Аповяд пра тое, як мой дзед-ветэран закалоў фашыстоўскую сьвіньню

Dec 29, 2008 15:00





Мой дзед ня проста ціхі пенсіянер, які глядзіць БТ і тлуміць мне галаву ўвечарох, не-е-е, мой дзед ветэран вайны. Ён змагаўся з фашыстамі і вызваляў Эўропу ад карычневай чумы. Ён, маткабоска, герой-вызваліцель ў трыко колеру хакі з падшытым каўнерыкам. Нажаль мой дзед ня надта любіць распавядаць аб той вайне. "А вось мы ў саракавым-та годзе…" або "А вось мы пасьля вайны-та…" - пра гэта ён заўжды баўбатаць гатовы. А каб аб бойках, стрэляніне, трупах і танках - аб гэтым зрэдку, дый то калі добранька так нажарэцца. Але больш за ўсё мой дзед ня любіць распавядаць аб тым, як закалоў фашыста. Закалоў штыком, як у першую ўсясветную ў штыкавых нападах. Прабіў наскрозь і пакінуў падыхаць на зямлі гэтую фашыстоўскую брыду. Проста капец, як цікава. Але, глядзі ж ты, ня любіць мой дзед распавядаць пра гэта, хоць ты трэсні. Вось такі ніцы мой дзед. А было там усё так. Нашы падняліся ў атаку. Далучыць штыкі!,Ур-р-р-ра-а-а!, За Радзіму, за Сталіна! - і ўсё такое. Фашысты, ня будзь дурнямі, пастралялі трохі дый далі ад нашых дзёру. Калі мой дзед дабег да фашыстоўскага акопу, тамака заставаўся толькі адзін таўсты і сапрэлы фашыст. Дый той усё хацеў выпаўзці з гэтага акопу, спрабуючы перакінуць сваю тоўстую нагу праз бруствер. Раней, яшчэ да нападу, камандзір загадаў майму дзеду эканоміць патроны і мой дзед, ня доўга думаючы, уторкнуў штык у фашыста. У спіну трохі ніжэй за правую лапатку.  Фашыст завізгацеў як свіння. Ён пачаў круціцца, выгінацца і дзіка гарлапаніць, але мой дзед не адыходзіў і засаджваў штык усё глыбей і глыбей. Фашыст пішчэў, пырскаў сліной і матаў галавой. Адзін раз ён так стромка вывярнуў шыю, што ягоны твар звярнуўся назад, за спіну, да майго дзеда. І тады мой дзед убачыў вочы фашыста. Гэта былі вочы свінні, якую усёйнае ейнае свядомае жыццё ўдосталь кармілі, паілі, мылі і трымалі ў цеплыні, казалі ёй, што яна лепшая свіння ў свеце, казалі аб яе перавазе над іншымі свіннямі, рабілі для яе ўсё, што яна пажадае, далі ёй добрую адукацыю, хату ў прэстыжным раёне, машыну, келіх халоднага элю ўвечар. І вось у адзін цудоўны дзень гэтую свінню ўзялі і закалолі, пусцілі на мяса, злупілі скуру і павесілі на гак. І вось яна вісіць на гаку і ахуявае. Гамон, завошта!? Вочы яе поўныя шчырага неразумення, здзіўлення і крыўды. Чаму я?! Вось такімі ж былі вочы таго фашыста, якога закалоў мой дзед. Капец, праўда? Мой дзед глядзеў у гэтыя вочы дзель секунды, а потым плюнуў і адвёў позірк. А фашыст працягваў верашчэць і біцца, як рыба на лёдзе. Мой дзед усё напіраў і напіраў на вінтоўку, ды так, што штык прайшоў скрозь фашыста і ўторкнуўся ў зямлю. Фашыст апынуўся прышпіленым да зямлі, як матыль да кардонкі.  Побач прабягаў жаўнер з палку майго дзеда, паглядзеў на гэтую справу, харкнуў і стрэліў фашысту ў галаву. Ва ўпор з вінтоўкі Мосіна ўзору 1891/1930 гг., з калібрам патрону 7,62 мм. Галава фашыста разляцелася на шматкі, як саспелы гарбуз, абрындаўшы гімнасцерку майго дзеда мазгамі і крывёй. Мой дзед выцягнуў з фашыста штык і пабег далей у напад. Пасля бою яму доўга прыйшлося адмываць гімнасцерку ад рэштак фашыстоўскай свінні. Можа таму ён так ня любіць распавядаць аб тым, як закалоў фашыста. Праўду кажучы, мой дзед наогул аб гэтым ніколі не распавядаў.

апавяданне, творчасць

Previous post Next post
Up