Я б не пачала чытаць гэтую кнігу, калі б не літаратурная імпрэза. Калі напрыканцы іпрэзы слова далі Альгерду Бахарэвічу, ён сказаў такія словы: "Я люблю свой родны горад. І, каб убачыць той Мінск, якім ён быў у 50-ыя гады пасля вайны, я б, напэўна, аддаў дзесятак сваіх год жыцця".
Як дзеўчына, я б наўрад ці размяняла дзесятак жыцця, каб убачыць такое увачавіткі. Але кнігай я зацікавілася. І не толькі з-за Бахарэвіча.
Сама імпрэза была дужа смачнай, незвычайнай. За год працы ў кнігарні я была на шматлікіх літаратурных імпрэзах. І вось, напэўна, гэту я дакладна не забуду.
Па-першае, таму што аўтару на той момант яшчэ не споўнілася і 22 год. Ен быў дужа актыўны і шчыры. Весела цешыўся сваім зорным часам, у добрым сэнсе гэтага слова. ))
Па-другое, ён граў на гітары "Всё идет по плану" Гр.Об. І, паверце, гэта было ў тэму.
Па-трэцяе, публіка складалася з яго сяброў, якія па палітычных поглядах падзяляліся на "правых" і "левых", што называецца.
Я прытрымліваюся пэўнай пазыцыі на гэты конт. Таму вушы навастрыла. Не ведаю, навошта Лазуткін сказаў, што ён камуніст, а твор хутчэй антыфашысцкі, чым наадварот.
Неяк не падобна гэта на праўду, але гэта ўжо не мне вырашаць.
А ўвечары пасля імпрэзы я яшчэ прачытала вельмі брудны артыкул на папулярным партале (захочаце - нагугліце) на тэму які жудасны Лазуткін, і колькі прэтэнзіі ў гэтым творы, і як жа ж гэта жахліва апісваць фашысцкі Менск.
Я адштурхнуся ад імпрэзы і ад яскравай асобы аўтара.
Буду намагацца толькі пра тэкст.
Мяне не зацікавіў твор.
Што тычыцца сучаснага сюжэту, то мяне гэта тэма не прываблівае. Я не люблю чытаць пра тое, што сама перажыла. Выключэнні бываюць і гэта мусіць быць нейкае глыбіннае апісанне ці перадача поўных пачуццяў і эмоцыяў (як, напрыклад, у фільмах Гай Германікі).
А ў мяне таксама былі і спантанныя паездкі ў маленькія гарады Беларусі, і канцэрты "Нейра Дзюбель", і чарніла пад плотам, і гістарычныя сходы у Львове. Таму гэты этап пройдзены, мне разумелы, і я не бачу нічога выключнага ў тым, каб апісваць нейкія лакальныя п'янкі.
Другі - і асноўны - сюжэт гістарычнага характару - я не пабачыла там ні дужа цікавых аповядаў пра сам горад, ні нейкіх незвычайных гістарычных фактаў. Што называецца "я ў тэме", Лазуткін. ;-)
Ну і сама мова - звычайная, як сачыненне адзіннаццацікласніка. Месцамі яна пераходзіць на "што бачу - то і пішу". Але выраз "Прости меня. Я мёртвый. Я живой. Я не знаю как жить дальше" - я не забуду ніколі. ))