Як польскія паны забаранялі нашу мову (ці ўсё ж не?)

Oct 30, 2019 15:05


У папулярнай літаратуры, нават у падручніках і даследаваннях часта можна сустрэць сюжэт, як квітнела старабеларуская мова ў Вялікім Княстве, аж пакуль пад ціскам палякаў яе не забаранілі ў 1696 годзе, пасля чаго яна засталася выключна сялянскай гаворкай аж пакуль Дунін-Марцінкевіч з Мацеем Бурачком не адважыліся зноў на ёй пісаць кнігі. Аднак падрабязнасці гэтага трагічнага акту звычайна апускаюцца.
Мне даўно ўжо было цікава разабрацца, што ж там было такое, асабліва пасля разбору пытання пра забарону расейскім самадзяржаўем назваў Літвы і Беларусі.
Дык вось, нарэшце адно цікавае абмеркаванне натхніла здзьмухнуць пыл са сваёй жэжэшачкі і крыху капнуць, як жа выглядала гэта забарона (ці адмена) старабеларускай мовы.
Вось выданне гэтага фатальнага дакумента ў зборніку Volumina legum, том 5. «Ураўнаванне правоў саслоўяў ВКЛ з Каронай Польскай» Тады было бескаралеўе па смерці Сабескага на фоне магнацкіх разборак, Сапегі берагі папуталі і рваліся да ўлады, таму шляхта настойвала, што і ў ВКЛ трэба ўвесці розныя больш прасунутыя польскія практыкі, якія б умацавалі шляхецкую дэмакратыю і абмежавалі літоўскіх магнатаў. Дакумент закранае збольшага розныя тэхнічныя моманты ўніфікацыі судовай, фінансавай сістэмы, дзяржаўнай гаспадаркі і да т.п. і апісвае, што новага і якія змены ў параўнанні з нормамі літоўскіх законаў. Абедзве згадкі мовы датычныя працы Літоўскага Трыбуналу. На старонцы 418 унізе першай калонкі, дзе пра функцыі пісара ваяводскага суду (які быў фактычна і пісарам Трыбуналу, калі той адбываўся ў гэтым ваяводстве) сказана сярод іншага, што дакументы ён мусіць выдаваць па-польску, а не па-руску (як гэта было замацавана раней).


У іншым месцы пастаноўлена, што з гэтага часу дэкрэты трыбунала павінны выдавацца на польскай мове, але даўнейшыя акты трэба падаваць у арыгінале.



Маё лянівае беглае чытанне не выявіла больш нічога датычнага моўнага пытання. Такім чынам, як я зразумеў, пастанова тычылася толькі працы Трыбуналу, але была ахвотна інтэрпрэтавана як дазвол пісаць на «нармальнам чэлавечэскам языке» на ўсіх узроўнях дзяржаўнага апарату. Па-за дзяржаўным справаводствам (магістраты гарадоў, адміністратары маёнткаў і інш.) ужо даўно не заганяліся і страчылі па-польску. Так што мову пахавалі не гвалтоўныя забароны польскіх паноў, а старая добрая тутэйшая памяркоўнасць.

ad fontes!, даследзіны, няма таго што раньш было, Вялікае Княства, Беларусь беларуская, дэмакратыя

Previous post Next post
Up