Кінадыбр і сямейная тапаніміка

Apr 08, 2016 12:10

Кінадыбр.

Я тут нядаўна са здзіўленнем даведаўся, што фільм "13 воін" з Бандэрасам з'яўляецца адной з самых убытачных у плане збораў стужак за ўсю гісторыю кіно - акупілася толькі 60 млн. з затрачаных 160 млн. даляраў (калі пераводзіць на сёняшні дзень з улікам інфляцыі то сума страт была б яшчэ большай). А гэта ж быў адзін з самых любімых фільмаў дзяцінства:)

Дарэчы, адна сцэна з "13 воіна" дагэтуль сядзіць у маёй галаве (бываюць такія эпізоды фільмаў, якія памятаеш усё жыццё, нават калі цалкам забыўся, што там было ў астатнім фільме). Калі паблізу я чую размовы замежнікаў, якія кажуць па-свойму, і стараюся што-кольвек зразумець з іх баўбатання, я заўжды ўзгадваю героя Антоніо Бандэраса - араба, які сядзеў каля вогнішча з вікінгамі, слухаў іх гаворку, а потым сам загаварыў на старажытнаскандынаўскай мове. На пытанне аднаго з воінаў "Дзе ты вывучыў нашу мову?" араб адказаў "Я слухаў". Вось гэтая сцэна:

image Click to view



Сямейная тапаніміка

За тры гады жыцця ў Заслаўі ў нас з жонкай склаліся пэўныя маршруты, па якіх мы часцей ходзім ад дома да вакзала, ці ад дома да крамы. За гэты час у гэтых маршрутаў з'явіліся свае асабістыя назвы, вядомыя толькі нам з Наташай:)

Напрыклад, ёсць адзін шлях ад вакзала да 1-га мікрараёна, які праходзіць праз прыватны сектар, затым цераз цёмны неасветлены масток праз мясцовую рэчку-ванючку, ідзе ўздоўж цеплатрасы і футбольнага поля і выходзіць нарэшце ў мікрараён. Мясцовыя гэты шлях быццам бы завуць "ісці па яме", а мы кажам "ісці па-маньячнаму", таму што рэальна, вечарам пасля працы там жудаснавата хадзіць.

Іншы маршрут у нас названы ў гонар заслаўскага блогера markiz_de_kiss. Падчас аднаго амаль дэтэктыўнага даследвання па высвятленні яго асобы, мы з жонкай даведаліся як выглядае машына Маркіза і каля якога дома яна стаіць:) Пасля аказалася, што шлях да нашай хаты, які праходзіць міма гэтага дома, на некалькі дзясяткаў метраў карацейшы за той, якім мы звычайна хадзілі, таму цяпер калі мы хочам з'эканоміць некалькі секундаў у дарозе, то ідзем "праз Маркіза". Неяк так.

зацемка, Заслаўе, кіно, сям'я

Previous post Next post
Up