Нямое кiно

Feb 23, 2009 12:13




А нямое ж кіно-та, па сутнасьці, нямым ня было. То бок ніхто гэтыя фільмы ў цішыні не круціў, ніхто іх у цішыні і не глядзеў. Я не кажу тут пра перашэптваньні ці ўздыхі з апошніх шэрагаў. Не. А кажу я пра хлапцоў зь піянінамі. Як іх там клікалі? Тапёры, во як. Гэтыя хлопцы як раз і стваралі, так бы мовіць, гукавое суправаджэньне фільму. Гралі музычку, якая павінна была адпавядаць таму дзеяньню, што адбывалася на экране. І ведаеце, у некаторых гэта добра атрымоўвалася. Не так добра, як у сучасных гукарэжысэраў, але па ўсім прымальна. Гледачам падабалася.


Я і сам часам адчуваю сябе гледачом нямога кіно. Калі ўторкваю ў вушы слухаўкі і націскаю на кнопку свайго ўласнага кішэнявага тапёру. Упэўнены - калі чалавецтва падойдзе да мяжы свайго фізычнага існаваньня, то віной усяму будуць МР3 флэш-плэеры. Больш пякельнай рэчы выдумаць было немагчыма. Музыка ў тваёй кішэні, сто гадзін гучаньня нон-стоп. У сярэднявеччы за гэта палілі на вогнішчы. Безь папярэдняга прыдушэньня.

Дык вось, калі я націскаю кнопку “граць” на сваім МР3-плееры ,то сьвет імгненна ператвараецца ў кіназалю братоў Люмьер. Падзеі, што адбываюцца, побач набываюць афарбоўку кіналявасьці. Людзі, што атачаюць мяне, калі я іду па вуліцы, еду ў транспарце, ці проста сіжу ў парку на лаўцы, ператвараюцца ў нямых актораў. Я пільна ўглядаюся ў іх, назіраю за “сюжэтамі”, што яны мне прапануюць. У залежнасьці ад таго, якая ў слухаўках грае тэма, пэўны “сюжэт” з навакольля прываблівае мяне больш. А тэмы могуць быць розныя. Колькі разнастайнага музла напампована на крэмнёвую памяць плэера, столькі і тэм. Вось напрыклад, грае “тэма каханьня” - што небудзь жалосьлівае з жаночым вакалам - і адразу ўвага накіроўваецца на салодкую парачку маладзёнаў, што лашчацца адно да адного ў вагоне  насупраць мяне. Дзяучына з даўгімі валасамі і прыгожым носікам сядзіць у паўабароты і трымае хлопца за руку. Хлопец з кволенькімі вусамі і шырокай усьмешкай пазірае на яе шчаслівымі вясёлымі вачыма. Вусны іх шавеляцца, яны размаўляюць, але словаў ня чуваць - музыка грае громка. Дый ня трэба ніякіх словаў. Гэта ж “тэма каханьня” - словы ня маюць сэнсу.

Ці вось “тэма патасу” альбо “гераічная тэма” - громкая музыка з хоравымі сьпевамі ў фоне, гэткія тэмы граюць звычайна напрыканцы ваенных драмаў. Калі пад гэту “тэму” насустрач ідзе які-кольвечы вайсковец, то ў маіх вачох ён ператвараецца ў героя, які вяртаецца з цяжкага, амаль нездзяйсьняльнага заданьня пераможцай. Часам здаецца, асабліва калі тэма чоткая, што час запавольваецца і рухі вайскоўца набываюць надзвычайную плаўнасць і выразнасць. У гэты момант любы, нават шэраговы вайсковец выглядае так гераічна-патасна, ажно сьлёзы наварочваюцца.

Седзячы ля вакна аўтобуса ці электрычкі, добра спаймаць “падарожную тэму” - што-небудзь хуткае, жвавае, рытмічнае. Тады нудны пейзаж за вакном набывае ўласьцівасьці фільмовага: імклівасьць,смазанасць малюнка, ірваны мантаж - адзін краявід зьмяняе другі з шпаркасьцю сьвятла.

Часам цягне сьмяяцца. Але не з-за таго, што зайграла “тэма гумару” альбо музыка сьмешна не супадае з візуальным шэрагам. Зусім не. Сьмех падступае ад выразнага адчуваньня штучнасьці, уяўнасьці, несапраўднасьці навакольнага сьвету. Ад відавочнай найгранасці пачуцьцяў, ад няўмелых рухаў і дрэннай гульні новасьпечаных актораў. Хочацца ўстаць і, пакінуўшы ў крэсьле поп-корн, выйсьці на вуліцу - падыхаць сьвежім паветрам…

Сідзець! Тут табе не кіно, тут жыцьцё, хлапец! Сапраўднае, маткабоска, брутальнае жыцьцё. Так што сядзі і глядзі.

творчасць, музыка, эссэй

Previous post Next post
Up