Прылепы - вёска ў маляўнічай узгоркавай мясцовасці на паўночны ўсход ад Мінска, якую яшчэ называюць “беларускай Швейцарыяй”. Сёння тут будуюць дарагія катэджы і гарналыжныя комплексы, а вось шмат вякоў таму сяліцца ў гэтым краі было не надта многа ахвотных. Рэч у тым, што ледавік, які калісьці сфармаваў тут прыемны воку хвалісты краявід, пакінуў у глебе вельмі шмат гліны ды камення. Таму апрацоўваць тутэйшую зямлю было досыць цяжка, а ўраджай, нягледзячы на высілкі, часьцяком быў незайздросны. У 4-6 вяках у Прылепах яшчэ існавала даволі вялікае паселішча балцкіх плямёнаў
культуры штрыхаванай керамікі. Яно пакінула пасля сябе вялікае гарадзішча ў цэнтры сучаснай вёскі і курганы ў лесе за вясковымі могілкамі. Але пасля таго VI cтагоддзя такіх буйных паселішчаў тут не было. Раскінуўся толькі на ўзгорках дзесятак двароў-хутароў, дзе сяляне, цярэблячы з зямлі ледавіковы груд, намагаліся расціць свой хлеб.
Прылепскія краявіды. Злева на гары ў гаі старыя курганы.
Былое гарадзішча ў Прылепах з цягам часу празвалі “Замак”, быццам жыў тут калісь князь, хоць бліжэйшы княскі двор тут быў у Лагойску. Між тым, лагойскі князь Сямён Чартарыйскі сапраўды быў першым вядомым уладальнікам Прылепаў. У канцы 15 стагоддзя Чартарыйскі прадаў Прылепы пісару вялікага князя Аляксандра Івану Яцкавічу. Ад яго праз замужжа дачкі Ганны яны перайшлі да іншага слыннага княскага роду Саламарэцкіх. У пачатку 16 стагоддзя магілёўскі вялікакняжаскі намеснік князь Васіль Саламарэцкі прадаў Прылепы кіраўніку праваслаўнай царквы ў Вялікім княстве Літоўскім мітрапаліту Кіеўскаму плямёнаў
Іосіфу Солтану. Здавалася б, як у Кіеве даведаліся пра існаванне гэтага куточку? Але ж мітрапаліт Іосіф быў тутэйшы шляхціч, з Лагойшчыны, мабыць нават і асабіста некалі бываў у Прылепах ды ведаў усе магчымыя перавагі, якія можа прынесці царкве валоданне гэтай вёскай. Насамрэч у набыты “Прылепскі ключ” уваходзіў вялікі абшар земляў уздоўж ракі Ўсяжы ад Раўбічаў да сучаснага Тадуліна.
Берасцейская царкоўная унія ў 1596 годзе не паўплывала на стан прылепскага маёнтка. Ён гэтаксама працягваў знаходзіцца ва ўладанні Кіеўскай мітраполіі, якая цяпер была ўжо не праваслаўнай, а ўніяцкай. А вось што сапраўды прыносіла турботы, дык гэта найбліжэйшыя свецкія суседзі. Не праходзіла і пяці гадоў, каб на памежныя абшары прылепскага маёнтка хто небудзь не здзейсняў наезд. Адбіралі сена на сенакосах, дрэва ў лесе і нават рабавалі тутэйшых сялян. Нападамі займаліся аканомы з уладанняў лагойскіх Тышкевічаў, Радзівілаў са Смалявіч і нават нашчадкі князёў Саламарэцкіх, якія і прадалі гэтыя землі царкве. Але дзеля справядлівасці варта зазначыць, што спрыяла гэтым наездам адсутнасць дакладнай вызначанасці межаў землеўладанняў. На працягу 17 стагоддзя межы прылепскага маёнтка некальки разоў перавымярался і ўдакладняліся, пасля чаго колькасць такіх здарэнняў крыху паменшылася. Паспрыяла парадку і тое, што ў сярэдзіне 17 стагоддзя прылепскі маёнтак быў фактычна перададзены пад кіраванне менскай уніяцкай духоўнай семінарыі, на якую цяпер мусіў ісці ягоны прыбытак. На жаль, пасля крывавага нашэсця маскоўскіх войскаў гэтая семінарыя была разбурана ды так і не аднавілася.
Напрошваецца пытанне, а ці быў у царкоўным маёнтку ў Прылепах свой уласны храм? - Безумоўна. Магчыма, што тут была праваслаўная царква яшчэ і ў часы мітрапаліта Іосіфа Солтана, але дакументальныя звесткі аб будаўніцтве храма ідуць менавіта з уніяцкіх часоў. Першую ўніяцкую царкву ў прылепах фундаваў мітрапаліт
Іосіф Руцкі ў першай палове 17 стагоддзя. У той час Прылепы лічыліся асабістай уласнасцю, якую набываў мітрапаліт пры ўзыходзе на кіеўскую кафедру. З цягам часу Прылепы паступова фактычна гублялі гэты статус, але місію фундацыі новага храма заўсёды ганарова пакідаў за сабою кіеўскі ўніяцкі мітрапаліт. У далейшым новыя будынкі царквы ў Прылепах фундавалі ў другой палове 17 стагоддзя - мітрапаліт
Кіпрыян Жахоўскі, і ў 1787 годзе - мітрапаліт
Ясон Смагаржэўскі. Традыцыйным тытулам, пад якім спрадвеку асвячаўся прылепскі храм было імя святога Юрыя.
Мітрапаліт Кіеўскі Кіпрыян Жахоўскі. Уладальнік Прылепаў і фундатар прылепскай царквы ў другой палове 17 стагоддзя. Кніжны партрэт 1683 г.
Пасля захопу Рэчы Паспалітай расійскай імперыяй новая ўлада пачала правядзенне палітыкі, накіраванай на паступовае паслабленне і ўрэшце знішчэнне ўніяцкай царквы. Апошні мітрапаліт Кіеўскі Рэчы Паспалітай
Феадосій Растоцкі быў змешчаны пад фактычны хатні арышт у Пецярбургу, а ўсе ўніяцкія епархіі, акрамя Полацкай, былі скасаваны. Шмат іх маёмасці ў той час пераходзіла праваслаўным, альбо ў дзяржаўнае ці прыватнае свецкае валоданне. У гэтых умовах парафіяльная прылепская Юр’еўская царква наўрад ці магла прэтэндаваць на ўвесь абшар зямлі, які раней належаў мітраполіі. Гэтая зямля была спачатку забрана на дзяржаўны скарб, а потым прададзена палкоўніку Тадэвушу Гарадзенскаму - былому паплечніку Тадэвуша Касцюшкі, які пасля паразы паўстання здрадзіў яго ідэалам ды прысягнуў расійскім імператарам. Ад яго ў 1830 годзе Прылепы перайшлі да Паўліны Валовіч, якая неўзабаве выйшла замуж за гарадзенскага паліцэйскага плац-маёра Сяргея Папова.
Папоў паходзіў з дробнага дваранства Разанскай губерні. Яго родным горадам быў
Ягор’еўск у сучаснай Маскоўскай вобласці. Сяргей служыў спачатку ў расійскім войску, а потым пайшоў у жандармы. На Літве ён бываў дагэтуль хіба што падчас вайны з Напалеонам, аднак у 1832 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду паліцмейстара ў Менск, а потым плац-маёра ў Гародню. Тут ён ажаніўся з Паўлінай і ў 1835 годзе тут ў іх нарадзіўся сын Уладзімір, які быў ахрышчаны ў г. зв.
Фары Вітаўта, што ў той час была перароблена пад праваслаўны сабор. У канцы 1830-х гадоў Сяргей Папоў сыходзіць у адстаўку і селіцца з сям’ёй у маёнтку Прылепы. Цяпер тут на высокім узгорку на беразе Ўсяжы недалёка ад Юр’еўскай царквы з’яўляецца і памешчыцкі двор. Амаль тады ж, у 1839 годзе, прылепская царква сканчае сваю гісторыю як уніяцкі храм і пераходзіць пад праваслаўную юрысдыкцыю, як і ўсе ўняцкія цэрквы Расійскай імперыі пасля ліквідацыі ў ёй Уніі.
Уладзімір Папоў правёў дзяцінства ў сядзібе ў Прылепах, вучыўся ў гімназіі ў Мінску, а потым працаваў у канцэлярыі Мінскага дваранскага сходу. Ягонае жыццё настолькі звязалася з тутэйшай зямлёй, што ён нават ажаніўся з мясцовай літоўскай шляхцянкай Міхалінай. У прылепскай Юр’еўскай царкве былі ахрышчаны абодва іх сыны Міхаіл і Яўген. Цікавая акалічнасць: калі хроснымі бацькамі Міхаіла былі чыноўнікі рускай нацыянальнасці, то хроснымі Яўгена былі Павел Яленскі і Марыя Тарчынская. Наглядна бачна, як адную пару хросных выбіраў бацька, а іншую - маці. Павел Яленскі быў сынам паўстанца ажно двух паўстанняў (1830 і 1863 гадоў) Антонія Яленскага с маёнтка Дунайчыцы пад Клецкам. А Марыя Тарчынская была дачкой аднаго з паўстанцкіх кіраўнікоў Мінска ў 1863 годзе Артура Тарчынскага з маёнтка Сенніца. У 1870-я гады Артур Тарчынскі жыў у маёнтку Астрашыцы недалёка ад Прылепаў, які арандаваў у графаў Тышкевічаў якраз Павел Яленскі. Як магчыма здагадацца, і Павел Яленскі, і Марыя Тарчынская былі каталікамі, але, відаць, у прылепскай царкве былі гатовыя пайсці на вялікія выключэнні ў канонах перад мясцовымі памешчыкамі.
Пасля паўстання 1863 года расійскія ўлады выдаткавалі вялікія грашовыя сродкі на будоўлю новых і рамонт старых праваслаўных цэркваў на Літве - каб супрацьстаяць “шкоднаму польска-каталіцкаму ўплыву”. Не абмінулі гэтыя сродкі і Прылепы, дзе замест старога храма, пабудаванага яшчэ ўніяцкім мітрапалітам, была пабудавана новая царква. Яна была драўлянай з элементамі традыцыйнага расійскага царкоўнага будаўніцтва таго часу з вялікім купалам над сярэдзінай храма і меншым, але вышэйшым, купалам над званіцай. Насупраць царквы праз праезную дарогу знаходзіліся дом святара, прыхадскі дом, народная вучэльня і абшар царкоўнай цямлі яшчэ з той пары, калі тут знаходзіліся ўладанні мітрапалітаў.
Царква святога Юрыя ў Прылепах. Фотаздымак Яна Балзункевіча 1904 г.
Ў прылепскай царкве ў канцы 19 - пач. 20 стагоддзя святарамі была мясцовая дынастыя Зубковічаў, іерэй Кірыл Зубковіч і яго сын Міхаіл. А з 1909 года настаяцелем на прыход быў прызначаны айцец Іаан Пашын. Пры ім ў Прылепах распачалося будаўніцтва новага будынку храма, на гэты раз каменнага і на новым месцы - на вяршыні ўзгорка насупраць старой царквы. Гэтая будоўля была выклікана тым, што новапрызначаны святар заўважыў, што ў святочныя і нават у некаторыя звычайныя дні людзі ўжо не змяшчаюцца ў старым будынку храма і шмат народу стаіць звонку на вуліцы. Але ж гэтую задумку трэба было ажыццяўляць за пэўныя сродкі. Паколькі пагрозу “польской інтрігі” расійскія ўлады ўжо лічылі не надта актуальнаю, выдаваць сродкі на цэрквы, як у 1863 годзе, яны ўжо не жадалі. Мясцовыя землеўладальнікі Паповы таксама адмовіліся фінансаваць гэтае мерапрыемства, сказаўшы, што іх цалкам задавальняе стан існуючага храма. Айцу Іаану ўдалося сагітаваць на буйное ахвяраванне ўладальніка суседняга маёнтка расейца Дзямідава, а рэшту ён збіраўся аплаціць з сялянскіх ахвяраванняў. Але тут узбунтаваліся ўжо сяляне. Яны нават склалі петыцыю ў суседні смалявіцкі прыход з прашэннем прыняць іх туды, каб толькі не ахвяраваць на новую будоўлю. З вялікай цяжкасцю айцу Іаану ўдалося неяк пераканаць іх, што ўсё будзе добра. Будаўніцтва распачалася ў 1912 годзе, а сканчалася ўжо падчас першай сусветнай вайны ў 1916 г.
Акрамя пабудовы новага храма айцец Іаан арганізаваў на прыходзе таварыства цвярозасці і крэдытнае таварыства, у якім мясцовыя сяляне маглі пазычаць пэўныя сумы грошай на пакупку зямлі, або іншыя гаспадарчыя патрэбы. Калі пачалася сусветная вайна, у будынку крэдытнага таварыства размясцілася адмысловае паштовае аддзяленне, каб людзі маглі мець зносіны з роднымі, якія былі мабілізаваныя на фронт. У прылепскім прыходзе такіх было больш 200 чалавек. Акрамя таго, прылепскі святар замовіў у Грэцыі на Афоне новы абраз Божай Маці для царквы. Яго прывезлі з Грэцыі па моры ў Адэсу, адтуль па чыгунцы на станцыю ў Смалявічы, а адтуль яго з хросным ходам пешшу перанеслі ў Прылепы.
Кіраўніцтва прылепскага крэдытнага таварыства ля яго будынку. У цэнтры за сталом святар Іаан Пашын. Фотаздымак часоў першай сусветнай вайны.
Да часоў Іаана Пашына адносіцца апісанне аднаго цікавага выпадку ў Прылепах, з якога можна адчуць каларыт і атмасферу гэтага месца пачатку 20 стагоддзя. -
“У паўвярсты ад Прылепскай царквы, недалёка ад дарогі, якая вядзе ў Мінск, на схіле гары, вядомай пад назвай «Замок», пад трухлявым навесам на чатырох слупах стаяла нязграбная, у рост чалавека, драўляная грубай работы статуя, якая адлюстроўвала нейкую каталіцкую духоўную асобу - у тыяры, сутане і з капюшонам. Якая захавалася, відаць, яшчэ з часоў уніі, яна раней знаходзілася ў самім сяле Прылепах, у тым месцы, дзе сыходзіліся дарогі з Мінска і Астрашыцкага Гарадка. Але статую адтуль прыбралі таму, што, па сведчанні старажылаў, яе палохаліся коні і, акрамя таго, яна падвяргалася абсмейванню і абразам з боку габрэяў, якія праходзяць і праязджаюць міма. Да часу прыезда айца Іаана ў Прылепы статуя ўжо вельмі спарахнела і стала непрыстойнай да немагчымасці. Аднак навакольныя жыхары па невуцтве, ці па нейкіх забабонах шанавалі гэтую статую за выяву «Святога Яна» - Іаана Хрысціцеля. Штогод, ужо больш за 30 гадоў, 24 чэрвеня - у дзень Раства Святога Іаана Хрысціцеля мясцовыя жыхары здзяйснялі хрэсны ход з Прылепскай царквы да гэтай статуі, дзе служыўся малебен Іаану Прадцечы і асвячаліся травы і кветкі для гаючых мэтаў. Прыбыўшы на Прылепскі прыход, айцец Іаан адразу ж звярнуў увагу на абсурднасць гэтай з'явы. Аднак іронія складалася ў тым, што праваслаўныя святары, якія служылі да яго ў Прылепскай царкве замест таго, каб растлумачыць народу ненармальнасць такога шанавання, наадварот, на працягу дзесяцігоддзяў падтрымлівалі хросныя хады, ад якіх атрымлівалі немалы даход грашыма і палатном. Сумленне айца Іаана прымушала распачаць нейкія дзеянні для спынення гэтага непаразумення, але разуменне таго, што традыцыя ўжо моцна ўкаранілася ў свядомасці прыхаджан, вымушала дзейнічаць асцярожна і з развагай. У першы год свайго знаходжання ў Прылепах айцец Іаан не вырашыўся парушыць традыцыю, якая склалася, і здзейсніў 24 чэрвеня хрэсны ход, але папярэдне набыў у рост чалавека абраз Святога Яна Хрысціцеля і ім падчас малебна засланіў статую. Так малебен ужо выглядаў цалкам па-праваслаўнаму. Гэта рабіў ён і ў наступныя гады, але, на сваё вялікае засмучэнне, заўважаў, што народ усё рэлігійнае шанаванне і цэлебранае богаслужэнне адносіў не столькі нават да памяці святога, колькі менавіта да самой статуі. Тады для айца Іаана стала відавочным, што неабходна нейкім чынам пазбавіцца ад статуі. У 1913 годзе ён узбудзіў перад епархіальным архірэем хадайніцтва аб тым, каб статую прыбралі, а на яе месцы, на гары каля дарогі, паставілі драўляную капліцу з абразом Святога Іаана Хрысціцеля, куды пасля і здзяйсняўся б хрэсны ход, прымеркаваны да 24 чэрвеня. Першапачаткова айцец Іаан меркаваў перанесці статую ў Прылепскую царкву і затым спаліць яе, або захоўваць так, каб яна не была бачная народу. Але потым, каб пад больш добрапрыстойнай падставай пазбавіцца ад яе, прапанаваў прыняць статую, як прадмет царкоўна-грамадскага шанавання, для захоўвання ў Мінскі царкоўна-археалагічны кабінет. Участак жа зямлі, на якім стаяла статуя, вырашана было выкупіць для пабудовы капліцы ва ўладальніка - памешчыка Папова ў царкоўнае карыстанне. Аднак калі айцец Іаан звярнуўся да памешчыка з просьбай саступіць зямлю для пабудовы капліцы, той, не выяўляючы раней асаблівай цікавасці да пытанняў рэлігіі, раптам зрабіўся заўзятым абаронцам «святыні» і наадрэз адмовіўся прадаваць зямлю, на якой стаяла статуя «Святога Яна». Для ўрэгулявання ўзніклай праблемы Мінскі ўладыка, Праасвяшчэнны Мітрафан звярнуўся да Мінскага Губернатара з просьбай аказаць дапамогу і пасрэдніцтва ў дыялогу з памешчыкам. Тады высветлілася, што памешчык Папоў у прынцыпе быў згодны на прадастаўленне ўчастка зямлі, але баяўся, што мясцовае насельніцтва будзе вельмі незадаволена на яго з-за «знікнення» статуі, бо ён, будучы гаспадаром зямлі, з'яўляўся і яе фактычным уладальнікам. Адзінае, на што згаджаўся ён, гэта - не заяўляць прэтэнзіі, калі статуя будзе знішчана па распараджэнні духоўнай або грамадзянскай улады, без усялякага ў тым з яго боку ўдзелу. Губернатар жа, выказваючы сваё асабістае меркаванне па гэтым пытанні, слушна заўважаў, што рэлігійнае шанаванне статуі доўгі час падтрымлівалася менавіта праваслаўнымі святарамі і знішчэнне яе можа быць зменліва зразумета сялянамі, спарадзіўшы ў іх асяроддзі непажаданае хваляванне. Улічваючы ўсе абставіны, Праасвяшчэнны Мітрафан прыняў рашэнне прыпыніць справу аб знішчэнні статуі, але айцу Іаану загадаў усяляк размяшчаць прыхаджан кінуць да яе паломніцтва і самому больш не здзяйсняць туды хросных хадоў для малебна”.
З гэтага паведамлення мы бачым, што Прылепы мелі сваю мясцовую славутасць у выглядзе каплічкі-статуі, пастаўленай, хутчэй за ўсё, яшчэ ў сапраўды даўнія ўніяцкія часы. Цалкам верагодна, што гэта і сапраўды была постаць св. Яна Хрысціцеля, хоць паводле апісання (“тыяра”, “сутана”) пад яе больш падыходзіць святы
Ян Непамуцкі . Так ці інакш, за шмат гадоў вакол гэтай статуі сфармаваліся трывалыя народныя звычаі, звязаныя з традыцыйным святкаваннем сярод сялян дня святога Яна (Купалля). Мясцовыя святары падтрымлівалі гэтыя традыцыі, пэўна, не толькі дзеля адных матэрыяльных выгод, а яшчэ таму, што яны з дзяцінства ўзрасталі побач з гэтымі звычаямі, яны былі неад’емнай часткай іх родных мясцін. Як бачым, нават мясцовяы паны Паповы, нягледзячы на расійскія карані, за некалькі пакаленняў ужо настолькі засвоілі тутэйшы лад, што прыязна глядзелі на гэтыя традыцыі. Толькі прызначэнне новага святара, які быў родам з іншых мясцін (а. Іаан Пашын паходзіў у Мазыршчыны) здолела змяніць сталыя звычаі. З аднаго боку, гэта сапраўды зрабіла рэлігійныя практыкі больш адпавяднымі праваслаўным канонам, але з іншаг боку Прылепы пазбавіліся таго, што рабіла іх месца адметным і ўнікальным.
Прылепскім памешчыкам, які не жадаў браць на сябе адказнасць за прыбіранне статуі, быў, хутчэй за ўсё, Міхаіл Папоў. Ён з братам Яўгенам былі апошнімі ўладальнікамі прылепскай сядзібы да 1917 года. Далей іх сляды цалкам губляюцца ў віхуры войнаў і гвалтоўных пераўтварэнняў у краі. У іх пакінутым сядзібным доме новая савецкая ўлада ў далейшым зрабіла школу.
Нялёгка прыйшлося ў часы бальшавіцкай рэвалюцыі і прылепскай царкве. У ноч на 1 траўня 1918 года яна была абрабавана невядомымі, з яе былі вынесеныя ўсе срэбраныя рэчы. У снежні таго ж году былі скрадзеныя коні з сядзібы святара, пры гэтым быў забіты царкоўны вартаўнік. Але як не дзіўна, у 1919 годзе удалося вярнуць з Разані вывезеныя падчас вайны ў эвакуацыю царкоўныя званы. Таксама ў 1921 годзе менавіта ў прылепскую Юр’еўскую царкву быў перавезены іканастас з мінскага Свята-Духавага сабора, які ў той час ужо даўно закрылі бальшавікі.
У 1922 годзе святар Іаан Пашын быў пераведзены на служэнне спачатку ў Мінск, а потым у Петрыкаў, дзе ён нават стаў архірэем Мазырска-Тураўскай епархіі. У далейшым ён быў некалькі разоў арыштаваны і ўрэшце расстраляны ў канцлагеры ў Архангельскай вобласці. У Прылепах пасля яго застаўся служыць яго шматгадовы паплечнік святар Якаў Трахановіч, які дагэтуль быў пры Юр’еўскай царкве псаломшчыкам, а пасля дыяканам. Аднак у 1933 годзе савецкія карнікі арыштавалі і яго. Апошні настаяцель прылепскай царквы загінуў у ГУЛАГу ў красавіку 1942 года. Саму Юр’еўскую царкву камуністы разбурылі трактарамі ў 1939 годзе, а стары драўляны храм, відаць, знішчылі і яшчэ раней. Ніхто нават не паспеў апісаць ці сфатаграфаваць, як выглядаў пабудаваны а. Іаанам храм, у якім не паспелі праслужыць і 20 гадоў. Толькі ўзгорак, на якім ён стаяў, усе наступныя гады ўсё роўна звалі Царкавішчам…
Месца, дзе стаяла старая царква ў Прылепах, у наш час.
Не захавалася апісання ці фотаздымку і сядзібнага дома Паповых. Да другой сусветнай вайны ў ім, як ужо ўзгадвалася, была савецкая школа, а падчас нямецкай акупацыі размясціўся паліцэйскі гарнізон. 15 сакавіка 1943 года на гэты гарнізон напалі савецкія партызаны, і будынак былой сядзібы быў цалкам імі спалены. Засталіся толькі скляпенні ды высокі цокальны паверх с якаснай цэглы і камення. Пасля вайны на тэрыторыі сярод старых сядзібных ліпавых прысадаў была пабудавана новая школа, а таксама будынак пошты.
Будынак пошты ў Прылепах, што стаіць на сядзібным пагорку сярод панскіх ліп.
У наш час у Прылепах на месцы, дзе яшчэ з уніяцкіх часоў стаяла Юр’еўская царква, знаходзіцца магіла савецкіх партызанаў і салдатаў, якія загінулі ў наваколлі. Дарэчы, менавіта на гэтым месцы былі магілы ўладальнікаў прылепскага маёнтка Уладзіміра і Міхаліны Паповых, але, хутчэй за ўсё, іх разрабавалі ды знішчылі яшчэ да вайны. Ніякага памятнага знаку аб тым, што тут вякамі стаяў вызначальны для гісторыі гэтых месцаў храм і двор Кіеўскіх мітрапалітаў, няма. Гісторыя, як і “незалежнасць”, у савецкай Беларуссіі пачынаюцца з 1944 года.
Савецкі мемарыял у Прылепах. Раней тут была царква і магілы ўладальнікаў мясцовай сядзібы.
На новым жа Царкавішчы цяпер знаходзіцца цалкам прыстойны мемарыяльны комплекс, створаны тут валанцёрамі з Мінска. Тут знаходзяцца расчышчаныя ды закансерваваныя падмуркі і рэшткі сценаў разбуранай царквы. Стаіць стэнд з гісторыяй храма, а таксама біяграфіяй а. Іаана Пашына. На месцы алтарнай часткі стаіць крыж і абразы святога Юрыя і айца Іаана, які быў кананізаваны царквой як пакутнік за веру. Шкада толькі, што няма ўзгадкі пра апошняга настаяцеля царквы і блізкага паплечніка Іаана Пашына Якава Трахановіча, які прайшоў такі ж пакутніцкі шлях.
Царкавішча ў Прылепах.
Ацалелыя рэшткі сядзібы Паповых захоўваліся ў Прылепах да самых 2010-х гадоў. Іх таксама магчыма было б закансерваваць і ўсталяваць інфармацыйны стэнд, як тое было зроблена на Царкавішчы. Але ў гэты час Прылепы ўжо ператварыліся ў “элітны” пасёлак, дзе любілі выкупляць зямлю пад катэджы рознага кшталту бізнэсоўцы - расійскія і тутэйшыя. Участак зямлі з падмуркамі былой сядзібы таксама быў выдзелены камусьці, імя якога ніколі не паведамяць простаму народцу. І апошнія рэшткі гістарычнага сядзібнага мінулага Прылепаў былі дашчэнту зачышчаныя бульдозерам. Зрэшты, у наш час у Прылепах ужо набудавала новых “сядзібаў” новая “прыдворная шляхта”. А запыту на гісторыю і традыцыі далей 1944 года ў яе і большасці астатняга насельніцтва ўсё роўна няма.
Руіны сядзібнага дома Паповых у Прылепах. Фотаздымак Андрэя Дыбоўскага 2009 г.