Роры ўратуе Ірландыю

Apr 18, 2011 23:33

(Па матывах ірландскай легенды)

Зялёны дзірван ахутаў туман,

Ірландыю вораг затузаў:

Сёння французы цясняць англічан,

Пасля - англічане французаў.

Рэфрэн

Наш Роры з маленства прывык працаваць,

І танчыць найлепш, і жартуе.

Ды стрэльбу узяў, пайшоў ваяваць -

Ірландыю Роры ратуе!

І кожны змагар, ірландскі ваяр

Забыўся на эль і на танцы.

Па вёсках і замках - быццам пажар

Паўстаў на ліхога брытанца.

Ды толькі цяпер брытанскі жаўнер

Рассеяў разбітых паўстанцаў.

Але не памёр іх горды намер

Далей за радзіму змагацца.

Як літасці дар, французскі штандар

О’Доннэл прыняў харобры.

І стаў пад лілеі ірландскі ваяр,

Але не было там Роры.

О’Доннэл спытаў: “У імя Хрыста,

Я знаю, ты слаўны ваяка.

Чаму ты не з намі? Чаму ты адстаў?

Здаешся англійскім сабакам?”

“Ты ведаеш, не. На гэтай вайне

Іх Роры забіў багата.”

Кліча О’Доннэл: “Ідзі да мяне!

Французам патрэбны салдаты.”

“Ты ведаеш, не. Чужы падмане.

Ён Роры не дасць свабоды.”

О’Доннэл крычыць: “Ты мабыць здурнеў!

Шукаеш сабе прыгоды?”

“Дасць Божа байцоў мне, слаўных хлапцоў,

А можа - сваіх анёлаў,

І гэтак праз год, а мо - праз пяцьсот

Здабудзем наш край вясёлы!”

Паправіў берэт, ускінуў мушкет,

Сябрам усміхнуўся горка,

І смела пакрочыў. І знік яго след

Сярод верасовых пагоркаў.

Наш Роры з маленства прывык працаваць,

І танчыць найлепш, і жартуе.

Ды стрэльбу узяў, пайшоў ваяваць -

Ірландыю Роры ўратуе!

партызаны, балада, выбар, Ірляндыя, паўстанне, старое добрае, вайна, вершы

Previous post Next post
Up