Вольным падарожнікам прысвячаецца

Apr 23, 2011 02:37

 Стары-стары-стары верш. Яшчэ школьных часоў, калі паездка ў Менск для мяне была амаль як падарожжа Марка Пола... Так, свет тады быў большым і загадкавейшым.

Мы ішлі між барваў лесу,

Між калючых злых хмызоў.

Раз сустрэлі паэтэсу,

Раз - абоз у сто вазоў.

Нам абоз не па дарозе,

Паэтэсам - іншы шлях,

Вось і скачам - на марозе,

Пад дажджом, на злых вятрах

Шмат сустрэлі мы народу:

Добрых, злых, зусім ліхіх.

Любавалісь на прыроду -

На аленяў і ласіх.

Часта нам траплялі ружы,

Вельмі часта - крапіва,

Часам - яблыкі ці грушы,

А часцей - адна трава.

Па дарогах цягнем ногі,

А вакол - калючы дрот:

Агароджаны дарогі,

Толькі ўзад або ўпярод.

Праз сто крокаў - вартавыя,

Далей - вышка, кулямёт…

“Не круціць,” - крычаць нам, - “шыяй!”

“Не круціць!” “Сматры ўпярод!”

Мы не круцім галавамі,

Вочы скошваем набок,

Ледзве дыхаем насамі,

Ледзве ставім ціхі крок.

А за дротам - сад дзівосны…

Толькі дзіўны гэты сад.

Тут загадваюць не вёсны,

Тут камандуе салдат.

Зацвітае па загаду,

Па загаду спее плод…

Давялі усё да ладу,

Нам жа: “Гэй, чашы ўпярод!”

Мы брыдзем, глытаем сліну

Даў бы хто нам аўтамат!

“Перад кім жа гнем мы спіну!

Брат, ратуйма гэты сад!”

***

У цемна-сінім змроку ночы

Прагрызлі мы пракляты дрот

О, Божа! Строчыць куляметчык?

Чаму прачнуўся кулямёт?

Не, гэта тупае карэнне,

Бягуць на волю сотні дрэў

Бягуць, губляючы насенне,

Шумяць шчаслівы вольны спеў!

Нішто аўчаркі і бульдогі,

Нішто ім штык і аўтамат,

Яны паўзорвалі мурогі,

Знікаюць - аж за далягляд…

Цяпер у лесе або ў полі,

Ці нават між глухіх балот

Сустрэнем раптам мы на волі

Тых, што цвілі пад кулямёт.

старое добрае, паўстанне, дарогі, старое, балада, дао, экзыстэнцыя

Previous post Next post
Up