Расія - паўкалонія Беларусі?

Oct 20, 2014 17:48

Усё часцей патрыятычна настроеныя беларусы прачынаюцца сярод ночы, абліваючыся халодным потам, з-за кашмараў: ці тое “русская обшчественность Вітебска” пад імперкамі і трыкалорамі вітае аншлюс Беларусі, ці тое “зялёныя чалавечкі” абвяшчаюць БНР - Бабруйскую народную рэспубліку. Прывід Рускага Міра блукае па Усходняй Еўропе! Самыя змрочныя песімісты нястомна канстатуюць факт гэтага аншлюса апошнія гадоў дваццаць. Але, мае тутэйшыя браты і сёстры, я вас супакою. У след за Каралем Вайтылам я ўсклікаю: не бойцеся! Можа Расія і здольная за два дні дайсці да Варшавы і Бухарэста ці пасыпаць ядзерным попелам Гудзон і Апалачы - але беларусы могуць спаць спакойна. Каб вас супакоіць - адкрыю адзін сакрэт: жахлівая Расія, якая палохае свет - усяго толькі наша, беларуская, паўкалонія.



А мо і нездарма некаторыя іх параўноўваюць?
Так, Расія - толькі беларускі сыравінны прыдатак, рынак збыту і палітычны давесак, які ва ўсім арыентуецца на Беларусь.  І самая вялікая падступнасць беларусаў у тым, што яны пераканалі ўвесь свет (і, у большасці, саміх сябе) у адваротным.

Дык чаму Расія - беларуская паўкалонія?

Крыніца  таннай сыравіны
Самы яскравы прыклад. У Белаусі сваёй нафты - кот наплакаў. Але пры гэтым працуюць магутныя нафтаперапрацоўчыя заводы і прадукты нафтаперапрацоўкі займаюць амаль траціну ў экспарце.  Пры гэтым расійская нафта паступае ў Беларусь амаль па ўнутраных расцэнках. Братняя любоў? У палітыцы і эканоміцы не месца рамантычным адносінам. Такім чынам, Беларусь проста выцягвае з калоніі танную сыравіну, якую перапрацоўваюць заводы метраполіі, пакідаючы прыбытак зусім не ў Маскве.

Рынак збыту
Львіная доля беларускага экспарту адпраўляецца на ўсход. Як бачна з прыведзенай схемы, гэта доля амаль дасягае 40%. Прычым гэта як правіла тавары з невысокай канкурэнтаздольнасцю, якіх цяжка прадаць у іншыя краіны з-за высокай цаны ці невысокай якасці. Але беларускім імперыялістам і гэтага падалося мала. Відавочна з падачы Мінска былі ўведзены т.зв. “санкцыі”: забарона імпарту сельскагаспадарчай прадукцыі з ЕС і Украіны. Такім чынам, быў штучна падвышаны попыт на беларускую прадукцыю, а пастаўкі імпартных прадуктаў пераключаны на беларускія кампаніі. Ужо беларускі ласось і беларускі пармезан - не толькі жарты, але мільярдныя прыбыткі беларускіх імперыялістаў і расійскіх кампрадораў. І, відавочна, гэта толькі пачатак. Ідэал - каб увесь гандль у калоніях ішоў толькі праз метраполію, як гэта было ў іспанскіх калоніях у Амерыцы, напрыклад, - на жаль, недасяжны, але максімальная канцэнтрацыя гандлёвых кантактаў з 146-мільённым рынкам праз Беларусь стане адной з важных задач каланіяльнай эксплуатацыі гэтай краіны.

Рынак працы
Беспрацоўе ў Беларусі проста рэкордна нізкае: менш за палову працэнта. І справа не ў тым, што магутная індустрыя Беларусі максімальна задзейнічае ўсе рабочыя рукі - з такой задачай не спраўляюцца і самыя прамыслова развітыя краіны. Але Беларусь злнайшла рашэнгне гэтай праблемы, падобна як каланіяльная Брытанская імперыя:  беспрацоўныя англічане, ірландцы, шатландцы ў пошуках працы адпраўляліся не за мяжу, а ў брытанскія калоніі, дзе адчувалі сябе нашмат больш камфортна ў атачэнні знаёмай культуры, заканадаўства і г.д. Такім чынам, і беспрацоўныя беларусы адпраўляюцца працаваць на расійскія прасторы, зніжаючы на радзіме сацыяльную напружанасць, нагрузку для бюджэта, злачыннасць ды іншыя негатыўныя спадарожнікі гэтай з’явы.
Гэта тычыцца не толькі простых беларусаў, аленавах буйных чыноўнікаў. Пераход топавага чыноўніка на працу у іншую краіну- справа ў свеце не надта пашыраная, нават часта не надта этычная. А вось пераход на працу ў калоніі - звычайная справа: ці на ганаровую сінекуру, ці, наадварот, на адказны участак працы, дзе абарыгенам асабліва не даверышся. І сярод беларускіх чыноўнікаў, як вядома, такая практыка досыць пашыраная.

Ідэалогія
Ідэалагічна беларускі каланіялізм не дужа акцэнтаваны, але ўважлівы назіральнік і тут заўважыць імперскія рысы. Па-першае, гэта класічны ўжо афарызм: “Беларусы - гэта рускія, але са знакам якасці”, які паказвае першаснасць, вышэйшасць, нацыянальнае вяршэнства народа-каланізатара. Апроч таго, з 1995 года Беларусь прэтэндуе на ідэйную пераемніцу СССР, дэманструючы гэта і сваёй дзяржаўнай сімволікай, і захаваннем шматлікай савецкай тапанімікі, эстэтыкі, працягам традыцый у заканадаўстве, адміністрацыі, кіраванні. Да таго ж працяг і развіццё атрымаў культ Вялікай Перамогі, усе атрыбуты якога выглядаюць дзіўнымі для невялікай мірнай рэспублікі, але цалкам лагічна для краіны з каланізатарскімі амбіцыямі.



Помнік Сталіну на лініі імя сабжа
Унутраная палітыка
Паўкалонія ці дзяржава-сатэліт часта прыпадабняецца ў дзяржаўна-палітычным плане да метраполіі. Пасля навязвання шэрагу нераўнапраўных дамоваў ў другой палове 1990-х, слабая дэмакратычная Расія на чале з хворым Б.Ельцыным падпала пад уплыў экспансіянісцкага мінскага рэжыму. Пераемнік Ельцына пачынае паступова паварочваць ашалелую ад свабоды Расію на беларускія аўтарытарныя рэйкі. Можна заўважыць, што шматлікія дэталі беларускай рэчаіснасці праз нейкі час з’яўляюцца і ў Расіі, яскравы прыклад - блакіроўка непажаданых сайтаў у Беларусі і, пазней, "чорны спіс" Раскамнагляду. Што паказальна, падобная і рэакцыя грмадства: маўклівыя пратэсты і “народныя гулянні” ў Мінску летам 2011 г. і ў Маскве траўня 2012 г.  Хоць, трэба адзначыць, адрозненне калоніі ад паўкалоніі - у значнай самастойнасці ва ўнутраных справах, што і сёння можна назіраць у адносінах паміж двумя краінамі.

Знешняя палітыка
СНД некаторыя памылкова лічаць праяўленнем расійскага неакаланіялізму. Аднак варта ўспомніць: а дзе знаходзіцца штаб-кватэра гэтай арганізацыі? У Мінску. Дзе СНД была заснавана? У Віскулях, што ў Белавежскай пушчы. Высовы напрошваюцца самі.
Мінскі рэжым дыстанцуецца ад актыўнага ўмяшання ў знешнюю палітыку свайго сатэліта, аднак руку на пульсе трымае, выходзячы з ценю адно пры вялікай неабходнасці. Так, менавіта ў Мінск, да сапраўдных гаспадароў рэгіёну, накіраваліся прадстаўнікі ЕС, Украіны, Расіі і сепаратыстаў дзеля вырашэння данбаска-луганскага пытання.

Як мы бачым, велізарная дзяржава, якая так бахваліцца сваёй вайсковай магутнасцю, багаццем карысных выкапняў, паступова трапіла ў залежнасць не да жыдамасонаў ці пяндосаў - а да “малодшага брата”. Але і для грамадства Беларусі такое ўладанне - не на карысць. Каланіялізм разбэшчвае і калоніі, і метраполію, замінае натуральнаму самастойнаму развіццю. Мы ведаем, чым скончваюць каланіяльныя імперыі. Таму дэмакратычныя змены ў Беларусі, арыентацыя на мадэль нацыянальнай еўрапейскай дзяржавы, а не наднацыянальнай імперыі будуць на карысць не толькі беларускаму грамадству, але і ўсёй нашай частцы Еўразіі.

даследзіны, расея-мая-расея, Фаменка руліць!, бугагашанька!, неспадзянка, цар-бацюшка, псіхадэл, аграмадэрн

Previous post Next post
Up