У 2012 годзе я
ўжо рабіў падобны хіт-парад, у мінулым годзе прафілоніў, а сёння зноў вяртаюся да гэтай ужо традыцыі.
Год, да сканчэння якога застаюцца лічаныя гадзіны, ў цэлым цяжка назваць і ўдалым, і зусім правальным. Год Стабільнасці і Расчараванняў. Яго папярэднік, Год 2013-ы выглядае як Год Пачынанняў і Перспектыў: вяселле, падарожжы (у тым ліку - палёт у Італію), сяброўскае кола ў Нясвіжы, навучанні (нават бяруся вывучаць нямецкую), даследаванні, публікацыі, выступленні на міжнародных канферэнцыях (у іх ліку - Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Каўнасе), планы-мары на наступны год - год канца размеркавання. І вось прыходзіць 2014 год. Ён пачынаецца з “аптымізацыі кадраў” - навуковы аддзел ліквідуецца, скарочаныя сябры пакідаюць Нясвіж… Планы сутыкаюцца з перашкодамі, пачынанні абламваюцца, дасягненняў асабліва буйных не відаць. Усё не кепска, каб імчацца радыкальна нешта змяняць, але і не добра, каб быць задаволеным. Стабільнасць. Пачынаю адрошчваць пузіка, стрыгчы газоны, рамантаваць кватэру, даглядаць ката і машыну, нават тэлевізар наладзілі - ператвараюся ці тое ў пачценнага нясвіжскага бюргера, ці тое ў Гамера Сімпсана.
Дык вось мой хіт-парад ужо амаль Старога, 2014 года:
Поспех года: 1) перавялі сціплыя зберажэнні ў валюту за дзень да яе знікнення ў абменніках і ўвядзення камісіі!)) 2) серыі праекта Край.by пра
Клецк і
Капыль, знятыя па маім сцэнарам. Не “Хобіт”, усяго па 10 хвілін кожная, але было прыемна і цікава)) 3) выхад
“Каталога Радзівілаўскіх медалёў са збораў НГКМЗ “Нясвіж”, укладзенага маёй жонкай не без майго ўдзелу.4) трыумф каманды “Палац” на раённых гульнях па “Што? Дзе? Калі?” (эх, здрабнелі дасягненні!)
Аблом года: 1) фактычна бясплённы пошук PhD position. Актыўная дзейнасць: перапіска з прафесарамі, стварэнне і падача заявак, нават скайп-сумоўе - але без вынікаў… У беларускую навуку неяк не надта ахвота сямейнаму чалавеку, дык прыходзяць думкі аб радыкальнай змене занятку. 2) аблом паездкі на семінар у Мюнхен, на якую было затрачана шмат сіл, падключана шмат людзей, але ўсё накрылася з-за раздзяўбайства арганізатараў. 3. Гл. Страта года. 4. Неяк так склалася, што
тысячы іх((
Перамена года: перамены чакаліся, асабліва з улікам канца прыгону-размеркавання, але
недачакаліся( Хіба што год пачаўся з майго перахода з адміністрацыі музея ў сам Нясвіжскі замак. Гэта як са штаба з яго глабальнымі планамі і закуліснымі інтрыгамі трапіць на перадавую: іншая атмасфера, іншыя людзі, іншыя справы. На жаль, навука адсунулася на другі план, але было шмат цікавага і карыснага. Ну і мала хто пахваліцца, што яго працоўны дзень пачынаецца з прагулкі праз поўны птушыных спеваў цудоўны парк і маляўнічыя іскрыстыя азёры да велічнага палаца.(
неяк так)
ну ці часам бывае без птушыных спеваў і іскрыстых азёраў...
Страта года: няўдалая спроба папаўнення ў сям’і… ну нічога, і я не адразу атрымаўся, але вынік быццам някепскі)
Набытак года: адназначна мая ластаўка, (а дакладней божая кароўка) Опель Корса 1999 года, якая дазволіла мне ганарыста бібікаць пешаходам, падарожнічаць без прывязкі да графікаў транспарту і спасцігнуць суровыя мужчынскія будні аўтасэрвісаў, шынамантажоў і крамаў аўтазапчастак.
Досвед года: 1) кіраванне і догляд за аўтамабілем. Эвалюцыя ад поўнага нуля да адносна ўпэйненага “чайніка” 2) пракачка скілоў экскурсаводства да сур’ёзнага лэвэла, у тым ліку на ангельскай і польскай мове
Падарожжа года: амаль без падарожжаў, не лічачы таго, што крыху пакатаўся на машыне па наваколлях. Але незабыўнай была вандроўка ў рэвалюцыйны Кіеў ў студзені (таварыш маёр, расслабцеся: у якасці турыста, а не рэвалюцыянера)
Валанцёрства года: удзел у апарадкаванні старадаўніх закінутых каталіцкіх могілак у Міры ў прыемнай кампаніі энтузіястаў.
Новы чалавек года: Наста М., мая вучаніца-настаўніца (і такое бывае)
Смак года: закарпацкая грэчневая каша з грыбамі і пахам дыму на кіеўскім Майдане.
Гук года: бой гадзінніка на ратушы, які нагадвае пра маё чарговае спазненне на працу (і ў гэтым годзе ён чамусьці прыпадабніўся да крамлёўскіх курантаў, што не дадае прыемнасці)
Канцэрт года: нечаканы сэйшн на дні народзінаў хрэсніцы ў лепшых традыцыях Кустурыцы))
Экстрым года: першая паездка па Мінску за рулём
Фільм года: той самы “Хобіт”. Не арт-хаўс, канешне, але прыгожа, парадавала майго ўнутранага юнага ралевіка-талкіеніста, які яшчэ не зусім згінуў, ды і доўгачаканае завяршэнне эпічнай сагі.
Пярэпалах года: прыгоды (ці хутчэй нягоды) жонкі са здароўем
Нечаканасць года: украінскія падзеі, якія увесь год не давалі адарвацца ад навінаў.
Адкрыццё года: 1) з асабістага - адкрыцці з гісторыі дзядоў-прадзедаў і падарожжы ў іх мясціны. Быццам бы і не далёка, але такі генеалагічны турызм быў праблемны без машыны. 2)у прафесійным плане -адкрыццё ІП, так што я цяпер бізнесмен)) 3) З непрацоўнага - адкрыццё ў Нясвіжы тутэйшага вырабу сушы)
Рэлакс года: 1)адпачынак у Бешанкавіцкіх балотах з археолагамі і рыдлёўкамі. 2) касіць свае газончыкі, што прыйшлі на змену градкам - гэткі сапраўдны бюргерскі рэлакс)
Балотны курорт часоў неаліту ў Асаўцы
Хобі года: 1) фатаграфаванне Нясвіжскага касцёла Божага Цела ў рознае надвор’е і асвятленне. Ну не магчыма ўтрымацца, калі шлях на працу ляжыць паўз такія шыкоўныя краявіды! 2) байкатаваць расійскія тавары на карысць беларускіх і украінскіх - натхняльны прыклад украінскіх камрадаў ператварыўся ў нешта накшталт гульні)
Забава года: 1) кот Дымок - са жніўня гэты шэры камяк няшнасці ці не галоўны аб’ект клопату і крыніца забаваў у нашай сям’і. Я нават крыху раўную!) 2)
“тэатр ценяў” пана Мазалеўскага. Хоць і на працы, але найперш дзеля ўласнай цікавасці.
Нашы лепшыя забавы: кнігі і кот
Гаджэт года: Кіндл, куплены годам раней, але менавіта ў гэтым годзе я адчуў усю асалоду!
Кніга года: шмат іх было, дзякуй халяве Інтэрнэту… Адзначу
“Мову” В. Марціновіча, ад якой прынята моршчыць нос гурманам, але я ўкурыў ідэю мовы як псіхатропа) З нон-фікшна - украінскі пераклад цудоўнай працы Т. Снайдэра «Перетворення націй. Польща, Україна, Литва, Білорусь», вельмі цікавы, прафесійны і нейтральны погляд на гордзіевы вузлы Цэнтральна-Усходняй Еўропы.
Падарунак года: #визиткаяроша на лядоўню са Львова)) і жоўта-блакітная стужачка, закопчаная пакрышкамі на Грушэўскага ад удзельніка падзей.
Пытанне года: Што рабіць пасля сканчэння размеркавання? На жаль, адказу года пакуль няма((