25 гадоў таму

Feb 24, 2009 16:40





Прадмова да першага выданьня.

Перад намі раман выбітнага партыйнага дзеяча Джоржа Оруэла - “1984”. У гэтай кнігі доўгі шлях да друкарнага станку. Былі часы, калі гэты твор лічылі падрыўным, лічылі, што ён ганіць ідыялы Ангсоцу і абражае Акіянію і яе грамадства. Таварыш Оруэл шмат патрываў ад несправядлівай крытыкі і нават быў выключаны з Партыі. Але справядлівасць сёньня адноўленая. Сёньня Партыя і яе правадыр - Старэйшы Брат - ухвалілі працу таварыша Оруэла па апісаньню і захаваньню гістарычнай праўды для нашчадкаў агульнай сацыялістычнай спадчыны. Сёньня кніга гатовая паказаць сучаснаму сацыялістычнаму грамадству падзеі дваццаціпяцігадовай даўніны з усёй іхняй гістарычнай дакладнасьцю.

“1984” - перадусім гістарычны раман. Ён апісвае нашу краіну і наша грамадства ў часы станаўленьня сістэмы Ангсоца. Галоўны герой кнігі - чалавек, які сумняваўся. Сапраўды, 25 гадоў таму, калі прагрэссіўнае сацыялістычнае грамадства яшчэ не ўвайшло ў рост, сярод яго прадстаўнікоў яшчэ знаходзіліся людзі, што сумняваліся ў вернасьці абранага шляху. Безумоўна, сёньня ніхто ўжо ня мае ніякіх сумневаў. Але тады, пад уплывам варожай падрыўной прапаганды і правакацыям крывадушнага ворага Голдстэйна, чалавек мог засумнявацца і здрадзіць Партыі, якая ўзрасьціла яго. Сёньня галоўны вораг народу сьцёрты ў попел і таму небясьпекі сумневу няма. Кніга апісвае ўсе цяжкасьці, што спаткалі галоўнага героя на шляху здрады і сумневу, апісвае намаганьні Партыі па вяртаньню свайго сына ва ўлоньне Ангсоцу. Адначасова раман апісвае грамадства тых часоў, яго выбітных прадстаўнікоў - чальцоў Партыі, яго асноўную сілу - пролаў. Апісвае выразна, адпаведна і дакладна. Даносіць сучаснаму чытачу ўсе бакі тагачаснага жыцьця. Раман Оруэла - гэта сапраўдны гістарычны помнік магутнае эпокі.

Сёньня, праз 25 гадоў пасля адлюстраваных у кнізе падзей, ідэялогія Ангсоцу канчаткова даказала сваю трываласьць і бездакорнасьць, а некалі маладая дзяржава Акіянія ператварылася ў магутную і непераможную краіну справядлівасьці і дабрабыту. Сёньня наш спрадвечны вораг Эўразія стаіць на каленях, а наша непераможная армія заносіць меч дзеля апошняга ўдару. Сёньня наш спрадвечны хаўруснік Остазія прымае з нашых рук ідыялы Ангсоцу і уваходзіць ва ўлоньне братэрства і ўзаемапаразуменьня. Сёньня мы ў адзіным парыве выказваем падзяку нязгаснай мудрасьці нашага правадыра і настаўніка - Старэйшага Брата.

©Дазволена Міністэрствам Праўды.

©Толькі для ўнутранага карыстаньня.

мой выбар, кнігі, меркаванне, графіка

Previous post Next post
Up