(no subject)

Dec 09, 2007 21:54


СЯМЁН ШАРЭЦКІ

Свае першае інтэрв’ю з Шарэцкім я рабіў 1997 годзе. У гэты час ён ўжо быў у апазіцыі. Сямён Георгіевіч запрасіў мяне дамоў у “Малінаўку”, быў вельмі ветлівы і гасціны. Але ўрадзіла не толькі гэтае. Звычайная шматпакаёвая кватэра ў абсалютна звычайным доме, які, мякка кажучы, далёка ад цэнтру горада.

А яшчэ запомніўся пах ежы, якую рыхтавала яго жонка - вараная  квашаная капуста. Нават не верылася, што перада мной былы спікер Вярхоўнага Савета.

Сямён Георгіевіч нарадзіўся 23 верасня 1936 года ў вёсцы Лаўрашова Наваградскага раёну Гродзенскай вобласці. Мабыць менавіта гэта абставіна і паўплывала на тое, што сярод палітычнай эліты ён заўжды лічыўся “деревенским”.  У вёсках нарадзіліся амаль усе беларускія палітыкі, але з часам іх менталітэт змяніўся. У Шарэцкага не.

Памятую,  адзін з калег са смехам расказваў, што быў сведкай як пад час віртуальных выбараў Шарэцкі з Ганчаром зайшлі ў нейкая кафэ паесці. Ганчар пачаў чытаць меню і спытаў, што Шарэцкі будзе есці? Той важна з выразным сялянскім акцэнтам адказаў - суп з акул’іх плаўнікоў.

У 1959 годзе С.Г.Шарэцкі скончыў Беларускую сельскагаспадарчую  акадэмію і стаў працаваць ў калгасе “Звязда”. Спачатку намеснікам старшыні, а з 1963 года і старшынёй.

У 1970 годзе ён скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ і шэсць гадоў у ёй працаваў старшым выкладчыкам, а ў 1976 годзе узначаліў кафедру “            Эканоміка і арганізацыя  сельскагаспадарчай вытворчасці”.

Да рэчы, менавіта ў той час ён і стаў навукоўцам.  У 1972 годзе Шарэцкі абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 1984 і доктарскую.

Я не вельмі добра разбіраюся ў нейкіх навуковых рэгаліях. Таму нічога каментаваць не буду. А проста пералічу.У 1989 Шарэцкі стаў прафесарам, у 1996 акадэмікам Акадэміі аграрных навук РБ, а таксама членам-карэспандэнтам Расейскай сельскагаспадарчай акадэміі,  акадэмікам Украінскай аграрных навук і Міжнароднай акадэміі інфармацыйных працэсаў і тэхналогій. Яшчэ раз падкрэсліваю, што ў даным выпадку я проста цытую “Энцыклапедыю гісторыю Беларусі”.

У 1984 годзе Шарэцкі зноў вярнуўся “на зямлю”. З дапамогай выбараў (усе добра ведаюць як гэта праходзіць) яго прызначылі старшынёй калгаса “Чырвонае Знамя” Валожынскага раёна Менскай вобласці. А адтуль праз сем гадоў Кебіч забраў яго да сябе саветнікам.

У 1994 годзе Сямён Георгіевіч стварыў і узначаліў Аграрную партыю Беларусі. Праз год стаў дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, а студзені 1996 яго узначаліў.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі Аграрная партыя, наколькі я ведаю, існуе і сёння. Толькі самога Шарэцкага ў ёй няма. Нічога не хачу сказаць пра нейкую працаздольнасць пэўных палітычных структураў, але тое, што гэта партыя заўжды падтрымлівае існуючую ўладу, на мой погляд, бясспрэчна.

Шарэцкага “ушли” у 1997 годзе. Як толькі стала канчаткова відавочна, што “Акела прамазаў”.

Калі прытрымлівацца логікі Калінкінай і Шарамета, то выпадковымі бываюць не толькі прэзідэнты, але і спікеры. Мякка кажучы, Шарэцкі быў не тым чалавекам, які павінен займаць другую пасаду ў краіне. Але гэта не было выпадковым.

Добра памятую, як на пачатку 1996 года абіралі чарговага старшыню Вярхоўнага Савету.

Сярод тых, хто рэальна мог прэтэндаваць на гэта крэсла выдзяляліся тры дэпутацкія фракцыі: камуністычная, аграрная і прапрэзідэнтская. Каб атрымаць перамогу, патрэбны быў альянс. Кіраўнік ПКБ Сяргей Калякін расказваў мне, што яны тады дамовіліся з аграрыямі, што спікерам стане той, чыя кандыдатура у першым турэ набярэ больш галасоў. За Калякіна тады прагаласавалі 60 чалавек, за Шарэцкага 61. Камуністы слова стрымалі, што амаль унікальны выпадак у нашай навейшай гісторыі. Так у першы і апошні раз  адзін дэпутацкі мандат вырашыў лёс усёй краіны.

Калі на вокладцы маёй першай кнігі ў друкарні зрабілі памылку і напісалі назву нашай краіны з “маленькай” літаратары я быў вельмі  расстроены. Камп’ютаршчык супакоіў - якая краіна, такая і літара... Так і тут. Якая краіна, такі і спікер.

Адзін з вышэйшых кіраўнікоў тых часоў раскаваў, што калі б Лукашэнка наблізіў да сябе Шарэцкага, то ніякіх канфліктаў проста не было б. Думаю, што пад такімі высновамі ёсць пэўны фундамент. Адносіны паміж  палітыкамі не склаліся адразу ж. І адбылося гэта яшчэ ў 1994 годзе, калі Лукашэнке і Шарэцкаму арганізавалі тайную сустрэчу. Перш за ўсё таму, што падобнае не было патрэбным Лукашэнке. Мяркую,  ён адразу ж не ўбачыў у Шарэцкім дастойнага праціўніка. А, як вядома, сіла прызнае толькі сілу. Кажуць, што яго вельмі парадавала абранне менавіта Шарэцкага кіраўніком Вярхоўнага Савета. Не ведаю, наколькі гэта адпавядае рэчаіснасці, але для радасці сапраўды была рацыя. Канешне, так значна горш, чым калі б спікерам быў яго чалавек. Але значна лепш, чым калі б абралі Калякіна.

Яшчэ раз нагадаю, што у студзені 1996 года С.Г.Шарэцкі стаў  старшынёй Вярхоўнага Савета 13 склікання. Ніякай містыкі, але пакуль ён апошні. А сам Шарэцкі апошні спікер.

Канешне, гэты прыступак не быў самым высокім у яго палітычнай кар’еры, бо 20 ліпеня 1999 года Сямён Георгіевіч стаў выконваючым абавязкі прэзідэнта. Але  ўсе разумелі, што  пасада віртуальная, як і тыя выбары, што абвясціў Ганчар.

Разумелі ўсе, аднак некаторыя былі вымушаны гэта прыняць. Да рэчы, у тым, што яны выдавалі  пажадае за рэальнае вінаваты перш за ўсё сам Шарэцкі. Тым, што “здаў” генерала Захаранку і “Народную газету”. Нешта падобнае адбылося ў 1938 годзе ў Мюнхене. І вынікі былі тыя ж самыя. Немагчыма драпежніка заставіць забыцца, што ён драпежнік.

Тое, што літаральна праз восем-дзевяць месяцаў  Шарэцкі страціў ўсе рычагі ўплывовасці, найбольш яскрава высветлілася, калі жніўні 1996 на пашыраную нараду прыехалі ўсе  кіраўнікі аблвыканкамаў. І  справа не толькі ў тым, што на той час іх прызначаў прэзідэнт.  Сутнасць у дэманстратыўнай пагардлівасці да Сямёна Георгіевіча. Яна была нават у Гарадзенскага губернатара А.Дубко, якога яшчэ два гады таму ў прэзідэнты “двигала” менавіта Аграрная партыя Шарэцкага.

Улада была страчана дэ-факта, а дэ-юрэ гэта высветлілася восенню 1996 года. Асабліва наконт адхілення ад пасады Віктара Ганчара. На наступны дзень пасля захопу службай бяспекі прэзідэнта кабінета кіраўніка ЦЫК, прайсці яму ў будынак дапамагалі Сямён Шарэцкі і тагачасны генеральны пракурор Васіль Капітан. І не змаглі. Адзінае, што гэтых чыноўнікаў адрознівала ад іншых - іх не білі. Пакуль.

А пасля скасавання паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета 13 склікання стала відавочна, што ў Шарэцкага ўвогуле нічога няма. Ні партыі, ні магчымасці на што-небудзь рэальна ўплываць. Засталася толькі пасада, якую ў усім свеце лічылі легітымнай.

Але і яна была толькі намінальнай, асабліва пасля ад’езду, які быў падобны на звычайныя уцёкі, ў Вільню. Аднойчы мне пашанцавала Шарэцкага там бачыць. Магчыма два ахоўніка за яго спіной былі патрэбнымі, але глядзеліся яны даволі карыкатурна.

У 2001 годзе не стала і гэтага, бо Шарэцкі атрымаў палітычны прытулак у ЗША, дзе займаецца бізнесам яго сын, і жыве зараз у штаце Каліфорнія.

Некаторы час таму Беларускае тэлебачанне расказала, што Шарэцкі стаў у Амерыцы амаль бамжом. Канешне, гэта звычайныя фантазіі, але бясспрэчна іншае. У Беларусі яго пачынаюць забываць, і амаль усе адносяцца да Сямёна Георгіевіча негатыўна. Вельмі сумныя для палітыка вынікі.

Previous post Next post
Up