Я хаця б раз вырашыла падрыхтавацца да літаратурнай імпрэзы, а не пасля. :-)
Калі б я калі-небудзь здымала кіно ці пісала б кнігу (хаця такіх амбіцыяў не маю), то, напэўна, тэма была б падобная з гэтым творам.
Пра моладзь, якой зараз у сучаснасці надта складана знайсці сябе. Напраўду СЯБЕ. Праз прызму ЗМІ, моды, соціума асоба губляецца. Што я маю на ўвазе пад той самай асобай, якая губляецца, я і сама не ведаю. Бо асоба і складае тую самую частку соціума і таксама ўплывае на нас усіх.
Выкажу здагадку, што гэта нейкая прыватная глыбіня, свой мікракосм памерам у макавае зерне, свой звон цішыні у вушах.
У "Полигоне" Лазуткіна аўтабіяграфічная частка (тая, што называецца "пра сябе") мне не спадабалася. Хутчэй, не спадабалася надта простая падача.
У Дубоўскага ж усё таксама нагадвае пра асабістае мінулае, але гэта надта смачнейшы тэкст.
Я маю шмат агульнага з галоўным героем. Мы жывем ў адзінай часовай і тэрытарыяльнай прасторы, мы ездзім тым самым транспартам па тым самым маршруце, думаем тыя самыя думкі, радуемся першым уласным "незалежнасцям".
Я добра разумею тое, што адбываецца ў кнізе, і чытаць ад гэтага не сумна.
Я наўмысна выкарыстоўваю дзеясловы цяперашняга часу, бо хоць у кнізе і апісваецца дзеянне пэўнага перыяду - 2000-х, гісторыі гэтыя адбываюцца цяпер і зараз.
І месца хоць і дакладнае, але гісторыя (history) універсальная. Гэта можа быць і ў Лацінскай Амерыцы, і ў Нарвегіі, і ў Казахстане.
Я жадаю ўсім такім нам - знайсці сябе.
Амінь.