Сядзіба і вёска Зубкі.

Dec 22, 2023 19:40

У ваколіцах мястэчка Клецк нават у нашыя часы вельмі папулярна адное паданне. Быццам у вельмі старыя часы, больш за 1000 гадоў таму, тут стаяў адзін вельмі шанаваны ва ўсім наваколлі язычніцкі ідал у выглядзе жаночай постаці. Стаяў ён каля вёсак, якія нават у яго гонар і называліся - Вялікая і Малая Балвань. На беразе рэчкі Балванкі. Але надыйшлі іншыя часы, на гэтыя землі прыйшло хрысціянства, і адзін з клецкіх князёў загадаў знішчыць гэтага ідала. Княскія воіны павалілі яго ды разбілі на мноства кавалкаў. Але людзі з навакольных вёсак не збіраліся так проста развітвацца са сваёй шматгадовай святыняй ды расцягнулі гэтыя кавалкі па сваіх паселішчах, якія потым сталі называць адпаведна той частцы статуі, якая да іх патрапіла. Так каля Клецка з’явіліся вёскі Галавачы, Пузава і нават, прабачце, Цыцкавічы з Блячыным. У гэтым жа рэчышчы народныя показкі тлумачаць і назву вёскі Зубкі - як быццам, нехта прыхапіў ды прынес сюды сківіцу ад таго ідала.
Насамрэч, нічыі зубы тут, вядома, не замяшаныя, а назва вёскі пайшла ад прозвішча нашых літоўскіх шляхтічаў, якія тры стагоддзі валодалі ёй і мелі тут свой маёнтак. Род Іллінічаў-Зубко пад Клецкам лічыў сябе адной з галінаў роду Іллінічаў, якія мелі княскі і графскі тытулы і валодалі славутым Мірскім замкам. Магчыма, такая сувязь дзесьці ў глыбіні стагоддзяў сапраўды была, але ў дакументах яна ніяк не адбілася. Затое ёсць сведчанні аб сувязі з іншым княскім родам - Глінскіх.
Вядомы Міхаіл Глінскі нездарма разбіў татараў у 1506 годзе менавіта пад Клецкам. Тут знаходзіліся вотчынныя ўладанні іх роду, тут іх ведаў кожны чалавек, а яны ведалі кожны куток. Адсюль у 1508 годзе разышоўся па вялікім княстве іх мяцеж супраць улады. У Міхаіла Глінскага быў траюрадны брат Іван, які таксама стаў ягоным паплечнікам у гэтым мецяжы. Дык вось дачка гэтага князя Івана Глінскага Аўдоцця была замужам за шляхцічам наваградскага павета Андрэем Зубковічам. Падчас канфіскацыі земляў Глінскіх пасля іх мяцяжу ён нават здолеў атрымаць ад дзяржавы іх пэўную частку пад тым жа Клецкам. Так, відаць, і ўзнік тут маёнтак пад назвай Зубкі.
Сын Андрэя Зубковіча Іван быў прызначаны каралём Жыгімонтам І апекуном над слуцкім князем Юрыем Алелькавічам. У далейшым нашчадкі Зубковічаў пачалі звацца Іллінічамі-Зубко і вялі годнае жыццё ў сваім спадчынным маёнтку, час ад часу адзначаючыся на мясцовых сейміках у Наваградку. Юзаф Іллініч-Зубко ў сярэдзіне 18 стагоддзя быў спачатку наваградскім чашнікам, а потым амаль 40 гадоў мазырскім стольнікам. Яго сын Людвік быў мазырскім скарбнікам.
Назапашанае багацце дазволіла Іллінічам-Зубкам у 1787 годзе распачаць будаўніцтва новай сядзібы ў сваім маёнтку. Яна стаяла крыху ўбаку ад галоўнай вясковай дарогі і была разгорнута ў бок ракі Лань. Невялічкая пад’яздная алея праз каменную браму-агароджу прыводзіла на маляўнічы круглы пляц, дзе ў засені старых дрэваў стаяў вялікі драўляны дом з лістоўніцы. Яго архітэктура была даволі тыповай для заможных шляхецкіх сядзіб нашага краю. Трохкутны франтон з чатырма калюмнамі над ганкам, два магутныя крылы, што адыходзілі ад яго па баках пад высокім вальмавым дахам, з якога выглядвала некалькі комінаў.



Сядзібны дом у Зубках. Фотаздымак Яна Булгака 1901 г.

У тыя ж самыя часы (а можа, і яшчэ раней) побач з сядзібай ля дарогі была пабудавана невялікая ўніяцкая царква ў гонар Апекі Маткі Боскай. Гэта была драўляная простакутная базіліка ў традыцыйным для нашага краю спалучэнні народнага і барокавага стыляў. Над гонтавым дахам у яе высілася зграбная сігнатурка, а асобна стаяла яшчэ драўляная званіца, якая служыла адначасова і брамаю царкоўнага двара.



Царква ў Зубках. Фотаздымак канца 19 стагоддзя.

На жаль, не мінула і 10 гадоў, як уся гэтая прыгажосць апынулася захопленай Расійскай імперыяй. Але сям’я Іллінічаў-Зубко працягвала захоўваць памяць аб Рэчы Паспалітай. У 1820-х гадах гаспадар маёнтка Ян Іллініч-Зубко нават ахвяраваў добрую суму грошай на помнік Тадэвушу Касцюшку, які грамадскасць намагалася паставіць у Кракаве, які на той час быў у складзе Аўстра-Венгрыі. Помнік улады ўсталяваць не дазволілі, але дазволілі насыпаць у яго гонар Вядомы вялікі курган, які і дагэтуль высіцца ў Кракаве. І варта адзначыць, што ў гэтым ва ўсёй Еўропе вядомым помніку ёсць унёсак і ад маёнтка Зубкі!



Сядзібны дом у Зубках. Фотаздымак да 1917 г.

У ўзгаданага Яна Іллініча-Зубко была дачка Міхаліна. Не маючы дакладнага радаводу, магчыма, аднак, меркаваць, што яна ўсё ж была ў яго адзінай. Усю шматвякавую спадчыну свайго роду разам з сядзібай у Зубках яна прынесла ў пасаг свайму мужу. Шлюб быў удалы - з сынам знатнага судовага чыноўніка Мінскай губерніі з мястэчка Бабоўня Ўладзіславам Бярновічам. Новыя гаспадары крыху падрамантавалі сядзібны дом, павялічыўшы адно з ягоных крылаў і збудаваўшы побач невялікую таксама драўляную афіцынку.



Сядзібны дом і афіцына ў Зубках. Фотаздымак да 1917 г.

Да самага сядзібнага дому падступаў густы маляўнічы парк. На адной з яго палянаў стаяла цікавая адметнасць усёй сядзібы ў Зубках. Бярновічы набылі дзесьці ва Ўкраіне і прывезлі ў свой маёнтак сапраўдную каменную палавецкую бабу. Зроблена гэта было адмыслова, каб падкрэсліць памяць аб мясцовым паданні, якое мы прыводзілі ў пачатку гэтага артыкула - быццам гэта амаль такі ж ідал, які стаяў у гэтых краях шмат вякоў таму.



Палавецкая баба ў парку сядзібы ў Зубках.

Гістарычную памяць у Зубках захоўвала таксама сядзібная бібліятэка, у якой было мноства кніг, выдадзеных у даўнія часы ў тыпаграфіях Нясвіжа і Слуцка, а таксама дакументы рода Іллінічаў-Зубко ад самага 15-га стагоддзя, калі яны толькі пасяліліся тут пад Клецкам.
У 1844 годзе ў Зубках у Ўладзіслава і Міхаліны Бярновічаў нарадзіўся сын Ежы, які ў далейшым атрымаў маёнтак у спадчыну ад бацькоў. Ён ажаніўся са шляхцянкай Тэрэзай з Вэндарфаў з маёнтка Галынка на паўднёвы захад ад Клецка. У іх нарадзілася трое дзяцей - сыны Марыян і Леон і дачка Антаніна. У 1920-я гады Марыян Бярновіч працаваў на кафедры фізіялогіі раслін у Пазнаньскім універсітэце, а Леон у той жа час неаднаразова выбіраўся бурмістрам мястэчка Клецк. У Клецку Бярновічы цяпер мелі ўласны дом на вуліцы Пінскай. Але таксама не развітваліся і з маёнткам у Зубках. Ён нейкім цудам здолеў перажыць віхуры першай сусветнай і польска-бальшавіцкай вайны. На жаль толькі былі незваротна страчаны сядзібная бібліятэка і радавы архіў з найкаштоўнейшымі дакументамі. Сядзібны дом пасталеў і пастарэў, гаспадары ўжо не жылі ў ім стала, і цяпер пакоі ў ім нават здавалі ўлетку турыстам.



Сядзібны дом Бярновічаў у Зубках. Фотаздымак 1920-х гг.

“Старажытнасць тут дыхае з кожнага кутка, вокнаў, старадаўніх комінаў і вялікіх, цёмных ад часу, зробленых рукамі цвікоў, якія то тут, то там выслізгваюць з шэрых сцен бабулі-сядзібы. Пакоі ўнутры выглядаюць прыгожа і акуратна, заваленыя старой і стыльнай мэбляй, аксесуарамі, узрост якіх - некалькі сотняў гадоў, з алейнымі абразамі, многія з якіх каштуюць немалых грошай. У сядзібе таксама захавалася пара прыгожых шаўковых і залатых слуцкіх паясоў, а шматгадовы гадзіннік нагадвае нам пра даўнія часы і жыццё, якое бурліла тут, у гэтым гняздзе пасла на апошні сойм Рэчы Паспалітай, якое больш ніколі не вернецца”.

Так рэкламаваў сядзібу ў Зубках турыстычны даведнік 1920-30-х гадоў. Дзеля больш пільнай цікавасці ён прадстаўляў маёнтак як колішнюю сядзібу Міхала Бярновіча - шматгадовага пасла на соймы Рэчы Паспалітай, кавалера ордэна Белага Арла і св. Станіслава. Аднак, яго маёнтак насамрэч быў у Бабоўні, а ў Зубках, як мы ведаем, пасяліўся толькі ягоны ўнук Уладзіслаў.



Рэшткі старога сядзібнага парку ў Зубках.

Яшчэ адным новаўвядзеннем сядзібы ў Зубках міжваеннага часу быў вялікі яблыневы сад плошчаю 20 гектараў, разбіты, відаць, не без удзелу батаніка Марыяна Бярновіча. Розныя гатункі яблыняў давалі тут ураджай больш за сотню тон у год. Пасярод саду стаяў будынак сушыльні, у якой частка садавіны пераапрацоўвалася ў сушаны прадукт. Яблыкі з зубкоўскага саду рэгулярна прадаваліся на кірмашах Познані, Катавіцаў і нават Варшавы.



На гэтым месцы быў сядзібны сад у Зубках. У правай частцы здымку калісьці стаяла сушыльня для садавіны.

У тыя ж гады стаяла яшчэ ў Зубках і царква. Але, на жаль, у пачатку 20 стагоддзя яна была моцна перабудавана. Не тое, каб зусім дрэнна, але ўжо цалкам у рускім стылі. Цяпер тут ужо амаль нічога не нагадвала аб старадаўняй мясцовай уніяцкай архітэктуры.



Пакроўская царква ў Зубках пасля перабудовы.

Спакойнае жыццё гэтых мясцін перарваў 1939 год. Звесткі аб братах Бярновічах на Клеччыне з той пары абрываюцца. Цяпер ім ужо не ўдалося захаваць маёнтак і, здаецца, нават свае жыцці, як падчас першай польска-бальшавіцкай вайны. Апошняй жыхаркай сядзібы ў Зубках была жонка Марыяна Бярновіча Марыя. У 1942 годзе яе арыштавалі і кінулі ў канцлагер. І зрабілі гэта не немцы ці рускія, а беларуская паліцыя, бо палічыла яе “шкодным польскім элементам”. Марыя Бярновіч загінула ў тым жа годзе ў Калдычэве.





Рэшткі старой сядзібнай агароджы ў Зубках.

Сядзібны дом і іншыя будовы маёнтка ў Зубках былі знішчаны ў наступныя гады. Ці тое таемнымі падпаламі, ці тое афіцыйным зносам трактарамі - невядома, але ці так ужо і важна?.. Так ці інакш, старадаўняя сядзіба, якая стаяла на гэтай сямлі з сярэднявечных часоў, перастала існаваць. Пазней, у 1960 годзе, гэтаксама дашчэнту знішчылі зубкаўскую Пакроўскую царкву. Таталітарны рэжым мэтанакіравана знішчаў усё, што нагадвала б тубыльцам аб несавецкім мінулым. Нават палавецкую бабу з сядзібнага парка, якая была заклікана захоўваць памяць пра старыя легенды, уцягнулі з месца ды кінулі глыбока ў сховішчы краязнаўчага музея ў Мінску, дзе яна валяецца і дагэтуль.



Прыкладна на месцы гэтага дома калісьці стаяла зубкаўская царква.

Яблыневы сад, вядомы далёка за межамі Зубкоў, за савецкім часе яшчэ функцыянаваў як калгасны, але цяпер яго вырубілі, і на ягоным месцы расце бульба і кукуруза. Новы сад расце цяпер у іншым месцы вёскі за дарогай. Ён нават больш вялікі, чым былы панскі, бадай што найвялікшы ва ўсім Клецкім раёне. Але наўрад ці хто ў сучасных Зубках памятае той панскі клопат, дзякуючы якому тут з’явіліся такія садовыя традыцыі. І яшчэ ўвогуле вельмі шмат чаго…


усадьбы, путешествия, храмы

Previous post Next post
Up