10 храмаў, пабудаваных на захадзе Беларусі ў міжваенны час

Apr 06, 2016 20:08



У першай палове ХХ ст. Беларусь была падзелена на две часткі. Захад краіны па выніках Савецка-Польскай вайны апынуўся ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. На ўсходзе паўстала Савецкая Беларусь, якая ўваходзіла ў склад СССР. Два міжваенных дзесяцігодзі беларусы па абодва бакі мяжы жылі ў розных эканамічных і палітычных сістэмах. Да таго ж стаўленне ўлад да рэлігіі ў гэтых двух частках Беларусі было дыяметральна супрацьлеглым. Калі на ўсходзе існуючыя храмы зачыняліся, пераўтвараліся ў склады, клубы, спартовыя залі ці ўвогуле разбураліся, то на захадзе храмавае будаўніцтва не спынялася. За два дзесяцігодзі ў заходняй частцы Беларусі было ўзведзена некалькі дзясяткаў храмаў розных канфесій ў самых разнастайных архітэктурных стылях. Шмат з пабудаванага ў тыя гады захавалася да нашага часу.

1. Вялікая Рагозніца, касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, 1926



Касцёл у вёсцы Вялікая Рагозніца не падобны на каталіцкія храмы, якія звычайна можна пабачыць у краіне. Пабудову ў такім стылі чакаеш сустрэць хутчэй на поўначы Скандынавіі чым на захадзе Беларусі. Строгі і лаканічны храм, узведзены цалкам з бутавага камення, эстэтыкай нагадвае пратэстанскую кірху. Тым не менш аўтар праекта касцёла не швед ці нарвежац, а польскі архітэктар з Варшавы Рамуальд Гут (польск. Romuald Gutt). Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі быў пабудаваны і кансэкраваны ў 1926 годзе. Канчатковы выгляд будынка трохі адрозніваўся ад праекнага, змешчанага ў польскім архітэктурным часопісе годам раней.



2. Дайлідкі, касцёл Апекі Маці Божай, 1929



Гэты касцёл з’яўляецца прыкладам нацыянальнага архітэктурнага мадэрна (які часта называюць “закапанскім” стылем), што панаваў у міжваеннай Другой Рэчы Паспалітай у 1920-я гады. Гэты стыль пазычыў рысы і прыёмы будаўніцтва ў народнага дойлідства і ўвёў іх у прамысловы зварот. Храмы пабудаваныя ў “закапанскім” стылі звычайна драўляныя ці каменна-драўляныя і нагадваюць пабудовы больш ранніх часоў. Будаўніцтва касцёла ў Дайлідках было скончана ў 1929 годзе, таксама касцёлы ў падобным стылі былі ўзведзены ў Заастравеччы, Барозаўцы, вёсцы Далёкія і інш.



3. Баранавічы, Пакроўскі сабор, 1931



Рашэнне аб узвядзенні новага праваслаўнага храма на месцы згарэлай ў 1921 годзе царквы, было прынята на наступны ж дзень пасля пажару. У 1924 годзе быў закладзены першы камень ў падмуркі будучага сабора, а асвечаны храм быў у 1931 годзе. Пакроўскі сабор пабудаваны ў стылі неакласіцызма і з’яўляецца самым старым праваслаўным храмам у Баранавічах. Цікавосткай храма з’яўляюцца мазаікі, якімі аздоблены сабор звонку і знутры. Справа ў тым, што гэтыя мазаікі былі спецыяльна прывезеныя ў Баранавічы з Варшавы, дзе іх знялі з разбуранага ў 1926 годзе сабора Аляксандра Неўскага. Гіганскі праваслаўны храм у цэнтры польскай сталіцы быў зруйнаваны уладамі новаўтворанай Польскай Рэспублікі як сімвал расійскай акупацыі. Мазаікі, што захаваліся на баранавіцкім храме, выкананыя такімі знакамітымі мастакамі, як Васняцоў, Рабушаў, Бруні.



4. Радунь, касцёл Маці Божай Ружанцовай, 1933



Буйны касцёл ў мястэчку Радунь будаваўся чатыры гады з 1929 па 1933. Архітэктар Ян Бароўскі (польск. Jan Borowski) у мадэрністскім ключы спалучыў у будынку храма рысы раманскага стылю, неаготыкі, а таксама новамоднага ў тыя часы функцыяналізму з яго простымі геаметрычнымі формамі. Уражліва выглядае спалучэнне бутавага камяню з атынкаванымі ўстаўкамі з цэглы. На старым фотаздымку бачна, што галоўны фасад касцёла ўпрыгожвалі статуі святых, на жаль, да нашага часу яны не захаваліся.



5. Солы, касцёл Маці Божай Ружанцовай, 1934



Касцёл ў Солах гэта прыклад іншага накірунку польскага міжваеннага архітэктурнага мадэрна -неабарока. Будынак паводле праекту архітэктара Дубановіча ўзводзіўся на грошы парафіян амаль дзесяцігодзе з 1926 года да 1934. Паўстаў ён на месцы старога драўлянага храма. Касцёл цікавы ўнутраным убраннем, а таксама некалькімі фрэскамі з сюжэтамі Савецка-Польскай вайны 1919-1921 гадоў.



6. Дольная Рута, царква Усіх Святых, 1935



Царква Усіх Святых пабудаваная ў вельмі рэдкім для Беларусі архітэктурным стылі, які спалучае псеўдарускую стылістыку і прыёмы канструктывізма. Магчыма, так маглі б выглядаць праваслаўныя храмы, пабудаваныя ў Савецкім Саюзе ў 1930-я, калі б у гэтай краіне не было ганенняў на рэлігію.



7. Зарачанка, касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, 1937



Касцёл у стылі неаготыкі быў пабудаваны ў Зарачанцы ў 1937 годзе. У 1969 годзе з нагоды чарговай хвалі барацьбы з рэлігіяй у БССР храм быў зачынены і ператвораны ў склад. Адноўлены і вернуты пастве касцёл быў толькі ў 1989 годзе.



8. Брэст, лютэранская кірха, 1938



Яскравым прыкладам чыстага без прымесяў функцыяналізму, які панаваў у 1930-я гады ў Польскай Рэспубіцы, з’яўляецца будынак былой лютэранскай кірхі ў Брэсце. Архітэктар Юзаф Бараньскі (польск. Józef Barański) спраетаваў будынак у скрайне мінімалістычным ключы. Простыя геаметрычныя аб’ёмы, адсутнасць знешняга аздаблення, вузкія рыскі вокнаў - былы храм і цяпер выглядае футурыстычна. На жаль, па прызначэнню будынак праслужыў не доўга, храм зачынілі ў 1939 годзе. Пасля вайны ў будынку размясціўся дзіцячы кінатэатр, а цяпер ў былой кірхе знаходзіцца цэх па вырабу вонкавай рэкламы.



9. Ідолта, касцёл Маці Божай Шкаплернай, 1939



Касцёл у Ідолце - гэта яшчэ адзін цікавы абразчык суравага амаль паўночнага мадэрну ў Беларусі. Пры пабудове храму выкарыстоўваліся шліфаваны камень-валун і цэгла. Трохаркавая галерэя перад уваходам з’яўляецца адсылкай да раманскага стылю. Касцёл, як і многія іншыя храмы таго часу, узводзіўся на сродкі прыхажанаў. Грошы на пабудову паступалі ў тым ліку і з продажы паштовак з выявай будучага касцёла.



10. Войстам, касцёл Найсвяцейшай Троіцы, 1939



Касцёл Найсвяцейшай Троіцы будаваўся даволі доўга па мерках каталіцкай Польскай Рэспублікі - амаль 12 гадоў. Магчыма, прыхажане Войстамскай парафіі не разлічылі сілы, калі ўзяліся за ўзвядзенне такога агромністага храма. Сумны і паказальны факт: касцёл у Войстаме быў асвечаны ўжо пасля нападу нацыстскай Германіі на Польшчу і пасля фактычнага пачатку Другой Сусветнай вайны - 8 верасня 1939 года.



Крыніцы фота: фота аўтара, panoramio.com, wikimedia.org, fotobel.by, tomkad, faccetta, асабісты архіў К.Шыталя

старыя фота, Солы, Дайлідкі, артыкул, Баранавічы, падарожжы, kresy_arch, фота, Брэст, Заходняя Беларусь, краязнаўства, Войстам, архітэктура, публікацыі

Previous post Next post
Up