Маё падарожжа - 5

Oct 17, 2009 23:39

6. Ковель

У Ковелі адбыўся мой першы вопыт гутаркі па-беларуску з украінцамі на мясцовым рыначку. Бацька хацеў набыць кавун, а я - паглядзець цукеркі, мама засталася ў машыне. Каб памяняць грошы, пайшлі шукаць мянялаў, бо абменнікаў на рынку няма. Пад вечар гэта было цяжка зрабіць, але ж, патыркаўшыся туды-сюды, нам пашанцавала, знайшлі мянялу (ёй аказалася жанчына) - грошы памянялі на грыўны.

На адваротным шляху паспыталі ў дзвюх прадавачак цукерак, ці ёсць у іх цукеркі "Венок Дуная", на жаль іх не было. Цукеркі дзівосныя, мы пачаставаліся імі ў пачатку жніўня, сяброўка з Харкава прывезла, а дагэтуль ніколі не спрабавалі. І недзіўна, толькі што паглядзела ў інтэрнэце, хто іх вырабляе - апынулася, харкаўская фабрыка, але ж у Беларусь яна сваю прадукцыю не экспартуе : ( Дарэчы, і ў Нававалынску на тамашнім рыначку "Венок Дуная" таксама не знайшлі. Мабыць, у западнай Украіне ўвогуле іх не прадаюць.

Цукерак не купілі, кавун таксама (нешта бацьке кавуны не спадабаліся, мо дарагія ці што), затое я купіла дыню за 18 грывен і два шакаладных марозіва (адно для мамы). Ковельскае марозіва аказалася смачнейшым і таннейшім, чымсьці беларускае.

7. Уладзімір-Валынскі

У Ўладзімір-Валынскім я забачыла касцёл,




адзіны касцёл за ўвесь час майго знаходжання на Валыні. Як патлумачыў бацька, касцёлаў амаль няма, усе павынішчалі пасля разні палякаў, якая адбылася падчас другой міравой вайны на хвалі ўкраінскага нацыяналізму (Валынь была пад Польшчай да 1939-га года, і палякі вельмі прыгняталі праваслаўных валынцаў, перабралі з паланізацыяй на сваю галаву). Гэты касцёл захаваўся, бо палякаў менавіта ў Уладзімір-Валынскім засталося шмат.

А вось праваслаўная царква, будынак захаваўся ад часоў вуніяцтва:




Так званае вуніяцтва, гэта, хто не ведае, грэка-каталіцызм, спроба аб’яднаць каталіцтва і праваслаўе пад час існавання Рэчы Паспалітай, а Валынь тады таксама ўваходзіла ў яе склад.

Нашая машына мінула цэнтр, звярнула на вулачкі з прыватнымі падворкамі. І на адной з такіх вулачак мы забачылі шыкоўную карціну. Насустрач ехала цялега, што само па сабе выглядала нармальна для валынскіх мястэчак, на ёй сядзелі нейкія мужыкі і трымалі транспарант "Я люблю Юлю!", ззаду сядзелі яшчэ двое - адзін махаў жовто-блакитним сцягам, а другі граў на гармоніку і нешта спяваў! Вось такая класная і каларытная агіткампанія напярэдадні выбараў, мы патрапілі ў самую яе гушчу! : )))))

У добрым і вясёлым настроі ад убачанага мы пакінулі стары горад (дата заснавання Ўладзімір-Валынскага - ажно 866 год!).




Працяг будзе...

Папярэднія нататкі:
Моё путешествие,
Моё путешествие - 2,
Моё путешествие - 3,
Маё падарожжа - 4

путешествие, личное, Волынь, фотоальбом

Previous post Next post
Up