-З ўсёй плыні амерыканскіх сэрыялаў, што захлынула вінчэсьцеры, кружэлкі і флэшкі беларускіх гледачоў-аматараў, працяў мяне адзін, здавалася б, звычайны дэтэктыўны сэрыял пра жыцьцё-быцьцё копаў з Маямі. Такіх тузіны, але менавіта гэты фільм уражвае сваёй арыгінальнасьцю, якасьцю, глыбінёй, бліскучым чорным гумарам і шчырасьцю. Апроч ўсяго, ён заслугоўвае на ўвагу яшчэ і за тое, што з’яўляецца адным з нешматлікіх прыкладаў экранізацыі, якая калі і не перавышае, дык роўная па вартасьці арыгінальнаму тэксту. Сустракайце - “Дэкстэр”, серыял зняты паводля раману Джэфры Ліндсея “Дрымотны дэман Дэкстэра”.
Галоўны герой серыялу - Дэкстэр Морган - чалавек без пачуцьцяў. Не, ня тое каб хлапцу бракавала зроку, ці слыху. Слова “пачуцьці” тут трэба ўспрымаць у больш агульным сэнсе. Абаяльны, палымяна руды прыгажун з бліскучай усьмешкай ня можа адчуваць ані вясёласьці, ані гора, ані нянавісці, ані каханьня… Дэкстэру не зразумелыя звычайныя чалавечыя радасьці і хваляваньні. Але ня гледзячы на такія дзіўныя акалічнасьці, пачуцьцёвы калека-Дэкстэр гарманічна ўпісаўся ў грамадства. Ён выдатна навучыўся імітаваць праявы чалавечых пачуццяў і знаходзіць з людзьмі паразуменьне. Галоўнае, ён дамогся таго, што людзі, якія атачаюць яго, ўспрымаюць Дэкстэра як свайго. Будзь яны трохі ўважлівей, пэўна б заўважылі якую пачвару трымаюць ля сябе (сам Дэкстэр сябе чалавекам ня лічыць). Але людзі ў Маямі настолькі апантаныя ўласнымі турботамі, што не заўважаць і д’ябла, калі таму зайдзе да галавы наведаць іх. Можа таму эксперт па крыві з паліцэйскага дэпартаменту Метро, прамяністы Дэкстэр, пакуль працягвае сваё жаласнае безпачуцьцёвае існаваньне. І ўсё бы нічога, і жыў бы ён сабе і гора ня ведаў (як і шмат чаго яшчэ), каб не ягоная непераадольная прага забойства. Надыходзіць час і на сцэну замест душкі-Дэкстэра, выходзіць жорсткі маньяк-забойца, які ня сыйдзе, пакуль якая-кольвек асоба не аддасьць праз яго богу душу. Можаце казаць пра падваеньне асобы, ці апантанасьць, ці яшчэ якое вар’яцтва. Сам жа Дэкстэр называе сваю другую існасьць Цёмным Спадарожнікам. Як толькі Цёмны Спадарожнік становіцца ля стрына сьвядомасьці Дэкстэра пазьбегнуць сьмерці стае немагчымым. Безумоўна, з такой дурнатой у галаве, Дэкстэр надоўга на волі не затрымаўся б. Сідзеў бы ён даўно ў турме альбо ў вар’ятні, каб не ягоны прыёмны бацька. Стары коп Гарры, яшчэ ў дзяцінстве заўважыў за сынам небясьпечную прагу і вырашыў накіраваць яе ў правільнае, на яго думку, рэчышча. Ён зразумеў, што не забіваць Дэкстэр ня можа, таму стварыў для яго адмысловыя правілы паводзінаў - Кодэкс. Гэты Кодэкс утрымліваў парады, аб тым, як весьці назіраньне за ахвярамі, як не пакідаць слядоў пры забойстве, як накіроўваць следства па нявернаму шляху, а галоўнае, Кодэкс загадваў Дэкстэру знішчаць толькі забойцаў, што з-за тых ці іншых чыньнікаў ушлі ад закону. Гарры зрабіў з сына машыну правасудзьзя, такую ж бязлітасную, як самое правасудзьзе, такую ж бяздушную і такую ж сляпую. І вось цяпер абаяльны маньяк і нячулая пачвара Дэкстэр стаіць на варце спакою шэраговых грамадзян Маямі. Сапраўды, куды коціцца сьвет?