Гістарычны ландшафт
мястэчка Волмы настолькі багаты і разнастайны, што яно напрыклад мае ў сябе адразу дзьве даўнія шляхецкія сядзібы побач. Увогуле ў Волме на працягу ўсёй гісторыі існавала сваеасаблівая “церазпалосіца” ў зямельных уладаннях. Яны закладваліся адно адному, здаваліся ў арэнду, потым выкупаліся ці не выкупаліся, за іх судзіліся гадамі і нават дзесяцігоддзямі. Пра тое, як Багуслаў Радзівіл заклаў свае ўладанні ў мястэчку дзеля вайсковых выдаткаў, ды пра іншыя абставіны пакручастага лёсу, ужо напісана ў
адпаведным нарысе. Там жа ўзгадваецца і імя Іахіма Юдзіцкага - зацятага паплечніка Караля Радзівіла “Пане Каханку”. Ад яго Юдзіцкі прыдбаў на Волме вельмі выгадную арэнду, а з часам шмат на што нават і ўласнасць. Але была ў яго і вялікая непрыемнасць - сямейнае жыццё. Адносіны з жонкай, Тэрэзай з Багамольцаў, былі ў яго такія кепскія, што Іахім упарта жадаў з ёй разводу нават будучы ўжо ва ўзросце за 60 гадоў. Ён так і памрэ - ў 1799 годзе у Магілёве, паехаўшы па разводны дазвол да біскупа
Богуш-Сестранцэвіча. Мужчынскіх нашчадкаў у Юдзіцкіх з Волмы не было, былі дзьве дачкі - Катажына і Марыя, якіх літаральна выпіхнулі замуж яшчэ пры жыцці бацькоў. Катажыну - за Севярына Дзерналовіча, стражніка Быхаўскага павета, а Марыю за каралеўскага шамбеляна Яна Пузыню. Прычым няшчасную Марыю выдалі ўсяго ў 12 гадоў, гвалтам абвянчаўшы проста ва ўласным доме ў Волме. Так было патрэбна бацькам дзеля вырашэння надзённых маёмасных праблемаў. Не дзіўна, што абедзьве дачкі развяліся, як толькі бацькі выправіліся ў іншы свет. Катажына пайшла за генерала Юзафа Вішчынскага, з якім яна на той час ужо мела агульнае дзіця, а Марыя, як не дзіўна… за роднага брата свайго былога мужа, рагачоўскага маршалка Томаша Пузыню.
Капаліншчына. Дарога да сядзібы.
У 1819 годзе ў сям’і Томаша і Марыі з Юдзіцкіх Пузыняў купляе двары ў Волме шляхціч Рафал Капалінскі. Ён паходзіў з польскага роду даволі экзатычнага герба “Капашына”, якім карыстаўся хіба які дзясятак шляхецкіх сем’яў Польшчы. Мелі Капалінскія свае маёнткі і ў Жамойці. Як і чаму Рафал Капалінскі ўжо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай вырашыў прыехаць на Літву - пакуль што высветліць цяжка. Займеў ён спачатку кватэру ў мястэчку Ляхавічы, а потым набыў маёнтачак і ў Волме. Пражыў з таго часу на нашай зямлі гэты род больш за сто гадоў.
Капаліншчына. Старая абсада сядзібы.
Цягацца ў багацці і ўплыву з іншымі ўладарамі гэтых мясцін, Ваньковічамі, Капалінскія не маглі. Аднак свой куточак у Волме трымалі яны з гонарам і ў добрым парадку. Так што з часам за ім трывала замацавалася назва іх прозвішча - Капаліншчына.
Ад дарогі ў сядзібу вяла маляўнічая алея праз ярок, дзе яна перасякала невялікую сажалку, і адразу ж заскоквала на пагорак, на якім стаяў тыповы невялікі, але ж і не малы, аднапавярховы шляхецкі дамок. Межы двара навокал былі ўтульна абсаджаны клёнамі і ліпамі, колькі высакародных дрэваў было і ўнутры двара, што ўтварала нешта накшталт невялічкага парку. За домам на мяжы сядзібных прысадаў стаяла таксама некалькі гаспадарчых пабудоў.
Капаліншчына. Сядзібны двор.
Капалінскія жылі ў Волме цалкам ціхамірна. Супакойную плынь дзён парушыла хіба паўстанне 1863 года. Тады сын Рафала Капалінскага Караль, які жыў у Ляхавічах, уступіў у атрад Уладзіслава Машэўскага, які меў намер дзейнічаць у Слуцкім павеце. Аднак пасля першага (і адзінага) бою гэтага атрада з расійскімі казакамі ён быў разгромлены ўшчэнт. Караль Капалінскі тады выжыў і нават не патрапіў у палон, але, відаць, зразумеў, што справы яго безнадзейныя. Таму на наступны дзень ён сам здаўся расійскім уладам разам са сваёй стрэльбай і дзьвума пісталетамі. Гэта можа падацца дзіўным, але пасля запісу пакаяльнага відэа паказанняў аб тым што Капалінскага прымусілі ўдзельнічаць у паўстанні супраць яго волі, ён урэшце быў адпушчаны дадому, хоць і пад паліцэйскі нагляд. Верагодна, пасадзейнічала ў гэтым тое, што ў той жа час ягоны бацька падпісаў з Волмы “верноподданіческій адрес” да расійскага цара. Дарэчы, магчыма, што Мальвіна Капалінская, чыё надмагілле захавалася на
разбураных могілках ў Гелавічах пад Сваятычамі, была другой жонкай уласна гэтага Караля Капалінскага.
Капаліншчына. Сядзібны дом.
Наступнымі ўладальнікамі сядзібы былі нашчадкі Караля, сын Уладзіслаў і унук Тадэвуш. Тадэвуш Капалінскі ваяваў у савецка-бальшавіцкую вайну, быў паручнікам уланскага палка, а пасля Рыжскага міру застаўся жыць у сваім маёнтку, у якім да савецкай мяжы быў усяго кіламетр. Там ён і быў захоплены камуністычнымі войскамі раніцай 17 верасня 1939 года. Пасля гэтага ён быў вывезены ў канцлагер і ў 1940 годзе
расстраляны ў Харкаве.
Капаліншчына. Сядзібны дом.
Дзіўна, але дом Капалінскіх перажыў ліхалецце вайны і не меней ліхія для нашай спадчыны мірныя гады савецкай улады. Хіба толькі што замест гаспадарчых пабудоў чамусьці прывезлі і паставілі чыйсьці выселены хутар з наваколля. Сёння ў былым маёнтку знаходзіцца мясцовая лякарня. Сам дом, на жаль, ужо страціў свой пачатковы выгляд - быў абкладзены спачатку таннай непрыгожай цэглай, а потым яшчэ і такім жа сайдынгам. Але стаіць ён на тым жа самым месцы, дзе калісьці яго збудаваў Рафал Капалінскі. А побач растуць тыя самыя дрэвы, шмат з якіх, пэўна, таксама садзіў яшчэ ён. Але, як амаль заўсёды заведзена ў нас, няма тут ніякай адзнакі тым, хто стварыў і больш за стагоддзе гадаваў гэтае месца…