Экскурсія па Менску 1929 года: пляц Волі - пляц Парыскай Комуны

Feb 03, 2016 10:54

Трэцяя віртуальная экскурсія разам з Каспяровічам па Менску 1929 года.



Зноў запрашаю сваіх чытачоў на мінскія вуліцы, якімі іх бачыў знакаміты беларускі краязнаўцыа і навуковец Мікалай Каспяровіч. Гэтым разам віртуальная экскурсія пройдзе па вуліцам страчанай Нямігі і Нізкага рынку ад плошчы Свабоды да плошчы Парыжскай камуны.

Мова і арфаграфія тэкста М.Каспяровіча захаваныя, арыгінальны тэкст 1929 года вылучаны курсівам.



Мал. 1. Маршрут экскурсіі “пляц Волі - пляц Парыскай Комуны” на плане Мінска 1934 года, які ў тыя гады (да 1939) у афіцыйных дакументах называўся Менскам.

Спушчаючыся з Пляцу Волі ўніз па Школьнай вуліцы…


Мал. 2. Вуліца Школьная на здымку пачатку ХХ ст. Па гэтай вуліцы раней ажыцяўляўся спуск з плошчы Свабоды да вуліцы Нямігі. Забудова вуліцы моцна пацярпела ў вайну і сама вуліца была канчаткова зруйнавана і знікла з мапы Мінска ў першае пасляваеннае дзесяцігодзе. Зараз на яе месцы знаходзіцца гмах Белпрампраекту і насып пуцепровада да праспекта Пераможцаў.

…праз апошнія вароты першага кварталу яе на левым баку, зкскурсант пападае на так званы Школьны двор.


Мал. 3. Школьны двор на паштоўцы пачатку ХХ ст. Сваю назву ён магчыма атрымаў ад габрэйскай школы, якая працавала пры Халоднай сінагозе.

Шэраг будынкаў на якім, разам з халоднаю сынагогаю, даталямі сваімі нагадвае некаторыя асаблівасьці познай беларускай грамадзянскай і фортыфікацыйнай готыкі а таксама беларускага драўлянага будаўніцтва XVII-XVIII стагодзьдзя.


Мал. 4. Рэшткі Халоднай (альбо Вялікай) сінагогі побач з будоўляй гмаха Белпрампраекту. Будынак сінагогі лічыўся самым старым мураваным збудаваннем Мінска, але быў канчаткова знішчаны пры разбурэнні Нямігі ў 1960-я. Зараз на месцы сінагогі размяшчаецца паркінг.

Цераз другія вароты гэтага двара выхад на Няміскую вул., у раён так званай Чорнай біржы.


Мал. 5. Перакрыжаванне вуліц Нямігскай (цяперашняя Няміга) і Ракаўскай на пасляваенным здымку. Меркавана тут знаходзілася ўзгаданая Каспяровічам Чорная біржа (ці чорны рынак, калі казаць па-сучаснаму).

Насупраць, на пачатку Ракаўскай вул. знаходзіцца так званая Жоўтая царква XVII стагодзьдзя, значна зьмененая пазьнейшымі пераробкамі. За ёю (№2) - Менскае акруговае таварыства краязнаўства з невялікімі колекцыямі па гор. Менску і Меншчыне.


Мал. 6. Жоўтая царква яна ж сабор Святых Пятра і Паўла ў 1930-я і пасля вайны выкарыстоўвалася як склад. У 1991 царква вернута праваслаўным.

На завулку Вызваленьня (№26, тэл. 335) трэба агледзець шпалерную фабрыку заснаваную ў 1923 годзе ў 7 аддзелаў.


Мал. 7. У раёне вуліцы Нямігі было тры шпалерныя фабрыкі (на фота адна з іх) і ўсе фабрыкі насамрэч былі заснаваныя да рэвалюцыі. Магчыма, Каспяровіч разумеў пад заснаваннем аднаўленне працы адной з дарэвалюцыйных фабрык у 1923 годзе.

На рагу Замкавай пачынаецца замчышча, на якім ёсьць старасьвецкі так званы дом гродзкага суда, пабудаваны быццам з рэштак менскага замку пасьля пажару яго ў 1778 годзе; аб доме існуе легенда як аб месцы паседжаньняў беларуска-літоўскага трыбуналу.


Мал. 8. Стары гродскі суд на здымку пачатку ХХ ст. Да нашага часу не захаваўся, як і іншыя збудаванні мінскага замку.

З замчышча, якое абмываецца зараз толькі Сьвіслаччу,…


Мал. 9. Мінскае замчышча, від ад Свіслачы ў пачатку ХХ ст. Валы і насыпы замчышча былі зрытыя ў 1950-я для пабудовы Дома фізкультурніка.

…бо невялічкі ручай былой Нямігі, якая ўспамінаецца ў слове аб палку Ігаравым, і некалькі абмывала замак з другога боку, пушчаны па падземным штучным карыце, відаць вельмі прыгожыя краявіды на розныя бакі Менску.


Мал. 10. Будаўніцтва калектара для Нямігі ў 1927 годзе.

Адсюль лёгка прайсьці на Нізкі рынак, куткі якога, калі зьняць сучасныя шыльды, зьяўляюцца найтыповымі прадстаўнікамі гэтага XVI-XVII стагодзьдзя. На ім можна наглядаць надзвычайна цікавыя рысы быту дробных гандляроў і рамясьнікоў.


Мал. 11. Нізкі рынак ў 1918 годзе.

З Нізкага рынку цераз драўляны мост на Сьвіслачы, па Комунальнай вул. (зараз вуліца Максіма Багдановіча), міма дому па левым баку яе, у якім жыў выдатны беларускі пісьменьнік Максім Багдановіч, аб чым сьведчыць мэморыялная дошка на доме,…


Мал. 12. Дом дзе нарадзіўся Максім Багдановіч на фота 1929 года. У вайну будынак згарэў і ў 1960-я быў канчаткова зруйнаваны. Нядаўна на месцы дома была ўсталявана мемарыяльная дошка.

… - выхад на пляц Парыскай Комуны. Пляц зьяўляецца месцам базараў нядзелямі, панядзелкамі, серадамі і пятніцамі, а таксама месцам парадаў і дэмонстрацый у часе розных сьвяткаваньняў. У базарныя дні тутака можна чуць народную беларускую гутарку з розных далёкіх месц БССР і наглядаць бытавыя асаблівасьці беларускага сялянства.


Мал. 13. Гандль на Троіцкім рынку. Так ён называўся да таго як Троіцкую плошчу перайменавалі ў плошчу Парыжскай Камуны. Рынак праіснаваў на гэтым месцы да 1933 года, калі пачаліся падрыхтоўчыя работы да ўзвядзення тэатра оперы і балета.

3 левага боку на плацу - Цэнтральная беларуская вайсковая аб'яднаная школа ў карпусох былой духоўнай сэмінарыі. У ей можна пазнаёміцца з падрыхтоўкаю новых кадраў беларускага каманднага складу.


Мал. 14. Духоўная семінарыя на здымку пачатку ХХ ст. Яна размяшчалася ў былым манастыры марыявітак, пабудаваным у 1811 годзе. Цяпер у гэтым моцна змененым пасля вайны будынку размяшчаецца Мінская сувораўская ваенная вучэльня.

Направа цераз пляц, на Шырокай (з 1935 года вуліца Куйбышава) вуліцы (№28, тэл. 666) зьмяшчаецца Беларускі навукова-дасьледчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна, заснаваны ў пачатку 1927 году ў складзе 4-х аддзелаў: лясной гаспадаркі, мэліорацыі і культуры балот, сельска-гаспадарчай экономікі і аграрнай політыкі, жывёлагадоўлі і прыкдадной зоолёгіі і расьлінагадоўлі і прыкладной ботанікі. Апрача таго, у яго складзе працуюць Беларуская геофізычная служба і Цэнтральная хэмічная лябораторыя. Адначасна з азнаямленьнем з колекцыямі і матар'яламі ўсіх гэтых устаноў інстытуту экскурсанту рэкомэндуецца аглядзець і адну з васьмі дасьледчых станцый інстытуту, якая знаходзацца тут-жа, а ўласна Станцыю аховы расьлін.


Мал. 15. Падчас нямецкіх бамбардыровак 1941 года вуліца Куйбышава (былая Шырокая) у раёне опернага тэатра выгарэла цалкам. Ніводны будынак інстытуту сельскай гаспадаркі не захаваўся. Спадчыннікам “Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі” цяпер лічыцца “Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробству”, які знаходзіцца ў Жодзіна.

Крыніцы:
Тэкст - “Куды і як вадзіць экскурсіі”, М. Каспяровіч, часопіс “Наш край”, №4, Менск 1929;
Фота - wikipedia.org, minsk-old-new.com, oldmensk.net, ctv.by, humus, “Мінск: гістарычны партрэт горада 1953-1959” (В.Кірычэнка, 2004)

Мінск, старыя фота, артыкул, краязнаўства, Мінская міжваенка, прагулкі, публікацыі

Previous post Next post
Up