Sep 09, 2012 13:24
З нагоды скорага свята захацелася выказаць адну думку. Але спачатку крыху гумару) Пару год таму чытаў у афіцыйнай барысаўскай газеце "Адзінства" пра святкаванне Багача ў адной з вёсак Барысаўшчыны, якое арганізаваў мясцовы клуб. За аснову ўзялі класічнае апісанне Багдановіча, а таксама меркаванне Багдановіча пра ўшанаванне Дажбога ў гэты дзень. І, як мне здаецца, менавіта Багдановіч упершыню прывязаў Багача да дня восеньскага раўнадзенства. Дык вось. На Барысаўшчыне з падачы культработнікаў вяскоўцы ўшаноўвалі Дажбога, дзеці чыталі ў гонар яго вершы, прыносілі ахвяраванні садавінай ды гароднінай. Раза з гэтым на свяце прысутнічаў святар, пра што Багдановіч таксама пісаў, які асвячаў ахвяраванні Дажбогу))) Вось такі сінкрэтызм.
А цяпер мая думка. Я нездарма прыгадаў пра першапраходца Багдановіча ў пытанні Багача. Менавіта ён заклаў падмурак сучаснага святкавання Багача. Усе святкаванні грунтуюцца на яго апісанні. А свяча ў пасудзіне з зярнятамі стала сапраўдным пазнавальным сімвалам свята (прыгадаем хаця бы манеты нацбанка з серыі традыцыйных святаў). Разважаючы над святам, мне ўсё больш падаецца, што Багдановіча не зусім верна патлумачылі (хаця раней сам цалкам падтрымліваў яго версію). То бок, Багач - гэта не зусім дзень восеньскага раўнадзенства, а можа і зусім не ён. Так, ён мае пэўныя прыкметы, але яны не дамінантныя. Галоўным доказам ёсць та самая свяча, якая ўспрымаецца ў якасці салярнага сімвала. Але! Абыход са свячой вядомы з апісанняў Багдановіча, а таксама ён вядомы на Мядзельшчыне. Больш здаецца нідзе. І ўсё гэта ідэальна падыходзіць пад лакальны абрад "Свяча", які праводзіўся ў розных вёсках у розныя святы з рознай нагоды. На мой погляд, гэты абыход са свячой ёсць пазнейшая з'ява у святкаванні Багача, які перш за ўсё з'яўляецца аграрным святам. Свяча тут не ёсць сімвалам сонца (як тое напісаў Багдановіча), а элементам абраду, які ўзяў многае з царквы: прысутнасць святара, свяча, абразы, малітвы да святога, у дзень якога праводзілі "Свячу". Можа пакуль і блытана, але спадзяюся, думка зразумелая. Трэба паразважаць яшчэ і нармальна аформіць.
Усе падтрымалі прыгожую версію Багдановтча, што Багач - дзень восеньскага раўнадзенства, а свяча - сімвал сонца. Спакушала і дата Багача - 21 верасня, хаця Багдановіч пазначыў, што дзень святкавання "плавае". Але...можа быць усё не так. Тады натуральнае пытанне: а што тады дзень восеньскага раўнадзенства ў народным каляндары? Гэты дзень у цэласным выглядзе не дайшоў, яго як бы падзялілі розныя святы. Найбольш яскрава касмічная сімволіка раўнадзенства выяўляецца ў святах Стаўбун (Сымон Стоўпнік) - 14 верасня (па н.ст.) і Уздзвіжанне - 27 верасня (па н.ст.). І на Багач пэўна таксама нешта перайшло, але менавіта гэтыя два святы маюць якраз рэальныя сімвалы раўнадзенства. У гэты бок трэба рухацца ў пытанні высвятлення і аднаўлення святкавання восеньскага раўнадзенства.
народны каляндар,
паганства,
свята