Лецяшын - гэта былая ўтульная сядзіба з багатай гісторыяй у самым сэрцы Наваградскага ваяводства Вялікага княства Літоўскага. У 18 стагоддзі гэты маёнтак на ўсход ад Клецка належаў слыннаму наваградскаму ваяводзе
Юзафу Несялоўскаму, якому ў свой чарод той дастаўся ў пасаг ад жонкі Катажыны з князёў Масальскіх. У 1788 годзе, у год пачатку
Вялікага сойму Рэчы Паспалітай, Несялоўскі прадае Лецяшын і фальварак Малыя Савічы побач віцебскаму ротмістру Францішку Ксаверыю Чарноцкаму. Пасада Чарноцкага была на той час чыста сімвалічнай, бо Віцебск з 1772 года знаходзіўся пад уладай Расійскай імперыі. І можа, ён ужо прадчуваў нешта не надта добрае, калі пажадаў набыць для сваёй сям’і маёнткі яшчэ падалей ад расійскай мяжы. Ёсць і болей відавочная прычына: ў Францішка Ксаверыя было пяцёра дзядзькаў з сем’ямі і два ўласныя браты. І ўсе яны мелі правы на пэўную долю іх роднага маёнтка Ляды пад Мінскам, набытым яшчэ ў 1704 годзе дзедам Францішка Ксаверыя Янам Мнішкам Чарноцкім. Таму яшчэ і каб забяспечыць маёмасцю ўласную галіну рода, Чарноцкі набывае сабе новыя сядзібы ў Наваградскім ваяводстве.
Набыўшы Лецяшын Чарноцкі не стаў адразу жыць у ім. Ён арэндаваў у князёў Радзівілаў фальварак Заракаўцы, які знаходзіўся роўна пасярэдзіне паміж Лецяшынам і Малымі Савічамі, а ў набытых маёнтках пачаў вялікае будаўніцтва. У Лецяшыне мусіў паўстаць новы драўляны палац, крыніцай для натхнення для якога, мабыць, паслужыў радзівілаўскі палац у недалёкіх Радзівілімонтах, які будаваўся ў тую ж пару. Абодва будынкі маюць падабенства ў стылістычных і будаўнічых прыёмах. Палац у Лецяшыне меў два бакавыя крылы пад высокім чатырохсхільным дахам, цэнтральны портык з чатырма калюмнамі класічнага стылю і балюстрадай на другім паверху, на якой быў выяўлены герб Чарноцкіх “Ліс”. Пазней крылы сядзібнага дома былі сіметрычна пашыраны дабудовамі. Вакол палаца былі закладзены некалькі ліпавых прысадаў, сярод якіх размясцілася таксама драўляная родавая капліца-пахавальня, выбудаваная ў спалучэнні стыляў класіцызма і готыкі.
Сядзібны дом Чарноцкіх у Лецяшыне
Наваселле ў сядзібе Чарноцкія справілі ў 1793 годзе. У гэты ж год Лецяшын, а таксама ўсе маёнткі Чарноцкіх у Менскім ды Ігуменскім павеце падпалі пад расійскую акупацыю ў г.зв. другім падзеле Рэчы Паспалітай. Аднак на дабрабыце сядзібы гэта ніяк не адбілася. Больш за тое, у пачатку 19 стагоддзя Францішак Чарноцкі набывае ў князей Масальскіх суседні
маёнтак Нача. Гэта дазволіла яму падзяліць свой род на дзьве галіны - яго старэйшы сын Караль працягнуў жыць у Лецяшыне, а малодшы Міхал заснаваў радавое гняздо ў Начы.
У гэты ж перыяд у Лецяшыне жыў малады сваяк сям’і Адам Чарноцкі, які даводзіўся Францішку Ксаверыю стрыечным пляменнікам. Тут ён спачатку атрымліваў хатнюю адукацыю разам з Міхалам і Каралем, а потым вучыўся ў павятовай вучэльні ў Слуцку. У хуткай будучыні Адам Чарноцкі стане выдатным гісторыкам і археолагам, вядомым пад імем
Зарыяна Даленга-Хадакоўскага.
А сам спадкаемца Лецяшына Караль Чарноцкі абраў для сябе кар’еру ў межавым судзе Слуцкага павета, у якім ён урэшце зрабіўся маршалкам. Гэта была годная і паважаная праца ва ўмовах расійскай акупацыі, бо гэтая пасада і ўстанова сягалі каранямі яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай. Межавы суддзя меў стасункі пераважна з шляхецкім асяроддзем свайго павету і звычайна карыстаўся сярод яго вялікай павагай. З сваёй жонкай Амеліяй з Рэвіньскіх Караль меў шасцёра сыноў.
Жыццё гэтага пакалення роду Чарноцкіх прыйшлося на часы двух паўстанняў супраць Расійскай імперыі. Падчас першага, у 1831 годдзе, яны былі яшчэ малымі, а вось у наступным у 1863 годзе некаторыя адзначыліся ўдзелам. Малодшы з сыноў Караля Ян Чарноцкі (які меў ад бацькоў невялікі маёнтак Малыя Савічы) ўступіў у паўстанцкі аддзел Уладзіслава Машэўскага разам са сваім кузэнам Віктарам з Начы. Аддзел быў разбіты ў першым жа баі ля вёскі Азярцы пад Слуцкам. Абодва Чарноцкія былі захоплены ў палон і праз некаторы час паводле прысуду былі вымушаны выправіцца ў выгнанне ў Сібір на 10 гадоў. У той жа час у
мястэчку Цімкавічы г.зв. сялянскай вартай быў схоплены яшчэ адзін сын Караля Чарноцкага Ўладзімір.Ён не браў удзелу ў паўстанцкім аддзеле і быў відавочна схоплены толькі за тое, што быў “польскім панам”. На следстве ён, верагодна, не выявіў дастаткова “верноподданіческіх” настрояў, таму таксама быў прысуджаны да той жа сібірскай высылцы. Па дарозе ў яе Ўладзімір Чарноцкі цяжка захварэў і памёр ва ўзросце ўсяго 35 год. Ян Чарноцкі здолеў перажыць пакаранне, атрымаў дазвол на жыхарства ў Каралеўстве Польскім і нават завёў сям’ю з Марыяй з Касецкіх. Яго нашчадкі потым валодалі ўсё тымі ж яго спадчыннымі Малымі Савічамі побач з Лецяшынам.
У вірах гэтых неспакойных часоў спадчыну рода “прыкрываў” Густаў Чарноцкі. Ён не ўдзельнічаў у нейкіх паўстанцкіх захадах, хоць асабіста, магчыма, ім і спачуваў. Густаў Чарноцкі быў выхаванцам Дэрпцкага ўніверсітэта, ў якім вывучаў права і дыпламатыю. Потым ён пэўны час працаваў у якасці хатняга настаўніка ў розных шляхецкіх маёнтках, але ўрэшце асеў як гаспадар у родным Лецяшыне. Тут ён ажаніўся з Юзэфай Свянціцкай з суседняга маёнтка пад Клецкам, які нават называўся гэтак жа, як сядзіба яго кузэнаў - Нача. У часы Густава Чарноцкага ў другой палове 19 стагоддзя сядзібна-паркавы комплекс у Лецяшыне набыў свой канчатковы і завершаны выгляд.
Парадны ўезд у маёнтак вёў з усходу ад суседняга маёнтка Пузава, што належала слыннаму Эдварду Вайніловічу. Там праходзіў тракт, які вёў з Цімкавічаў і Слуцка далей на захад. Дзесьці за кіламетр да сядзібы на шляху з’яўлялася шыкоўная дубовая прысада. Яшчэ адна такая ж ішла паралельна з былой дваровай вёскі Дзягцяны. Прысады гэтыя былі высаджаны з дубровы, якая належала Чарноцкім, што знаходзілася паміж Лецяшынам і Пузава. Зараз на гэтым месцы няма ані дрэўца - голае поле - а пры Чарноцкіх быў гадавальнік выкшталцоных дубоў. Прысады вялі да каменнай брамы з чатырох слупоў, за якой адкрываўся вялікі круглы парадны двор з сядзібным домам.
Выгляд сядзібы ў Лецяшыне ад уязной брамы.
Пасля дадатковых дабудоў дом агулам меў 21 пакой. Вялікі салон у цэнтральнай частцы дома меў плошчу 100 кв. метраў. У ім былі два каміны, мэбля з каштоўнага дрэва, вялікая бронзавая жырандоля. Пасярэдзіне стаяў раяль з арэху, а на сценах віселі партрэты - Францішка Ксаверыя Чарноцкага з жонкай Схаластыкай з Даўгялаў пэндзля
Яна Рустэма і Караля Чарноцкага з жонкай Амеліяй з Рэвіньскіх невядомага аўтара. Таксама адну сцену салона амаль цалкам займала вялікая карціна
Юліуша Косака, на якой была выяўлена дуэль вялікага кароннага падкаморыя Казіміра Панятоўскага (брата караля Станіслава Аўгуста) з люблінскім ваяводай
Адамам Тарлам.
Сядзібны дом Чарноцкіх у Лецяшыне
Справа ад уязной брамы пад паркавымі ліпамі знаходзілася ўжо ўзгаданая родавая капліца. Побач з ей стаяла старажытная ліпа, пра якую казалі, што яна мае ўзросту ўжо 500 год. На гэтай ліпе вісеў каплічны звон. Злева ад уезду была драўляная стайня і мураваная афіцына, у якой знаходзілася сядзібная бібліятэка. У ёй было каля пяці тысяч выданняў 18 і 19 стагоддзяў на шматлікіх еўрапейскіх мовах. Кнігі былі пазначаны экслібрысам з гербам Ліс і надпісам “Бібліятэка Чарноцкіх з Лецяшына”.
За домам знаходзіліся гаспадарчыя пабудовы і паркавыя прысады, якія вялі да невялікага комплексу сажалак, зробленых на мясцовым ручайку пад назвай Конік.
Вось такі прыгожы маляўнічы куток меў Густаў Чарноцкі з сям’ёй пад Клецкам. У ім ён і скончыў свой зямны шлях у 1890-м годзе і быў пахаваны ў фамільнай капліцы маёнтка. Лецяшын жа атрымалі ў спадчыну яго сыны - спачатку старэйшы Адам, а пасля яго раптоўнай смерці ў 32 гады ў 1906 годзе, малодшы Стэфан.
Капліца-пахавальня Чарноцкіх у Лецяшыне.
Стэфан скончыў мясцовую гімназію ў Слуцку і ўніверсітэт у Пецярбургу. Вярнуўшыся на радзіму ён ахвотна ўзяўся за гаспадарку, жадаючы палепшыць не толькі ўласны дабрабыт, але і стан ўсяго навакольнага краю. З 1905 года Стэфан Чарноцкі стаў на чале ашчадна-крэдытнага таварыства ў Клецку, заснаванага ў 1881 годзе Эдвардам Вайніловічам. Гэтая ўстанова, якую негалосна называлі ў наваколлі “Клецкі банк”, займалася крэдытаваннем і страхаваннем мясцовай шляхты, сялян і рамеснікаў. Свабодныя сродкі, якія акумуляваліся ў гэтым таварыстве, дасягалі значных сум і звычайна размяшчаліся ў дзяржаўным і камерцыйных банках, такім чынам папаўняючы яго рахункі. Гэта дазваляла ў выпадку надзвычайных сітуацый нават аказваць фінансавую дапамогу камусьці з жыхароў краю.
Да першай сусветнай вайны Стэфан Чарноцкі паспеў і ажаніцца. Яго выбранніцай стала Зоф’я Даманская з маёнтка Заляддзе пад мястэчкам Цімкавічы. У пары нарадзіліся сыны Казімір і Тадэвуш. А потым мірнаму жыццю надышоў канец…
Падчас набліжэння лініі фронту Стэфан выправіў жонку з дзецьмі ў Менск, а сам заставаўся ў Лецяшыне да 1918 года. Тут у снежні гэтага года ён сустрэў вестку аб забойстве ў маёнтку ў Начы сваякоў бацькі і сына Чарноцкіх. Існавала рэальная верагоднасць таго, што натхнёныя бальшавіцкай рэвалюцыяй сяляне паспрабуюць рэалізаваць такі ж сцэнар і ў Лецяшыне ўжо ў дачыненні да самога Стэфана. Таму ён быў вымушаны выехаць з маёнтка да жонкі і дзяцей у Менск, але ўжо там быў схоплены бальшавікамі. Пры адступленні з Менска ў 1919 годзе Стэфана Чарноцкага вывезлі ў Смаленск у якасці закладніка, каб потым абмяняцца з палякамі на іх палонных. Гэта і было зроблена ў снежні 1919 года. Але толькі вярнуўшыся ў родныя мясціны, Чарноцкія ізноў былі вымушаны збірацца ў выгнанне - з усходу насоўвалася савецкая навала. У той час у Слуцкім павеце можна было назіраць такую карціну - цэлыя працэсіі вазоў цягнуліся на захад, падобна як яшчэ зусім нядаўна падобныя караваны ўцекачоў першай сусветнай ехалі на ўсход. Гэта ратаваліся ад бальшавіцкіх барбараў шляхецкія сем’і - галоўныя ўласнікі і дабрадзеі гэтага краю… Абоз Чарноцкіх складаўся з дзесяці вазоў, якімі кіравала дваровая служба, парабкі і нават іх хатні настаўнік англійскай мовы. Чарноцкія хаваліся пад Варшавай, аж пакуль не здарыўся вядомы
“цуд над Віслай”. Пасля Стэфан Чарноцкі неадкладна выехаў у Нясвіж, каб там чакаць звестак аб усталяванні мяжы.
Рыжская мірная дамова забрала ў Чарноцкіх большую частку іх маёнткаў. На савецкім баку застаўся фальварак Малыя Савічы з вялікімі ляснымі палеткамі. А Лецяшын апынуўся на самай мяжы. Ягоныя дубовыя прысады, якія раней вялі ў госці да Даманскіх і Вайніловічаў, цяпер літаральна ўпіраліся ў межавыя слупы, адкуль шчэрыла зброяй бальшавіцкая арда. Але тыя ж Даманскія з Вайніловічамі маглі ім толькі пазайздросціць, бо ў тых гэтая завала забрала цалкам усю зямлю…
У 1920-я гады Стэфану Чарноцкаму давялося адраджаць зруйнаваны маёнтак і навакольную гаспадарку. Стары дом у Лецяшыне стаяў хоць і цэлы, але моцна парабаваны. Апаганеныя былі нават труны ў фамільнай капліцы. Навокал у сялянскіх хатах цяжка было знайсці хаця б аднаго жывога каня ці хаця б адзін цэлы плуг. Стэфан Чарноцкі, адраджаючы ўласны маёнтак, дбаў таксама і аб простых людзях побач, дапамагаючы ім дзе юрыдычна, а дзе і матэрыяльна. У навакольных вёсках ён нават зрабіўся чымсьці накшталт арбітра ў сямейных маёмасных справах, дапамагаючы сялянам у размежаванні іх зямлі.
Стэфан Чарноцкі з сынам Тадэвушам на ганку дома ў Лецяшыне.
Жыццё паступова вярнулася ў Лецяшын. Жонка Стэфана Чарноцкага жыла з сынамі ў Варшаве, але цяпер яны ўсё часцей наведваліся на лета ў родныя мясціны. Казалі, што са зборам сям’і Чарноцкіх нібы ўвесь павет абуджаўся ад зімовага сну. У Лецяшыне ізноў, як у добрыя старыя часы аднавіліся таварыскія шляхецкія вечарыны. І гэта ля самай савецкай мяжы, за якой лютавалі жахі таталітарных рэпрэсій.
Сям'я Чарноцкіх на ганку дома ў Лецяшыне ў 1930-я гады. На пярэднім плане сядзяць Казімір Чарноцкі з жонкай Галінай з Гемпеляў, у цэнтры сядзяць Стэфан і Зоф’я Чарноцкія, ззаду стаяць сваяк Зоф’і Адам Даманскі, кузіна Галіны Дзіта Гемпель і Тадэвуш Чарноцкі.
У 1928 годзе да Стэфана Чарноцкага звярнуўся сам нясвіжскі князь Альбрэхт Радзівіл з просьбаю дапамагчы знайсці аканома ў ягоны маёнтак у Радзівілімонтах пад Клецкам. Стэфан рэкамендаваў туды сваіх пляменнікаў Багуслава і Вацлава Залескіх. З 1938 года Чарноцкі сам становіцца на чале радзівілімонтаўскага маёнтка. А сваю сядзібу ў Лецяшыне ён пакідае старэйшаму сыну Казіміру. Той адмыслова рыхтаваўся да ролі гаспадара, скончыў агранамічны інстытут у Бельгіі і праходзіў практыку ў польскім міністэрстве земляробства. Яшчэ Казімір паспеў адслужыць у войску і стварыць сям’ю з Галінай з Гемпеляў, дачцы буйнога землеўласніка-народніка Антонія Гемпеля. Пасля таго, як Казімір з Галінаю пасяліліся ў Лецяшыне, у 1939 годзе ў іх нарадзіўся сын Анжэй.
Галіна з Гемпеляў і Зоф’я з Даманскіх Чарноцкія ў парку ляцешынскай сядзібы
Але той жа 1939 год апынуўся чорным для лёсу ўсёй Еўропы. Пасля нападу Германіі на Польшчу абодва браты малодшага пакалення Чарноцкіх мабілізаваліся ў войска. Стэфан з Зоф’яй і Галіна з малым сынам чакалі ў сваіх сядзібах пад Клецкам. Тут іх і заспеў раптоўны наступ хаўрусніка немцаў - СССР. Усе яны былі схопленыя НКУС. Стэфан Чарноцкі быў пасаджаны спачатку ў вязніцу ў Клецку, а потым вывезены ў Менск. Тут яго сляды назаўжды згубіліся дзесьці ў гэбісцкіх падвалах. Зоф’я і Галіна з сынам былі высланыя ў канцлагер у Казахстан. Разам з імі, дарэчы, туды ж адправілі і аканомку ляцешынскай сядзібы Разалію Кандыбу. Там у нячалавечых лагерных умовах маленькі Анжэй, якому яшчэ не было і года, цяжка захварэў і без належнай медыцынскай дапамогі памёр на руках у маці…
Казімір і Тадэвуш Чарноцкія былі ўзятыя ў палон савецкімі войскамі ва Ўкраіне. Не прайшло і года, як Тадэвуша, які толькі перад вайной скончыў універсітэт, расстралялі ў
лагеры ў Старабельску. А вось Казіміру падчас этапу ўдалося неяк збяжаць. Ён прабраўся на нямецкую тэрыторыю, дзе быў узяты ў палон ужо нацыстамі. Некалькі далейшых гадоў ён сядзеў у нямецкай турме, але застаўся жывы. Пасля вайны ён здолеў уз’яднацца з жонкай і маці, якія ў 1943 годзе былі вызваленыя па амністыі са сталінскіх лагераў.
Але жыць Чарноцкім цяпер было наканавана далёка ад роднага Лецяшына. Падчас другой сусветнай вайны сядзіба была дашчэнту разбурана. Не падчас баёў, а проста так - каб яе больш не было. Ці зрабілі тое савецкія партызаны, ці мясцовыя жыхары, ці і адны, і другія ў негалосным хаўрусе - дакладна невядома. Амаль увесь стары сядзібны парк паступова павысякалі на дровы. Нават назву ад самой сядзібы савецкія людзі пакралі. Сёння Лецяшынам завецца суседняя вёска, якая спрадвеку насіла назву Чарапы.
Рэшткі лецяшынскага парку і двара сёння.
Нейкім цудам на тэрыторыі былой сядзібы засталася адзіная драўляная пабудова! Невялікі драўляны свіранчык 19 ці пачатку 20 стагоддзя самотна стаіць пасярод былога двара і не ведае, колькі яшчэ яму засталося тут быць.
Старой сядзібнай брамы, капліцы-пахавальні - няма ані следу. У зарасніку - вялізная прамавугольная яма на месцы сядзібнага дома. Калі паварушыць зямлю на яе месцы, дык хутка пакажуцца абгарэлыя вуголлі - сумны след таго, што адбылося са стварэннем Францішка Ксаверыя Чарноцкага, у якім жылі пакаленні яго роду.
Месца, дзе калісьці стаяў сядзібны дом.
Проста перад домам мясцовыя калгаснікі звозяць і высыпаюць у кучу тоны гною. Што ж, які час, такія і падарункі сядзібе ад нашчадкаў. Вялікая брудная смуродная лужына чорным шнарам расцяклася па некалі выкшталцоным двары…
“Крэпкія хазяйственнікі” савецкай Беларуссіі дашчэнту выпілілі дуброву Чарноцкіх, але на дзіва прызналі “помнікам прыроды” дзве найпрыгажэйшыя дубовыя сядзібныя алеі. Прынамсі пакуль ім не паграджае скончыць свой век у бліжэйшай калгаснай кацельні. Месца і сапраўды выключнай прыгажосці! Двухсотгадовыя дубы сплятаюцца пакручастымі галінамі над шырокай дарогай, якая ішла тут калісці. Ды толькі людзі тут амаль што не ходзяць. У дубах пасяліліся крумкачы, якія лётаюць сярод галін і каркаюць тут, як на могілках, нібы ў жалобе па тым, хто шмат гадоў жыў тут, аб кім ужо даўно забыўся тутэйшы народ…