Сядзіба Жабаўшчына.

Jun 06, 2023 19:52

Маёнтак Жабаўшчына ляжыць на магутных маляўнічых пагорках паміж Лагойскам і Радашковічамі на поўначы сучаснага Мінскага раёна. Тутэйшыя мясціны - адны з самых узвышаных ва ўсёй Беларусі. Не так далёка адсюль і Лысая Гара - другі па вышыні ўзгорак нашай краіны. Але вонкавая веліч і прыгажосць гэтых ландшафтаў кампенсавалася, на жаль, неўрадлівасцю тутэйшых глебаў, у якіх старажытны ледавік пакінуў шмат камення і гліны. Таму ў старыя часы гэтыя мясціны не карысталіся папулярнасцю ў землеўладальнікаў для заснавання маёнткаў. Аднак невялічкія сядзібы і фальваркі, такія як Жабаўшчына, ўсё ж былі.
Напачатку 17 стагоддзя Жабаўшчыну фундатары з ліку шляхты Менскага павета ахвяравалі ў валоданне новастворанаму базылянскаму манастыру Святога Духа, што размясціўся на Высокім Рынку ў Менску. Належала яму Жабаўшчына разам з некалькімі навакольнымі вёскамі амаль два стагоддзі. У 1795 годзе, пасля захопу Рэчы Паспалітай Расіяй, імператрыца Кацярына ІІ была вельмі раззлавана заможнасцю гэтага кляштара на фоне гаротнага стану адзінага на той час праваслаўнага менскага Петрапаўлаўскага манастыра. Лютасць імператрыцы была настолькі вялікай, што яна аддала загад базылянскі манастыр папросту… разагнаць! Ягоныя будынкі ў Менску аддаць узгаданаму Петрапаўлаўскаму манастыру, а маёмасць па-за горадам сканфіскаваць. Жабаўшчыну аддалі ажно слуцкаму праваслаўнаму Іллінскаму манастыру, які ў той час таксама аднаўляўся пад расійскім фундатарствам. Але, відаць, кіраваць такім аддаленным валоданнем гэтаму манастыру было не надта зручна, таму праз пэўны час Жабаўшчына перайшла ў дзяржаўную ўласнасць.



Інжынерны малюнак Менскай царквы і кляштара Святога Духа 1800 г.

У 1860-х гадах Жабаўшчына была набыта менскай Марыінскай жаночай гімназіяй, прычым падобна на тое, што яе дырэктар, Мікалай Лякторскі, правярнуў тут нейкую аферу. Прынамсі, спачатку яна была аформлена на гэтую ўстанову, а праз некаторы час… асабіста на пана Лякторскага. Здаецца, хтосьці набыў сабе маёнтак за казённы кошт.
Аднак хітры пан дырэктар неўзабаве памёр, так і не паспеўшы атрымаць, як мае быць, асалоду ад свайго набытку. А ягоная ўдава пачала шукаць новых пакупнікоў на непатрэбную ёй маёмасць. Гэтым пакупніком апынуўся адстаўны палкоўнік, кавалер Георгіеўскага крыжа, Канстанцін фон Вульферт.
Вульферты былі родам нямецкага паходжання, які ўжо працяглы час жыў у горадзе Выбаргу ў Фінляндыі. Карані іх сыходзяць у нямецкую зямлю Паўночны Рэйн-Вестфалія, дзе яны ў часы сярэднявечча былі паважнымі мяшчанамі, якія займалі вышэйшыя пасады ў гарадскіх магістратах. Пазней Вульферты перабраліся ў Выбарг. Бацька Канстанціна фон Вульферта Антоній быў кіраўніком выбаргскай мытні. Сам Канстанцін пайшоў на вайсковую службу, на якой правёў паўстагоддзя, а пасля сыходу ў адстаўку заклапаціўся аб набыцці нейкай сядзібы, ў якой ён мог бы разам з сям’ёй правесці старасць. Даволі нечакана, але такой сядзібай стала менавіта Жабаўшчына. Тут палкоўнік фон Вульферт і памёр у 1886 годзе.



Палкоўнік Канстанцін фон Вульферт, уладальнік Жабаўшчыны ў 1870-1880-я гады.

Пасля ягонай смерці гаспадыняй Жабаўшчыны 14 гадоў заставалася ягоная ўдава Соф’я, а пасля таго, як яна таксама памерла, сюды прыязджае яе малодшая дачка Яўгенія разам з сваім грамадзянскім мужам - вядомым ужо на той час мастаком Іванам Пахітонавым.
Насамрэч Іван Пахітонаў з 1882 года быў жанаты з роднай сястрой Яўгеніі - Мацільдай, выпускніцай Сарбонскага ўніверсітэта, адной з першых жанчын-медыкаў у Расійскай імперыі. Нягледзячы на тое, што ў шлюбе ў іх нарадзілася тры дачкі, стасункі паміж імі з цягам часу зусім пагоршыліся, а раптоўная закаханасць Івана ў Яўгенію канчаткова пахавала адносіны. Дайшло да таго, што ў 1891 годзе Пахітонаў разам з сваёй новай каханкай схапіў усіх трох дачок і спрабаваў схавацца з імі ад жонкі дзесьці на Каўказе. Але Мацільда дайшла ажно да цара Аляксандра ІІІ, каб яе няўдалага мужа расшукалі, а апеку над дзецьмі юрыдычна прысудзілі ёй. У дадатак яшчэ яна катэгарычна адмовілася даваць Пахітонаву развод, і з гэтай прычыны нават нарожданы ў 1893 годзе іх з Яўгеніяй сын Барыс быў запісаны на прозвішча маці і таксама стаў Вульфертам.



Іван Пахітонаў. Партрэт Іллі Рэпіна 1889 г.

Пасля ўсіх гэтых няшчасцяў Іван Пахітонаў быў вельмі зацікаўлены ў тым, каб змяніць кола зносінаў і схавацца ад усяго свету. Такую магчымасць дала яму ў 1901 годзе Жабаўшчына. На жаданне пераехаць у далёкую правінцыйную сядзібу паўплывала таксама захапленне Пахітонава творчасцю і ідэямі Льва Талстога. Ён таксама лічыў, што блізкасць да простага народу і прыроды ачысціць яго пачуцці і думкі.
І сапраўды з творчага пункту гледжання “жабаўшчынскі” перыяд Пахітонава стаў вельмі плённым. Прыгажосць навакольнага краю натхніла яго на стварэнне цэлага шэрагу карцін, на якіх ён адлюстраваў побыт і выгляд сваёй сядзібы. Дзякуючы гэтаму, мы зараз можам уявіць, як выглядала жыццё ў такіх невялікіх маёнтачках, якіх былі дзясяткі і сотні па ўсёй Літве і Белай Русі.
Пасля смерці Сафіі фон Вульферт Жабаўшчына належала яе сыну Фрыдрыху (ці на расійскі манер - Фёдару). Але той, скончыўшы Пецярбуржскі тэхналагічны інстытут, жыў спачатку ў Расіі, а потым, ажаніўшыся, пераехаў у маёнтак жонкі Лумна на Падляшшы. Таму ён без праблемаў пагадзіўся аддаць Жабаўшчыну пад жытло сям’і сваёй сястры.



Яўгенія Вульферт. Фотаздымак 1909 года.

Маёнтак быў вельмі сціплы і нават бедны па шляхецкіх мерках. Брамаю ў яго служылі ўсяго толькі два простыя завостраныя уверсе драўляныя слупы.



Уезд у маёнтак Жабаўшчына. Тут і далей малюнкі Івана Пахітонава.

Ніякай каменнай агароджы таксама не было. Замест яе быў звычайны сялянскі тын, а ў найбольш “парадных” месцах штыкетнік з дашчэчак.



Ля старога дома ў Жабаўшчыне.

Аднапавярховы сядзібны дом стаяў на ўзгорку ў вельмі маляўнічым месцы, але быў такі невялікі і сціплы, што нагадваў, хутчэй, нейкую больш-менш заможную сялянскую хату. У далейшым Іван з Яўгеніяй перабудавалі гэты дамок, зрабіўшы яго больш выкшталцоным. Быў зроблены вальмавы дах, каб у доме з’явіўся больш паўнавартасны другі паверх, і з аднаго боку дадалася невялічкае крыло, што сканчалася тэрасамі на кожным паверху. Таксама, дадаліся новыя дзверы з процілеглага боку дома, якія сталі весці ў невялічкі яблыневы сад.



Новы дом Пахітонавых-Вульфертаў у Жабаўшчыне.

Галоўны ўваход у дом быў пазначаны сціплым порцікам на дзвюх невялікіх драўляных калюмнах-слупках. Цікава, што проста поруч з гэтым порцікам-ганкам стаяла сабачая будка, утвараючы разам з домам гарманічны ансамбль.



Ля ўваходу ў дом у Жабаўшчыне. Аўтарская назва малюнка - “Пасля дажджу”.

Злева ад галоўнага ўваходу ў дом знаходзілася вялізная лужына, у якую сцякала талая і дажджавая вада і якая не высыхала нават улетку. Іван з Яўгеніяй прывялі і яе да ладу, абкапаўшы гэтак, што яна стала хаця б трошкі нагадваць сажалку.



Ля сажалкі ў Жабаўшчыне.

За яблыневым садам стаяў яшчэ адзін драўляны дом, які да перабудовы не надта і адрозніваўся ад галоўнага. Хутчэй за ўсё тут жылі дваровыя служкі, якія клапатліва даглядалі лад сядзібы.



Службовы дом за садам у Жабаўшчыне.

Іван Пахітонаў па-мастацку натхняўся Жабаўчынай, ствараўшы тут замалёўкі яе чароўных краявідаў, абразкоў з сядзібнага жыцця, палявых працаў, паляванняў. На жаль, цягнулася гэта толькі 5 гадоў. Пахітонаву быў неабходны еўрапейскі ўзровень медыцыны. Да таго ж ён даволі дрэнна пераносіў неабходнасць стасункаў з правінцыйнымі расійскімі чыноўнікамі. Напрыклад, маючы неабходнасць вырашыць пэўную судовую справу ў суседнім мястэчку, ён быў вымушаны некалькі месяцаў чакаць сустрэчы з суддзёй, таму што той быў… у запоі. Таму ў 1906 годзе Пахітонаў без вялікіх шкадаванняў з’язджае ў Бельгію. У Расійскую Імперыю ён адгэтуль прыязджаў хіба толькі для арганізацыі сваіх выстаў.



Летні краявід у Жабаўшчыне.

Жабаўшчына ж прастаяла да 1917 года ў валоданні Фрыдрыха Вульферта, а потым згінула ў віры войнаў і рэвалюцыяў… Зямлю маёнтка падзялілі на кавалкі пад будоўлю новых сялянскіх хат, а ў нашы часы - яшчэ і лецішчаў. Ад сядзібнай эпохі засталіся тут хіба старыя магутныя дрэвы.





Сучасны выгляд месца сядзібнага двара і дома ў Жабаўшчыне.

І толькі прыгожыя краявіды лясістых пагоркаў Менскага ўзвышша ўсё такія ж, што і сто, і тысячу гадоў таму. Яны, як і раней, здольныя натхніць на творы яшчэ не аднаго мастака, калі б толькі яны яшчэ заяжджалі сюды…





Краявід з Жабаўшчыны ў пачатку 20 стагоддзя і больш як праз 100 год пазней.

усадьбы, путешествия

Previous post Next post
Up