады. Папярэднія гаспадары, як і ўсе жыхары пятага паверху ў нашым доме, у адрозьненьні ад суседзяў зьнізу, не паставілі рамаў. Магчыма, праз канструктыўную асаблівасьць дому, магчыма - гэтак супала. Але так ці йначай, адкрыты балкон быў магутным аргумэнтам падчас зьмены кватэры. Ашкленьне мы б, калі што, проста дэмантавалі. Вельмі важна для нас было і тое, што дом з усіх бакоў абсаджаны дрэвамі (прычым на праверку тут выявіўся міні-батсад са зьменай сэзонаў), а рэдкія дамы на даляглядзе - нежылыя, у радыюсе 200 мэтраў няма парковак, таму да балкона не даносіцца шум і не далятае бруд. Увогуле, як і любы нармальны беларус, я лічу што балкон абсалютна без патрэбы, калі зь яго не відаць мора або горы. Але калі ў цябе няма магчымасьці выехаць з краіны, зялёнае мора пад балконам також нэпогано.
Самым цяжкім у рамонце было знайсьці час, сілы і натхненьне адшкрэбці з парэнчаў некалькі слаёў старой фарбы і ржу, выбіць шыфер, зрэзаць баўгаркай усё лішняе. На гэта сыйшло каля году - працаваць можна было толькі ў цёплыя сухія дні. Потым яшчэ за два гады мы ўсё паціху пафарбавалі "Альпінай", умацавалі бетонную падлогу, пафарбавалі яе таксама, усё. Ну, яшчэ я замовіла агароджу з празрыстага пластыка, таму што пяты паверх - стрэмна. Пластык сабекаштаваў каля 100 даляраў - проста як празрыстая урна для галасавання, на якую няма грошай у Ярмошынай. Фарбы для балкону абыйшліся даляраў у 25, яшчэ тут пайшло каля 20 кг клеявага росчыну на кахлю, каб умацаваць пліту ("Можа, цэментам?" - асьцярожна спыталася я ў знаёмага майстра. - "Можаце й цэментам, але клей надзейнейшы," - быў адказ. І сапраўды: да ўмацавання парэнчы проста віселі ў паветры і хісталіся, паколькі цэментныя латкі ад ЖЭСу раскрышыліся і асыпаліся, а цяпер усё стаіць трывала. Нават расколін пакуль не пайшло. Залівалі для надзейнасьці ў колькі тонкіх слаёў, як торт "Напалеон").
Вось ён, радзімы, зблізку. Фотка замыленая, бо вялікі зум:
Паколькі афармленьне прыпала на "галодныя гады", нічога новага для "саду" я не купляла. Толькі ў мінулым годзе прыцягнула зь Нямеччыны складны столік "Батлерс", які мацуецца на парэнчы, 20 эўра. Усё астатняе проста выцягнута з хаты на лета. Скокнула вышэй за галаву і рассадзіла герань, якая нават сяк-так цьвіце.
Птушачку, на якой напісана, што яна зробленая ў Філіпінах, знайшлі ў лютым на вуліцы украінскія паэты, якія квартэравалі ў нас падчас фэсту Стальцова. Я нават спужалася, што яны выпадкова абрабавалі нейкую інсталяцыю Цэнтра сучасных мастацтваў, але не - кажуць, падабралі са сьметніка. Так птушачка ў нас і пасялілася.
Дом пабудаваны з прыгожай жоўтай цэглы, якая, на жаль, хутка зьнікне пад пенапластам - аднойчы тут усё-ткі зробяць капітальны рамонт. А пакуль можна зрабіць выгляд, што ў нас балкон недзе на Міжземным моры, недзе ў часы раману "Quo Vadis", які я прачытала толькі сёлета.
Мазаікі з аліваю - іх дзьве, у кадры толькі адна зь іх - "рымскі" сувэнір з Тунісу; крэсла закрывае аўчынка са Львову, калісьці падораная бацькамі; трава ў гаршчэчках - клясычны выпадак ікеяхаку ў эпоху нью-эйджу. Мінулым летам я фарбавала акрылам дубовую столь на хутары так, каб дамагчыся эфэкту ламінату "белены дуб". Сёлета пасадзіла на балконе сапраўдную траву, каб выглядала, як плястыкавая з "Ікеі". Праўда, пратрымаўся "траўнік" не больш за месяц (кепскай была парада пастрыгчы яго). Я сумленна спрабавала купіць у мінулым "сытым" годзе плястыкавую траву, але ў "Ікеі" са мною надарылася
kamrushepa, якая проста на касе рашуча выцягнула гаршчэчкі з майго вазка, сказаўшы, што як дачка агранома не дапусьціць. Гэта чэрвеньскае фота, у жніўні ў гаршчэчках - выпаленая зямля Тунісу. На наступны год буду расціць новы траўнік - улічыўшы памылкі і пралікі. Або такі здабуду плястыкавую траву.
Калі вы мяне спытаецеся, навошта ўсё гэта, я скажу словамі Уайлда: all art is quite useless. Наш рамонт на балконе абсалютна алягічны. Ён супярэчыць здароваму сэнсу менскага кватэраўласьніка і ўмовам, у якіх мы жывём у гарадах Беларусі. Гэта канкрэтны і беспрынцыпны выетон. Больш за тое: ЖЭС цалкам можа ўпаяць нам штраф за тое, што спаскудзілі аблічча дому. І будзе мець абсалютную рацыю.
Праз год, або праз два, або праз чатыры ў доме зробяць капрамонт і ўсе гэтыя прыкладна 150 даляраў, якія мы патрацілі на рамонт і абсталяваньне балкона, можна будзе абвесьціць выкінутымі на вецер. Але гэтыя год або два або чатыры нам будзе па кайфу. Бо скажу словамі іншага - ананімнага габрэйскага Уайлда: во-первых, это красіво.
Найперш - прыгожа зьсярэдзіны. Балкон візуальна працягвае пакой, дае адчуваньне лёгкасьці, і калі сядзіш у кватэры, можна бачыць дрэвы, якія раней закрываліся шыферным шчытом. На балконе можна паліць, калі паліш, піць каву - і нават чытаць або працаваць, але сонца і дажджу ніхто не адмяняў, а любы парасон або навес толькі загрувасьціць прастору, за якую тут так упарта змагаліся. Адным словам, гэта чыстае мастацтва, таму вынік мне падабаецца.
Вось мая лысая герань, якую на гэтай фотцы можна параўнаць з раскошнай геранюю суседзяў. Да слова, я і герань пачала расьціць, бо паспадзявалася на правераныя кліматычныя ўмовы:
Гаршчкі - бабуліны керамічныя збаны на крупы, у якіх паразьбіваліся накрыўкі. Вельмі ўдала змясьціліся ў зручныя абручы апоры, якая засталася ад папярэдніх гаспадароў.
Фасад нашага дому з балконамі на ім выглядае, як знакамітая "Воронья слободка", хоць большасьць і старых, і маладых гаспадароў трымаюць балконы знутры ў парадку, і многія вырошчваюць кветкі. Проста больш няма дурных укладацца перад капрамонтам, які кожны год усё адсоўваецца. Дом яшчэ доўга будзе па-за ўвагаю камунальшчыкаў, таму што не стаіць на вуліцы і нікому ня муляе вока.
І тут як бы паўстае пытанне, што рабіць з балконамі савецкіх дамоў (я кажу толькі пра балконы, а не пра лоджыі, думаю, усе разумеюць розьніцу). Я чула адказы: праводзіць прапаганду сярод насельніцтва, насаджаць новы тып мысьленьня, высьмейваць плюшкіных за хлам, які яны выстаўляюць на людзі, дэманстратыўна саджаць лаванду з руколай і смачна ісьпіваць кофій на вачах у бабы Любы з суседняй кватэры, захутаўшыся ў цёплы клятчасты плед. Стратэгія зразумелая, але балкон хрушчоўкі - гэта не леапардавыя сукенкі і не стразы на нарошчаных пазногцях, стаўленне да якіх можна зьмяніць простым "фі" ў адрас іх уладальніцы. Балкон - гэта памежная тэрыторыя паміж прыватным і публічным зь няяснай юрысдыкцыяй. За фасад дома адказны горад, а за балкон унутры - яго ўласьнік. На справы на балкон пофіг усім. Вынік - навідавоку.
Дык вось, я думаю, што варта дзейнічаць па мэтадзе Заходняй Беларусі. Мая бабуля расказвала, што вуліцы мялі і платы ставілі проста таму, што польскія ўлады штрафавалі, калі не. Вось у нашых заходніх вёсках і мястэчках і былі чысьціня ды парадак. І балконы, дарэчы, былі - у доме маёй бабулі зь вясковай сям'і гарбату ганялі толькі на тэрасе другога паверху. Так што ўсе развагі пра балкон як частку гарадской культуры не маюць пад сабой ніякай падставы.
Як лепш: так, як зьлева, або так, як справа?
"Справа, справа!" - скажа нармальны хіпстар. Але для таго, каб было, як справа, камунальнікам трэба адкінуць апошнія сантымэнты і ісьці з агнём і мячом. Напрыклад, забараніць ашкленьне і штрафаваць за шклопакеты на балконах. Або наадварот - забыць пра тое, што нехта атрымлівае адкат за пастаўку пенапласту для капрамонту і засвоіць тэхналогію прыстаўных балконаў. Адразу іх зашкліць - бо такая воля большасьці беларусаў - і штрафаваць, штрафаваць, штрафаваць за любую спробу балкон-арту, апроч кветачак. Толькі калёнае жалеза ўратуе аблічча Менска.
І пра надвор'е. Я спэцыяльна гугліла фота спальных раёнаў у Адэсе і Ташкенце, дзе клімат як бы спрыяе. Трасцы - там з фасадамі хрушчовак яшчэ горш, чым у нас. Так што справа, відаць, усё-ткі ў нейкіх постсавецкіх штуках. Хоць была вэрсія, маўляў хрушчоўкі праектавалі для паўднёвых рэгіёнаў СССР, а потым іх, не падумаўшы, сталі будаваць у нардычнай Беларусі. У жніўні я на пару дзён паверыла ў гэта, бо найбольш камфортна на нашым балконе было ў самую сьпёку пасьля поўначы.
Выглядала гэта неяк так:
Апошні ракурс - каб прыгожа глядзеліся сьвечкі. Балкон у нас, у давяршэнне ўсіх канструкцыйных радасьцяў кшталту 90 см углыб і парэнчы мне па сьцёгны, яшчэ і са скошанай плітой, каб вада сьцякала. Першы выхад на "палубу" няпроста даецца "пасажырам". Мая мама дагэтуль рашуча адмаўляецца ісьпіваць там кофій. Хоць это і красіво.