Царква на пагорку, якая правалілася пад зямлю

Sep 04, 2010 22:53

Паданні пра зніклыя пад зямлёй храмы, якія стаялі на пагорках, шырока распаўсюджаныя па ўсёй тэрыторыі Бацькаўшчыны. Старыя распавядаюць, што раней на вяршыні пагорка можна было пабачыць яму/адтуліну, куды храм праваліўся, а з глыбіні можна пачуць званы. Такія аповяды ўспрымаюцца цяпер не больш, чым прыдумка. Рэальный фактаў звычайна не знаходзяць.

Але! Не ўсё так проста. Памятаю, як яшчэ Ляўданскі пісаў, што сапраўды ён знаходзіў на некалькіх гарадзішчах рэшткі даўняга глыбока калодзежа. Вось яны тыя міфічныя адтуліны.

А вось і больш рэальныя факты пра царкву. У знакамітай сваім Святым валуном вёсцы Крамянец на Лагойшчыне ёсць пагорак, на якім знаходзяцца могілкі. Рэдка хто ўжо з вяскоўцаў можа згадаць назву пагорка - Царкоўка. Распавядаюць, што на пагорку стаяла царква. Дык вось. Калі падняцца на яго, то пасярод старой частцы могілак у хмязняку можна пабачыць яму, прыкладна прастакутнай формы. Часткова яна завалена могілкавым смеццем і рэшткамі раслін. Яма незвычайная тым, што яна мае мураваныя сценкі. Падобна, што гэта і ёсць парэшткі той зніклай царквы, што была раней на пагорку, а цяпер ужо амаль што знікла пад зямлёй. У кожным паданні ёсць праўда. Трэба толькі яе адшукаць.


вандроўка, этнаграфія, народнае хрысціянства, паданні

Previous post Next post
Up