Слаўныя традыцыі жэстачайша чэсных выбараў у Нясвіжы

Dec 01, 2019 15:33



Несвіжанін Зміцер Касмовіч - асоба супярэчлівая, але ўспаміны пакінуў найцікавейшыя, асабліва пра Нясвіж 1920-х - 1940-х. Удагонку нашым парламенцкім выбарам і насустрач прэзідэнцкім, успомніў, што згадваецца там і выбарчая кампанія 1928 года ў польскі сейм. Калі ў суседняй БССР у гэты час выбары былі непрыкрытай прафанацыяй і фікцыяй, улады на Крэсах, зусім як цяперашнія крэпкія хазяйсцвеннікі, былі заціснутыя паміж неабходнасцю дасягнення патрэбных вынікаў і захавання хаця б бачнасці законнасці.

Вось як прыгадвае выбары 1928 года ў Нясвіжы Дзмітрый Касмовіч, у той час малады працаўнік пошты:

"Выбары ў польскі сойм у 1928 г. яшчэ больш яскрава падкрэсьлілі подлую польскую палітычную лінію ў дачыненьні да беларусаў. У дзень выбараў я працаваў ноччу на тэлефанічнай цэнтралі. Нясьвіскі павятовы стараста тэлефанаваў па гмінах і пытаўся пра хаду галасаваньня. Афіцыйныя назіральнікі казалі, што беларусы галасуюць за сваіх дэлегатаў [мабыць, мясцовы беларускі спіс „Zmagań za interesy Robotników i Włościan” (ад былой БСРГ) ці агульнапольскі Blok Mniejszości Narodowych, хз]. Калі ж наблізіўся час падлічваць галасы, стараста затэлефанаваў у Заастравецкую гміну і запытаў пра ход падліку галасоў. Старшыня выбарчай камісіі ў Заастравеччы, прысланы з цэнтру Польшчы, паведаміў старасту, што падлік галасаваньня выпадае для дзяржавы вельмі кепска: урадавую партыю падтрымліваюць толькі паасобныя выбаршчыкі, тым часам як беларускія прадстаўнікі набіраюць больш чым 99 адсоткаў галасоў. На гэта нясьвіскі стараста даслоўна адказаў наступнае: «Пане! Вы павінны карыстаць кожную нагоду і падрахаваць адданыя галасы на нашу карысьць, альбо проста без прычыны выкінуць за дзьверы беларускіх прадстаўнікоў». Канец гэтай размовы польскі прадстаўнік у Заастравеччы не дачуў, бо я перарваў сувязь. Падобныя размовы вяліся зь іншымі выбарчымі пунктамі."
Канешне, у сваіх успамінах Касмовіч часам любіць відавочна прысвіснуць. Але падобную палітыку адносна непажаданай апазіцыі можна пабачыць і ў іншых крыніцах эпохі. Напрыклад, Васіль Рагуля, які сам быў дэпутатам сейму і сенатарам, згадвае шмат цікавага пра суровыя міжваенныя палітычныя будні Крэсаў.



На фота: кракаўскі ваявода падчас галасавання, 1930.
І так, яшчэ больш атмасферных чорна-белых фота з польскіх выбараў 1928 і 1930 гг, праўда, не з Нясвіжа - па спасылцы.

даследзіны, Крэсы, выбар, дэмакратыя, успаміны, Польшча

Previous post
Up