Пару гадоў таму К. папрасіў мяне перакласьці знакаміты афраамэрыканскі госпэл. Здаецца, для нейкай прозы яму спатрэбіўся. Прычым, як гэта заўсёды ў нас бывае, калі гаворка не пра "звары боршч", просьбу аформіў пісьмова, выслаўшы падрабязныя інструкцыі мэйлам у суседні пакой.
Гаворка ішла пра
"Wade in the Water", і перакладаць я тады не ўзялася, бо ад мяне хацелі надта многага. Трэба было захаваць усе коды - і каб гэта яшчэ й сьпявалася. Апроч таго, няясна было, на які менавіта варыянт арыгіналу арыентавацца - іх існуе недзе з тузін.
Кодаў у госпэле - прынамсі, тых, што на воднай паверхні - тры. Маецца на ўвазе выхад габрэяў з Егіпту і адначасова новазапаветнае пагружэньне ў ваду дзеля ацаленьня, хрышчэньня ды іншых нішцякоў. Апроч таго, інтэрпрэтатары спасылаюцца на гісторыю рабства ў ЗША, маўляў, госпэл быў завуаляванай інструкцыяй для беглых рабоў уцякаць па вадзе, каб сабакі плантатараў не маглі ўзяць сьледу. Сабакі сапраўды зьяўляюцца ў адной з вэрсій.
Адным словам, закінула я гэтую няўдзячную справу, але згадала пра яе ўчора, падчас канцэрту ў "Bristle-bar", дзе гэты госпэл вельмі крута выканаў
youri_uskoff.
Вось жа, вырашыла я пакуль агораць хоць бы рэфрэн - ён больш-менш аднолькава гучыць ува ўсіх вэрсіях:
Wade in the Water
Wade in the Water children
Wade in the Water,
God's gonna trouble the Water
Тое, што перакласьці "wade in the water" адэкватна, лічы, немагчыма - яно зразумела. Вось БГ яўна спрабаваў і ў выніку напісаў: "время перейти эту реку вброд". Але тут прынамсі больш-менш ясна, да чаго імкнуцца. Іншая справа - чацьвёрты радок, які адсылае да Дабравесьця паводле Яна, 5:3-4. Да кранальнага эпізоду ў купальні Бэтэсда з пяцьцю порцікамі ля Авечай брамы. Купальня лічылася мітычнай, але немцы раскапалі яе ў Ерусаліме прыкладна праз паўстагоддзя пасьля Троі. Праўда, каля Львінай брамы - але ўсе астанія парамэтры супалі.
У пубэртаце, калі я чытала Новы Запавет, эпізод уразіў мяне тым, што анёл рабіў ваду гаючай толькі для таго, хто першы пасьля "руху" ў яе ўлезе. Такім чынам, вакол купальні ўдзень і ўночы мелі месца параалімпійскія гульні. Зьнямоглыя навыперадкі кідаліся ў ваду, але шанцавала толькі аднаму. І Ісус ацаліў таго, хто проста фізычна не пасьпяваў дапаўзьці да вады, таму што заўсёды знаходзіліся спрытнейшыя інваліды. І ў гэтым была яскравая ілюстрацыя перавагі хрысьціянскай этыкі над старазапаветнай, але сёньня не пра гэта.
Сёньня мяне зацікавіла словаперадача "траблаў з вадою" і я вырашыла параўнаць усе наяўныя пераклады Дабравесьця паводле Яна
адсюль.
Цікава, што ў афіцыйным каталіцкім перакадзе Новага Запавету чамусьці прапушчаныя менавіта патрэбныя два вершы, дзе анёл Божы troubles the water. Усе астанія варыянты перакладу зьмяшчаю ніжэй:
Васіль Сёмуха. Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
3. у іх ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, сухіх, якія чакалі руху вады; 4. бо анёл Гасподні часам сыходзіў у купальню і парушаў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля парушэньня вады, той здаровы рабіўся, на якую б хваробу ні пакутаваў.
Ян Станкевіч. Евангеля подле сьвятога Яана
3 I ў іх ляжала множасьць хворых, нявісных, кульгавых, сьпятрэлых, што чакалі руху вады; 4 Бо ад часу да часу зыходзіў да копані ангіл і кратаў ваду, і хто першы ўходзіў у пакратаную ваду, ачуняваў, на якую б хваробу ён ні хворэў.
кс. Вінцэнт Гадлеўскі. Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Яна
3 У усіх ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, зсохлых, якія выглядалі парушэньня вады. 4 Бо анел Панскі зыходзіў час ад часу ў саджалку і варушылася вада; і хто першы ўходзіў у саджалку пасьля парушэньня вады, быў здаровы, на якую-б хваробу ён не хварэў.
Лука Дзекуць-Малей і Антон Луцкевіч. Паводле Іоана сьв. Эвангельле
3 Каля іх ляжала множства нядужых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, што чакалі руху вады; 4 бо Ангел Гасподні час ад часу зыходзіў у купальню і каламуціў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўскаламучаньня вады, той здаравеў, на што-б ні хварэў.
кс. Уладзіслаў Чарняўскі. Эвангельле паводле Яна
3. У іх ляжала шмат хворых, сьляпых, храмых, спараліжаваных, чакаючых узваруху вады. 4. Бо анёл Госпадаў ад часу да часу зыходзіў у сажалку і каламуціў ваду, і хто першы ўваходзіў у сажалку па ўзварухненьні вады, той здаравеў, якою бы немаччу ні хварэў.
Пераклад Біблейнай камісіі пры Беларускім Экзархаце. Святое Дабравесце паводле Іаана
3 у іх ляжала вялікае мноства хворых, сляпых, кульгавых, ссохлых, што чакалі руху вады; 4 бо Ангел Гасподні час ад часу сыходзіў у купальню і ўзрушаў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасля ўзрушэння вады, той выздараўліваў, якой бы хваробай ні быў апанаваны.
Пагдлядзеўшы на ўсё гэта, разабрала арыгінал, як пазл, стварыла адпаведны па колькасьці складоў і націскаў пазл зь беларускіх словаў, і вось што атрымалася:
Пройдзем вадою,
Пройдзем вадою, дзеці.
Пройдзем вадою,
Госпад варушыць вадою.
Я імкнулася, каб па-беларуску гучала гэтак жа проста і адначасова патасна, як у арыгінале. Але заўсёды можна нешта аспрэчыць і палепшыць,таму запрашаю да дыскусіі.