Пісаць справаздачу ў канцы года мне ўжо ніхто не прымушае (вось яна, акадэмічная свабода!), але прывычка, выпрацаваная начальнікамі ў нясвіжскім музеі цягне далучыцца да мноства асабістых падвядзенняў вынікаў, што запаўняюць сацсеткі ў гэтыя дні. Каму падобнае ўжо намуляла вока - гартайце далей, а тых, хто хоча зазірнуць ў чарговы навагодні хіт-парад майго жыцця - прашу пад кат.
2016 год стаў Годам Новага Жыцця - новай працы, новай вучобы, новай краіны, а таксама створанага намі сапраўднага маленькага чалавечага жыцця - нашай доўгачаканай дачкі. Роўна год таму назад я злез з утульнай канапы, развітаўся з сябрамі-калегамі, абняў цяжарную жонку і рушыў са сваёй мяшчанскай зоны камфорту ў вялікі свет. І гэты вялікі свет прыняў мяне досыць гасцінна: цудоўны старадаўні гарадок, пачценны сярэднявечны ўніверсітэт, добрыя людзі, вандроўкі… Канешне, давялося пазмагацца з беларускімі і нямецкімі бюракратамі, выжываць з мінімальным веданнем нямецкай мовы, разбірацца ў нязвыклых варунках акадэмічнага і штодзённага жыцця (“Там у них другие мерки, не поймешь - съедят живьем!” (с)).
Перамена года: уласна, згаданае 1) пераезд у Грайфсвальд у якасці дактаранта 2) бацькоўства
Поспех года: як сёння поспех вымяраецца колькасцю лайкаў і шэраў - то гэта безумоўна маё даследаванне пра
нясвіжскія карані Скарлет Ёхансан, напісанае для Першай газеты з рысункамі, расцягнутае па байнэту і справакаваўшае срачы ў каментах. А з асабістых дасягненняў - нарэшце прызвычаюўся і адкрыў сабе свет гарбаты без цукру!
Аблом года: жывучы ля мора, амаль на курорце (рэкламны слоган універа: “Вучыся там, куды іншыя едуць у водпуск!”), але пляжны сезон распачаў ажно ў верасні - і амаль адразу закрыў( Праўда, большую частку лета я прабыў у Беларусі, але ж…
Набытак года: са значнага - сэкандхэндны (хоць падазраю, мае хэндз зусім не сэканд) ровар, які стаў для мяне найлепшым транспартным сродкам (аддаваць 2 еўра за аўтобус кожны раз душыць жаба і настальгія па роднаму сацыяльнаму гасударству для народа), глытком здароўя ў маім сядзячым ладзе жыцця і кропляй гемарою з-за дробных рамонтаў, каб жыццё мёдам не здавалася.
З забаўнага - комікс пра хіпстара Гітлера, заснаваны на тагачасных падзеях і сучасных трэндах. Во бездухоўныя германцы!
Страта года: дзякуй Богу, асабістыя страты ў гэтым годзе вырашылі ўзяць тайм-аут (не лічачы згубленай на велапрагулцы байкі і забытага ў лонданскім хостэле мыла з мыльніцай), таму адзначу смерць Умберта Эка - пісьменніка, якім зачытваўся, і навукоўца, на якога раўняўся. Спадзяваўся аднойчы з ім сустрэцца, паслухаць, і мо нават ўзяць аўтограф ды блаславенне ў навуку - але ўжо не на гэтым свеце…
Маятнік Фуко ў старой універсітэцкай абсерваторы Грайфсвальда - як аллюзія на адзін з любімых твораў Эка.
Досвед года: 1) жыццё на 2 краіны: амаль да канца года жонка заставаласяў Беларусі, там жа і нарадзілася дачка, так што кожныя 2-3 месяцы я лятаў на Радзіму, дзе да таго ж жыў на 2 гарады - Нясвіж і Маладзечна.
Падарожжа года: Іх было шмат, і акадэмічных, і проста дзеля цікавасці. Але найбольш уразіла паездка на
канферэнцыю ў Лондан. Некалі, седзячы на ўроках ангельскай мовы, марыў пра Трафальгарскую плошчу, Біг Бэн, чырвоныя даблдэкеры, Таўэр, фіш-энд-чыпс і каралеўскіх гвардзейцаў - марыў, і не надта верыў, што некалі пабачу. Але пабачыў! І вішанькай на гэты пудзінг - сустрэча Дня волі ў лонданскім пабе ў кампаніі беларускіх даследчыкаў і даследчыкаў Беларусі з розных краін.
Чалавек года: 2016 быў рэкордны як на новыя знаёмствы з добрымі людзьмі, так і на колькасць тых, хто дапамагаў мне і маёй сям’і, выручаў ці проста бавіў са мной час цікава. Таму гэты прыз адыдзе той, хто ў гэтым годзе адназначна вызначыў мой лад жыцця на бліжэйшыя дзясятка два гадоў - дачцэ Зосі.
Смак года: пераехаўшы на захад, я адчуў смак да усходняй кухні - і блізка- і далёкаўсходняй. А па нямецка-турэцкай народнай страве донёр нават крыху пасумаваў, седзячы ў Беларусі на цёшчынай бульбе і шчах)
Гук года: стук косткамі пальцаў па сталах. У нас так стукаюць, каб не прагаварыцца, а ў Германіі - вітаюць прамоўцу, гэткі акадэмічны аналаг апладысментаў.
Канцэрт года: самы незвычайны - “Спяваючыя балконы” падчас Культурнай ночы Грайфсвальду: аматары-выканаўцы, што з балконаў панылых шэрых сацыялістычных панэлек спявалі любімыя песні для натоўпаў слухачоў і суседзяў за сценкамі.
Экстрым года: у простым сэнсе - нічога надзвычайнага, хіба што прагулка па краях уцёсаў на востраве Руген, дзе шыльды шчыра папярэджваюць пра магчымасць абвалаў, сляды якіх можна назіраць па аголеных камянях і вывернутых з коранем дрэвах. Але найбольш адрэналіну было ў ноч на 13 чэрвеня, калі Зоська з’яўлялася на свет.
Пярэпалах года: перспектыва стаць круглым сіратой увыніку нечаканай хваробы таты… Але дзякуй Богу, добрым людзям і (бяс?)платнай беларускай медыцыне, быццам пранясло.
Расчараванне года: нямецкая пунктуальнасць. Дакладней, міф пра яе, які далёка не заўсёды адпавядае рэчаіснасці. Хай сабе цягнікі тут могуць спазніцца на паўгадзіны-гадзіну, ці дакументы, дасланыя з Беларусі праз EMS без дай-прычыны на два тыдні знікаюць у нетрах Deutsche Post, але згубіць маю заяўку на статус студэнта і прызнацца ў гэтым амаль праз паўгода… Але дзякуй Богу, што гэта - амаль усе мае негатыўныя ўражанні ад Германіі і немцаў за першы год тут!
Рэлакс года: Мора. Хоць, як жаліўся вышэй, не так шмат пакупаўся, але жыць пры моры - для мяне сапраўдны цуд! Калі можна вось так проста сесці на ровар ці гарадскі аўтобус - і неўзабаве любавацца на хвалі, паруснікі, мітусню рыб, чаек і лебядзеў…
Хобі года: фатаграфія. Хоць фатографаў цяпер складваць няма куды, але цудоўныя краявіды і нарэшце набытая адносна неблагая камера спрыяюць далучэнню да гэтай хеўры. Вялікімі поспехамі хваліцца пакуль рана, але гарызонт ужо амаль не завальваю!
Забава года: форма навучальнага працэсу ў нашай дактаранцкай даследчай групе: пасля аўторкавых лекцый вячэры з самімі дакладчыкамі, добрым півам, недарагімі закускамі і цікавымі размовамі.
Гаджэт года: відэаняня - цудоўны гаджэт, які дазваляе сачыць за мірным сном дзеткі, не пінаючы тату: “Схадзі правер, як там яна!”
Фільм года: Game of Thrones - глядзеў у Нясвіжы, Грайфсальдзе і Маладзечна, сам і разам з жонкай, пакуль дзетка спіць, смапаванае ў цудоўнай якасці і з турэцкімі субтытрамі на пірацкіх сайтах… Тое, што можна абмеркаваць практычна з любым раўнагодкам-замежнікам!
Кніга года: 1) “Последний вздох мавра” Салмана Рушдзі, які не толькі эстэтычна парадаваў мяне магічным рэалізмам, але і адкрыў мне Індыю з іншага боку. Яго ж больш знакамітыя “Сатанинские стихи” зайшлі горш - даасільваю ў наступным годзе. 2) “Жестяной барабан” Гюнтэра Граса. Урыўкі з яго нам трэба было чытаць на семінар прафесара Фрыка з Берклі, прысвечаны складаным лёсам спрэчных гарадоў Вільні і Гданьска. Але кніга так захапіла, што на адным дыханні прачытаў увесь увесісты файл, пасля доўга яшчэ шукаў алюзіі ў навакольнай нямецкай рэчаіснасці і з цяжкасцю еў рыбныя кансервы)
Пытанне года: Sprechen Sie Englisch? Але на жаль часцей чуў у адказ "Nein, leider"
2016 быў някепскі. Хай і 2017 не расчаруе! Чаго ўсім нам і жадаю!