Алімпійка

Mar 09, 2009 13:46

Эй, жаўнер, гэтсамэ, ходзь сюды. Ты, ты, зялёны, падыдзі. Ды што ты трасешсі, гэтсамэ, нічога я табе ні зраблю. Я сёньня лагодны, гэтсамэ. Я проста пагаварыць хачу. Сядай, гэтсамэ. Цыгарка ё? Дарма. У наступны раз, гэтсамэ, за такое дам па шыі. Ды не трасіся ты так, гэтсамэ, хмызьняком прыкінуцца хочаш, ці што? Слухай, жаўнер, ты я бачу тут новенькі, гэтсамэ. Нядаўна прыслалі. Як зваць цябе, гэтсамэ? А мяне Коля, для цябе пакуль Нікалай Іваныч. Зразумеў, гэтсамэ? Сам адкуль? О, братка, дык мы, гэтсамэ, амаль землякі! Я з Вілейшчыны. Бачыў нашае вадасховішча? Увесь Менск зь яго п’е, гэтсамэ. Вось як яно.

А ў войска ты як патрапіў, гэтсамэ? Пасля ўніверсытэту!? БНТУ. Дык ты ў нас жаўнер-разумнік тады атрымоўваешсі, гэтсамэ. І што - не касіў? Адразу ўзялі і адразу да нас. Ну даюць, гэтсамэ! Відаць нашай краіне інжанеры ўжо не патрэбыя, гэтсамэ. Ёй жаўнераў падавай. Абадай цябе халера.

А ты, я бачу, насамрэч разумны, гэтсамэ. Добра. З разумным чалавекам і пагутарыць цікава, гэтсамэ. Вось скажы, гэтсамэ, як ты лічаш - дарма мы тут з табой сядзім? Ну, у сэньсе, дарма нашыя ўсю гэтую кашу заварылі? Не дарма! Я гэтак жа лічу. Не дарма, гэтсамэ. А галоўнае як. Як чотка ўсё зрабілі, гэтсамэ. Малайцы.

Памятаеш, што было, калі Расея гакнулася? Ну, развалілася па-нашаму, гэтсамэ. Дый куды табе, гэтсамэ. У цябе ж тады вучоба была, сэсесіі, кафедры, сяместры ўсялякія, гэтсамэ. Адарваны ад рэальнага жыцьця чалавек, гэтсамэ. Я ж не дурны, гэтсамэ, ведаю як ва ўніверсытэтах вашых цяжка. Пэўна, катуюць вас там, гаротных, гэтсамэ. Ходзіце худыя, заўжды галодныя, гэтсамэ. Ледзьве на нагах трымаецеся ад вашае навукі. А вось я тады, гэтсамэ, службу пачынаў. Пасля школы прызвалі, гэтсамэ. А часіны былі цяжкія, крызіс усіх душыў, гэтсамэ. Вось Расея тады і ня вытрымала - ляснулася. Растрэслася на кавалачкі, гэтсамэ. Масковіі ўсялякія, Ноўгарады дэмакратычныя, рэспублікі сібірскія. Ну, ты сам бачыш, гэтсамэ. А я вось служыў. Ведаеш, гэтсамэ, у нас у часцы быў адзін хлопец, гэтсамэ,ну, фанат расейшчыны. Ён усё казаў, гэтсамэ, пакуль яшчэ нармуль усё было, пакуль ня ляснулася Расея. Казаў, што Беларусі без Расеі нікуды, гэтсамэ, што Расея наш спрадвечны сябра і што, слыш, нам палюбасіку трэба пад Расею класьціся. Во як, гэтсамэ. Так і казаў. Дык, уяўляеш, гэтсамэ, як гэты аматар расейшчыны спачуваўся, калі ўсё сталася. Страшна глядзець на яго было, гэтсамэ. Хадзіў маркотны, нібы вочы прадаўшы, гэтсамэ. Нават кпіць зь яго сорамна неяк было.

Дык, да чаго я ўсё гэта? А, прыгадаў, гэтсамэ. Памятаеш, як чотка нашыя тады спрацавалі? Бацька ж ня дурны, гэтсамэ, хутка ўцяміў, што тут можна нядрэнна рукі прыгрэць. Адхапіць сабе кавалачак зямелькі, гэтсамэ. Памятаеш, як хутка, гэтсамэ, бадай не на наступны дзень пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Масковіяй, тут, у Смаленску, з’явіўся гэты грамадскі рух. Як яго там? А, “Смаленск - спрадвечна беларускі горад”, во як, гэтсамэ. З’явіўся, гэтсамэ, і абвясьціў аб уваходзе смаленшчыны ў склад РБ. Памятаеш, як хутка яны там гэта ўсё ў сябе зацьвердзілі. А вёскі памежныя, гэтсамэ, тыя ўвогуле да нас запрасіліся амаль адразу. Думаю, бяз нашых захадаў тут не абышлосі, гэтсамэ. Эх, нездарма, нашыя камбайны, яшчэ да таго, штогод езьдзілі іхнія, гэтсамэ, смаленскія палі прыбіраць. Нездарма, слыш. Пэўна гэта нашыя ўлады ўжо тады глебу рыхтавалі, гэтсамэ, падбухторвалі. А потым, як хутка войскі нашыя туды паслалі, гэтсамэ, для падтрыманьня парадку і ўладкаваньня мяжы. Во як. Нашу частку, Красьненскую, ў ліку першых на вагоны пагрузілі.

Я спачатку ўсё думаў: чаго менавіта нас паслалі, гэтсамэ? А потым здагадаўсі. Гэта таму, што мы - захадзенцы, гэтсамэ, больш нацыянальна сьвядовыя людзі значыцца. Больш за Беларусь думаем, гэтсамэ. На расейшчыну нам насраць. Я вось думаю, што і цябе, гэтсамэ, да нас накіравалі таму, што ты па-беларуску гаворыш. Я ж ня дурны, гэтсамэ, з гісторыі трохі ведаю. Пра ўсялякія там нацыянальныя атрады. Пра тое, якія яны жорсткія бываюць, гэтсамэ. Гэта ж хахлы нам Хатынь спалілі, а ня немцы. Вось і нашыя, гэтсамэ, зьверху, гэтак жа думалі, калі нас пасылалі. Мы тут рады дамо, гэтсамэ, на расейшчыну ня купімсі. І ведаеш, гэта насамрэч так. Быў тут адзін выпадак, гэтсамэ. Маёр наш адзін з Магілёва быў. Чысты расеец, і гаворка расейская, чыстая, гэтсамэ, ня нашая. Дык вось гэтаму маёру надта не падабалася тое, што мы тут робім. Ну, у сэньсе, што разцягваем непадзельную і вялікую Расею, гэтсамэ. З гэтае прычыны засядлаў ён мядзьведзя, гэтсамэ, брыдкімі словамі ганьбіў урад, лаяўся на прэзідзента, дый ўвогуле выказваў жаданьне да маскалёў перабегчы. Я сам, праўда, ня чуў, гэтсамэ, казалі так. Дык вось замянілі ахвіцэра. Хуцейка замянілі, гэтсамэ. Прыслалі нашага, з Гародні. А таго, спачувальніка расейшчыне, невядома куды адаслалі, гэтсамэ, можа нават і ў трыбунал аддалі. Ня ведаю. Гэты выпадак, гэтсамэ, нам баявую дыстыпліну добра падняў. Ажно так, што астатнія ахвіцэры, што па-беларуску не казалі ніколі, усе на матчыну мову раптоўна перайшлі.

Ну а так, мы жаж тут нічога дрэннага і ня робім, гэтсамэ. Вёскі ня палім, жыхароў не страляем. Дый няма нагоды. Людзі прынялі нас з хлебам і соллю, гэтсамэ. У людзей, гэтсамэ, запаветная мара збылася. Ва ўлоньне Радзімы вярнуліся. Безумоўна, яны тут усе яшчэ сапсаваныя, гэтсамэ, расейскай прапагандай. Пра ВКЛ ні халеры ня ведаюць. Але ж па ўсяму бачна, што людзі нашыя. Выправяцца, гэтсамэ. Так што сядзім мы тут з табою, дружа, гэтсамэ, на усходняй заставе, на брэст-маскоўскай магістралі, гэтсамэ, выконваем нацыянальны доўг. Нацыянальныя героі мы з табою, жаўнер. Во як, гэтсамэ.

Стоп, што гэта там. Лядзі на дарогу. Едзе нехта. Жыгуль. Нумары маскоўскія, гэтсамэ. Што гэтым маскалям тут трэба? Можа яны да нас прасіцца прыехалі. У грамадзяне РБ, гэтсамэ. Бывала ўжо такое. Пайду ляцёхе далажу. А ты сядзі, жаўнер, і глядзі вокам, каб чаго ня ўчудзілі. Панаехала тут, гэтсамэ.

апавяданне, творчасць, фантастыка

Previous post Next post
Up