Jan 16, 2011 02:04
Памежныя елкі завальвае
снег,
Памежнік прымёрз да прыкладу.
Ды раптам аўчаркі прастуджаны брэх:
Святы Мікалай ізноў, як на грэх,
Вязе кантрабандай Каляды!
Цемру ірве на шматкі кулямёт,
Сірэнамі выюць вышкі…
Ашчэрвае іклы калючы дрот:
Няма загаду на Новы год!
Табе, парушальнік - крышка!
Усмешка хаваецца ў бель барады:
Калядам стварыць перашкоду?
Імчыць ён праз кулі і праз гады
У край, дзе вёскі і гарады
Чакаюць яго прыходу.
І вось ён прыйшоў, каб сабраць камяні
І хібы грамадскага ладу,
Прывёз гірляндаў і свечак агні,
Бялюткай, зіхоткай, як снег, чысціні,
Старога віна хмяльной цеплыні…
Прывёз кантрабандай Каляды!
творчасць,
зіма,
дэмакратыя,
Новы год,
паўстанне,
Святы Мікалай,
вершы,
Каляды,
свабода