Дзесяць адметных сакральных валуноў Беларусі

Feb 13, 2018 22:17

Неяк з'явілася думка скласці свой спіс адметных і вядомых сакральных камянёў Беларусі. Справа складаная, бо святых валуноў даволі багата, ды кожны камень унікальны, значны для сваёй зямлі і тых людзей, што там жывуць і ўшаноўваюць святыню. Тым не менш, вось такі спіс у мяне атрымаўся.

1. Сцёп-камень каля в. Баяры Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці.

Гэта наш сімвалічны Сусветны Слуп у цэнтры свету каля вытокаў Вяллі і Бярэзіны. Пракаветны камень на водападзеле басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў - увасабленне нябеснай гары, з якой сцякаюць рэкі. Сёння ў вёсках у ваколіцах камяня захоўваецца абрад “Стаўроўскія Дзяды”, які звязаны з паданнем пра стварэнне свету і паходжаннем тутэйшых людзей.



Здымак з парталу vialejka.info

2. Змееў камень каля в. Гогалеўка Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці

Былы дом Цмока, удалага краўца. Сімвал "Асноўнага міфа індаўерапейцаў" пра змаганне Пяруна з Цмокам, якое разгарнулася на тутэйшай зямлі.



Здымак з парталу globus.tut.by

3. Камень Дзед з Мінскага капішча. Цяпер у мінскім Музеі валуноў

Ці не самы знакаміты культавы камень у сучаснасці, які мае "сталічны" статус. Галоўная святыня Мінскага капішча і сёння ўшаноўваецца жыхарамі і гасцямі беларускай сталіцы.



4. Святы (Богаў) камень каля в. Крамянец Лагойскага р-на Мінскай вобласці

Вада ў паглыбленных валуна лічыцца гаючай. Камень не толькі сёння працягваецца ўшаноўвацца, але і ўдзельнічае ў абрадах выклікання дажджу. Захаваўся не толькі шанаваны валун, але і прастора вакол яго: брукаваная пляцоўка, зруб крыніцы, адмысловыя камяні, што нібыта пазначаюць межы сакральнага абшару.



Здымак Алены Ляшкевіч

5. Комплекс валуноў са знакамі каля в. Сцебіракі Вілейскага раёна Мінскай вобласці

Камяні стаяць у шэраг арыентаваны на поўнач. Кожны камень мае сімвалічныя выявы, сярод якіх вылучаецца знак у выглядзе "вось з паўсферай" і рог-рытон. Агульная кампазіцыя дагэтуль застаецца нерасшыфраванай. Даследчыкамі выказваліся меркаванні, што выявы могуць быць звязаны з касмалагічнымі ўяўленнямі, з месяцовым календаром, пазначаць сакральныя кропкі руху часу.



6. Камень на Бабінай Гары каля в. Хрост Барысаўскага раёна Мінскай вобласці

Загадкавы камень пра які амаль нічога невядома. Паводле падання, гэта скамянелая жанчына. Распавядаюць, што гэты камень калісьці стаяў у цэнтры пляцоўкі абкружанай меншымі валунамі.


Здымак з парталу Pawet.net

7. Камень з ямкамі каля в. в. Мішуты Вілейскага раёна Мінскай вобласці

Вялікі камень, на паверхні якога налічваецца найбольшая колькасць (каля 84) штучных паглыбленняў-ямак, сярод усіх вядомых падобнага тыпу валуноў у краіне. Распавядаюць, што нібыта ямкі ўтварыліся ў выніку ўдара маланкі. Прызначэнне ямак дагэтуль застаецца таямніцай.



Здымак з парталу Wikimedia Commons Аляксандра Дзехцяронка

8. Нявесцін камень каля в. Агароднікі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці

Мясцовая традыцыя звязвае камень з вясельным абрадам. Да валуна і дагэтуль прыязджаюць маладыя сем'і, каб сімвалічна замацаваць шлюб.



Здымак з форума парталу globus.tut.by Валерыя Нікіфарава

9. Камяні каля в. Горка Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці

Распавядаюць, што пад гэтай каменнай канструкцыяй людзі праходзілі ці прапаўзалі на каленках тры разы, каб вылячыцца ад хваробаў. Аднак пасля таго, як пад ёй праехаў пан на тройке, за якім бег яго сляпы сабака, канструкцыя абвалілася. Таксама згадваюць гісторыю, як гэтыя камяні “плакалі”, а людзі збіралі ваду з камянёў, якая мела гаючыя якасці. Таксама для лекавання выкарыстоўвалі мох з камянёў. Археолаг Э.М.Зайкоўскі ў выніку шурфоўкі помніка выявіў каля каменных глыбаў кераміку ХVІ - ХVІІ стст. Камяні ўшаноўваюцца і ў нашы дні.



Здымак з форума парталу globus.tut.by

10. Слядок Божы або Божы камень каля в. Ператок Любанскага раёна Мінскай вобласці

Праз шматлікія скразныя адтуліны ў валуне пераліваюць ваду, якая пасля набывае гаючыя ўласцівасці. Валун ушаноўваецца і да яго прыносяць ахвяраванні.



Здымак з форума парталу globus.tut.by

P.S. Гэта далёка не ўсё, што хацелася б адзначыць, але калі вызначыў дзясятку, то трэба і спыніцца. Магчыма, будзе працягаць.

святое месца, паганства, паданні, камяні, традыцыя

Previous post Next post
Up