РЭЦЭНЗІЯ ДЛЯ ЧАСОПІСА "ТАЙМЕР"

May 04, 2015 12:35

З пачатку гэтага году падвізаюся, аглядаючы беларускія кнігі ў часопісе "Таймер". Гэтую рэцэнзію на дэбютную кнігу kabierac з трэцяга нумара, які, здаецца, ужо даступны ў Менску, з дазволу рэдакцыі, зьмяшчаю тут.

ПАЭЗІЯ ПАСЛЯ ТРАСЦЯНЦА
Антон Рудак. Верхні горад. Мінск: Кнігазбор, 2014 (серыя “Кнігарня пісьменніка”, падсерыя “Пункт адліку”)


Тэадор Адорна адразу пасля вайны, не падумаўшы, сказануў, маўляў, паэзія пасля Асвенціму немагчымая. Дакладней, ён сказануў не зусім так, але ў народ сказанутае пайшло менавіта ў такой форме. Пазней Адорна напісаў спецыяльны тэкст пад назвай “Пасля Асвенціма”, дзе паспрабаваў патлумачыць, што ён меў на ўвазе. Што паэзія, як і любая форма высокай культуры, у ХХ стагоддзі сябе канчаткова дэскрыдытавала, выявіўшыся ўсяго толькі ідэалогіяй для масавых знішчэнняў.

Калі спрашчаць, то выглядала ўсё так: нацысты ў канцлагерах слухалі на патэфонах оперы Вагнера, а потым выходзілі з камендатуры і выпраўлялі чарговую групу людзей у газавыя камеры. У высокаадукаванага чалавека, якім, безумоўна, быў прафесар філасофіі і музыкант Адорна, такое проста не ўкладалася ў галаве - самай простай рэакцыяй было абвінаваціць ува ўсім Вагнера.

Чэслаў Мілаш выдатна зразумеў думку Адорна і ў сваім цыкле паслянобелеўскіх лекцый удакладніў яе: немагчымая не паэзія ўвогуле, а ранейшая - тая, на якой былі выхаваныя еўрапейскія інтэлектуалы. Бо нельга апісаць новы, страшны досвед класічнымі рыфмамі ды метафарамі - яны для гэтага проста непрыдатныя. На прыкладзе польскіх паэтаў ХХ стагоддзя, якія перажылі акупацыю 1939 - 1944 гадоў і ў прыватнасці страшнае Варшаўскае паўстанне, ён паказвае, як і чаму ў польскіх вершах з’яўляецца новая паэтыка: пазбаўленая рыфмаў, мінімалістычная, напоўненая прыземленымі, побытавымі, дэталямі ўплоць да, ізвініце, унітазаў.

Цікава, што Мілаша ў сваю чаргу выдатна зразумелі ў Стакгольме, і ў 1996 годзе Нобеля атрымала Віслава Шымборска - адна са стваральніц менавіта такой новай паэтыкі.

І вось тут напрошваецца важнае пытанне. Паэты, на чыёй зямлі месціліся Аўшвіц-Біркенаў, Майданэк і Трэблінка, не змаглі пісаць па-ранейшаму, няхай іх да гэтага і змушалі каноны сацрэалізму, якія былі навязаныя літаратарам Польшчы. Але чаму змаглі паэты, на чыёй зямлі месціўся Трасцянец? Курапаты? Хатынь урэшце рэшт?

Адна мая выпадковая спадарожніца ў цягніку, праязджаючы паўз станцыю Бронная Гара, нервова заторгалася. Менавіта сюды вывозілі на расстрэл габрэяў з яе мястэчка. У 1942-м ёй было пяць год, яна бачыла, як суседзей загружалі ў вагоны - і на ўсё жыццё запомніла, як хацела падыйсьці да сяброўкі-аднагодкі, але не магла, бо там стаяў страшны нямецкі аўчар і люта брахаў. Праязджаючы Бронную, яна згадвае найперш таго сабаку. У маёй бабулі з Віцебшчыны падчас вайны спалілі блізкіх сваякоў у суседняй вёсцы - праз паўвеку пасля гэтага яна доўга і падрабязна апісвала, як амаль месяц на ўсю ваколіцу смярдзела гарэлым мясам.

Што з гэтага адлюстравана ў нашай паэзіі ХХ стагоддзя? “Родны Мінск я пакінуў, пажарамі, бомбамі гнаны?”

Жыве ўжо чацвёртае пакаленне пасля Вайны, а траўма засталася. Дзіўна, але яна дагэтуль патрабуе таго, каб быць прагаворанай.

Нельга сказаць, што кніга Антона Рудака “Верхні горад” - выключна пра траўму другой сусветнай. Яна пра ўсё адразу: пра вайну - і пра вайнушку, пра НКУС 1930-х і КДБ 2000-х… Але галоўнае, яна пра сталенне самога аўтара, навучэнца беларускамоўнага ліцэя ды гістфака і ў той жа час футбольнага фаната ў лукашэнкаўскай Беларусі, так што галоўны закон лірыкі - усё прапускаць праз сябе - датрыманы. Усе разрозненыя тэмы арганічна спалучаюцца загалоўнай метафарай: верхні горад - гэта не проста зруйнаваная частка сталічнай “старуўкі”, гэта Менск, які ўгары, - ідэальны горад “над небом голубым”, як быў праспяваў Аляксей Хвасценка. І Рудак, нібыта здзекуючыся з усіх менскіх урбаністаў разам узятых, смела і не без густу надбудоўвае гэты горад над Менскам рэальным - без усялякага дазволу на гэта гарвыканкама.


Шукальнікаў новай паэтычнай мовы ў беларускай паэзіі пасля 1991 года, хоць і няшмат, але, дзякуй Богу, напладзілася. Ужо да сярэдзіны 2000-х яны паспелі напрацаваць даволі пазнавальную паэтыку, мэтай якой было супрацьпаставіць новую паэзію валошкава-каласковай эстэтыцы ХХ стагоддзя. Шурпатая, недакладная, рыфма, расхістаны, амаль празаічны рытм, грувасткія, прыземленыя метафары, пільная ўвага да “непаэтычных“ дэталяў, гульня словаў, шырокае выкарыстанне цытат з масавай культуры і школьнай праграмы па белліце, іронія ці, як цяпер модна казаць, постіронія. Увесь гэты арсенал бярэ на ўзбраенне Рудак, ствараючы нечакана маштабную для аўтара-дэбютанта кнігу гарадской лірыкі.

Відаць, такі лёс усіх паэтаў з гістарычнай адукацыяй (гл.: Уладзімір Арлоў): Рудака вабіць наратыўная паэзія. Кожны яго верш - гісторыя ўва ўсіх сэнсах гэтага слова.
“Я кірую паліцыяй у невялікім мястэчку”; “я… асуджаны тройкай увосені ў трыццаць сёмым”; “…ля абвернэбэнштэле стаяла ты - у кіцелі фельдграў”… Футбольныя ультрас і люмпены з электрычак - Рудак надае галасы такім героям, якім доўгі час у нашай літаратуры увогуле не дазвалялася гаварыць, не тое што ад першай асобы.

Нават іранічны “Падпольніцкі раманс” пра паненку ў кіцелі фельдграў мае ў дыяхранічнай перспектыве арэол забароненасці. Менскае падполле і яго ўнёсак у агульную перамогу прызналі толькі ў 1960-х, пасля чаго подзвігі падпольшчыкаў было дазволена ўзвялічыць з належнай порцыяй пафасу. Людзей катавала СД - якая тут іронія? Але гэта, скажам так, гістарычныя асобы з нашай версіі рэчаіснасці. Ёсць і іншыя, “Альберт Эйнштэйн, прафесар Белдзяржуніверсітэту”, напрыклад. І калі ў вершы “Элвіс ідзе па праспекце” Элвіс - яўная алегорыя, то Альберт Эйнштэйн у аднайменным вершы - жывы і рэчаісны. Паэт гуляецца з гарадской легендай, паводле якой Эйнштэйн у 1930-х мусіў прыехаць выкладаць у БДУ, але нешта яму зашкодзіла. Такая вось паэзія ў жанры альтэрнатыўнай гісторыі. Ці, як кажа сам аўтар, “настальгія па неперажытым”.

Яшчэ ў лютым здавалася, што хваліць кнігу Рудака “Верхні горад” як прарыў сучаснай беларускай паэзіі - учынак капітана Відавочнасць. Але ў сакавіку здарылася нечаканае - Антон Рудак не стаў лаўрэатам прэміі “Дэбют”. Галоўны прыз аддалі зборніку вершаў пра каханне. Што ж, траўма прагавораная паэтам, але яшчэ не ўсведамленая чытачамі - не ўсё адразу. Так ці іначай, нельга не адзначыць першы маленькі крок беларусаў на ніве гістарычнай памяці. Вось ужо і ў Малым Трасцянцы прыбралі звалку і плануюць адкрыццё мемарыялу. 2015 год, палёт нармальны.

не магу маўчаць, белліт, артыкулы

Previous post Next post
Up