Mar 25, 2010 17:23
Зямля і Воля
Маючы за плячыма дзесяткі этнаграфічных экспедыцый і, напэўна, сотні суразмоўцаў - бабуль, дзядоў, сталых мужчынаў і кабет, злавіў сябе на думцы, што ў бясконцых аповядах пра тутэйшае жыцьцё ва ўсіх ягоных вымярэньнях слова “свабода” ніколі не сустракаецца. Іншая справа - “воля” - слова, што ненавязьліва тлумачыць спрадвечныя сэнсы быцьця чалавека на гэтай зямлі. Воля ў сістэме каштоўнасных каардынат беларуса - катэгорыя няпростая, што мае некалькі кантэкстаў свайго прачытаньня, але адно можна сказаць пэўна: гэдак, як гуляюцца са словам “свабода” сучасныя палітыкі, дэвальваваўшы яго да пустога звону, просты вясковы чалавек абыходзіцца з “воляй” ня можа. Бо найперш, воля - гэта факт прысутнасьці і адказнасьці ў свой час і на сваёй зямлі. Воля - базавая прыкмета жыцьцёвага грунту пад нагамі, і ці ня першая адзнака Гаспадара: “Тваё хадзяйства - твая воля”. Пры гэтым, гаспадарская воля не ёсьць бязглуздай сваволяй ачумелага дыктатара, яе матывацыі і план выяўленьня маюць свае рамкі: “У поля свая воля”. Ідэальныя памкненьні чалавека Традыцыі і зямлі, на якой ён жыве, супадаюць. Іх воля на тое, каб сустрэць адзін аднаго: “Кабы воля, нашоў бы сабе поля”. Аднак, трэба мець на ўвазе, што вядзецца пра палеткі, што родзяць жыта і жыцьцё, а не пра “чыстае поле”, якое азначае хаос і бясплодную пустэчу. Пры такіх раскладах, чалавек лічыць за лепшае застацца з воляй, чымсьці выправіцца дарогаю сьвятошаў, шаленцаў ці нячысьцікаў: “Вольнаму воля, спасённаму рай; бешанаму поле, чорту балота”. Маючы выразныя матэрыяльныя праекцыі, воля, разам з тым, каштоўнасць ідэальная, звязаная з духоўнымі памкненьнямі чалавека, яго жыцьцёвай доляй, даванай самім Богам. Адпаведна, адсутнасьць волі - знак злыбяды, скрушнага лёсу: “Няма горшай долі, як жыць без волі”. У гэтым сэнсе, словазлучэньне “дзень волі” пазбаўлена ўсялякага сэнсу, бо, хутчэй нагадвае знакаміты “юр’еў дзень”, калі прыгонны мог глынуць вольнага паветра толькі дзеля таго, каб…перайсьці ў чарговую няволю. Воля - стрыжань быцьця, і калі ёсьць “дзень волі”, што азначаюць астатнія 364 дні на працягу года? Воля - гэта і ёсьць жыцьцё, і калі паўставала пытаньне выбару, то яна заўсёды пераважвала матэрыяльныя даброты, абяцаныя няволяй: “Хоць сьпіна гола, ды свая воля”. Бо вольны чалавек сваю шчасьлівую долю рана ці позна ўловіць: “Доля там, дзе воля”. А народ, што правіць сваю волю не раз на год, але штодня, тым больш.
тутэйшасьць