Здароў, зямляк! Ды ну, кінь дурное, вылазь з кута! Зашыўся як сабака пабіты… Катаваць цябе ўжо няма патрэбы, а расстрэльваць заўтра будуць, я не па тое прыйшоў. Давай-давай, смялей. Хочацца і мне з кім культурным пабалакаць, адпачыць ад гэтых неандэртальцаў.
Ды не, ты што, я нармалёвы пацан. Ну, дакладней, быў некалі, ды і застаўся. Ты не глядзі, што жыву ў лесе з гэтымі аблезлымі партызанамі, я ж некалі ўнівер скончыў. Ага, скончыў, амаль з чырвоным дыпломам, а мяне запхнулі ў вашывую вёску сярод дрыгвы вучыць тузін дзетак, якім гэта навука нафіг не патрэбная…
Ну добра, досыць пра мяне, а ты што за птах? Грыбнік? А, журавінаў закарцела пашукаць у нашых балотах? Так, знаёмая гісторыя, і мне некалі таксама закарцела… А мо ты і сапраўды фашысцкі шпіён? Ну-ну, жартую. Гэта я жартую, а яны…
Што з табой будзе? Ды што звычайна. Расстраляюць. Ну, яны гэта так называюць. Насамрэч патроны тут вельмі берагуць - яны ўжо амаль семдзесят гадоў не мелі дапамогі з Вялікай Зямлі, ды і трафейных даўно няма - адкуль яны ў грыбнікоў? Расстрэл - гэта калі вас завядуць на капішча Сталіна (бачыў, за той зямлянкай, дзе вас судзілі?), пакладуць галавой на пень і цюкнуць сякераю. І ўся справа. Клім - хлапец здаровы, з аднаго ўдару аддзяляе душу ад цела. Кажуць, раней вешалі на дрэве, на грудзі - шыльду: «Я прадаўся гідры імперыялізму, фашызму, трацкізму, займаўся шпіянажам, дыверсіямі і сабатажам супраць савецкай улады». Нешта такога кшталту. Але дрэва тое паваліла бураю, дык пачалі галовы сячы. Вось гэта шоу дык шоу - нячаста тут можна пазабаўляцца, няма ж у лесе тэлека з трылерамі.
Чытаць далей:
http://nn.by/?c=ar&i=49268