(no subject)

Nov 30, 2007 20:11


 ВАЛЕРЫ ШЧУКІН

Пра яго знакамітую бараду ўжо пачалі складаць палітычныя легенды. Уношу поўную яснасць. Як расказваў мне сам   Валеры Аляксеевіч, бараду ён пачаў насіць у 1982 годзе, калі нарадзілася першая ўнучка Жэня. Так Шчукін вырашыў адзначыць тое, што ён стаў дзедам. На гэты момант Валеры Аляксеевіч мае сем унукаў. Бараду сілай згалілі толькі аднойчы: у 2001 годзе ў пастарунку, дзе апынуўся ў чарговы раз.

Дарэчы, доўгі час ён быў па «сутках» рэкардсменам сярод апазіцыянераў, і толькі ў апошнія гады саступіў іншым. Аднак з гэтай нагоды не скардзіцца. «Канкурэнты» больш маладзейшыя.

Нарадзіўся Валеры Шчукін 22 сакавіка 1942 года ў расійскім Уладзівастоку. Па гараскопу - Авен. З гэтай нагоды ў адной размове са мной настойліва падкрэсліваў, што па жыцці ён упёрты, як баран. І прыводзіў шмат прыкладаў. Калі яго дачка вучылася іграць на піяніна, ён набыў падручнік па музыцы і прачытаў яго пяць разоў. Першыя тры нічога не зразумеў. Інструментаў у іх ваенным гарадку не было. Шчукін выразаў прамавугольную фанерку, намаляваў клавішы і сачыў за тым, каб дачка не махлявала.

У 1951 годзе маці Шчукіна вярнулася ў родную вёску ў Беларусь. Так параілі ўрачы, бо прыморскі клімат ёй шкодзіў. Працаваць Валеры Аляксеевіч пачаў у 15 гадоў, што зразумела - у сям’і было чацвёра дзяцей. Шчукін спачатку стаў вучнем слесара, а потым і слесарам. Калі вы будзеце ў мінскім цырку, звярніце ўвагу на літыя поручні лесвіцы. Іх зрабіў Валеры Аляксеевіч.

Ваенным мараком ён вырашыў стаць па вельмі празаічнай прычыне - каб пазбегнуць кан- фліктаў з бацькамі. У 1964 годзе паспяхова скончыў Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча і паехаў служыць на Ціхаакіянскі флот, які і да гэтага часу дарагі яго сэрцу. Капітан другога рангу - вышэйшая прыступка яго службовай кар’еры. Далей - стоп. Справа ў тым, што дзве сястры яго жонкі жылі ў Швецыі, пра што Шчукін добрасумленна і напісаў у анкеце. Па савецкіх стандартах гэта было не сумяшчальна з высокімі званнямі і пасадамі. Колькі кар’ер і лёсаў абламалася на такога кшталту фактах біяграфіі, пра якія многія нават і не ведалі. А хто ведаў - маўчалі. Але ж не Шчукін з яго імкненнем да праўды і справядлівасці, што сталася па сутнасці непераадольнай рысай характару. Урэшце вярхі паставілі крыж на яго службовай кар’еры.

У запас Валеры Аляксеевіч звольніўся, як толькі яму споўнілася 45 гадоў. І пенсія прыстойная, і ўзрост найбольшых магчымасцей: ёсць ужо багаты жыццёвы досвед і яшчэ ёсць сілы. Як многія былыя вайскоўцы, Шчукін не шукаў лёгкай працы і ўтульнага спакойнага месца. Яму хацелася фізічна актыўнай працы. Так у яго працоўнай кніжцы з’явіўся запіс: з 1987 па 1995 - машыніст крана-трубаўкладчыка.

Са спасылкай на аповед Валерыя Аляксеевіча канстатую: новую прафесію ён набыў амаль выпадкова. Суседам па купе ў цягніку з Масквы ў Мінск, якім ён ехаў пасля звальнення ў запас, аказаўся будаўнік газаправодаў. Ён і паўплываў на былога «капдва». Прафесія не для тых, хто любіць аселае жыццё. За ніткай праводу праз палі і горы. І - новая будоўля. Рамантыка. Так Шчукін апынуўся паміж Новалукомлем і Наваполацкам. Потым былі яшчэ Цюмень і Казахстан.

У 1995 годзе яго абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13 склікання. «Двигать» яго ў дэпутаты вырашыла мясцовая ячэйка Камуністычнай партыі, і ён як чалавек дысцыплінаваны (вайсковец) даручэнне выканаў. Тым больш, што ідэі перабудовы ўжо захапілі яго не на жарт. Шчукін нават напісаў варыянт новага статута КПСС, які і адаслаў у ЦК КПБ. І як мне распавядаў адзін з былых супрацоўнікаў Інстытута гісторыі партыі, якому далі азнаёміцца з праектам Шчукіна, навукоўцы напачатку паставіліся да гэтага праекта «трактарыста» як да чарговай праявы палітычнага графаманства. Але калі прачыталі, былі здзіўлены, што напісаны ён пісьменна з добрым разуменнем сутнасці сітуацыі і хвароб партыі. Па сутнасці, варыянт шчукінскага статута абапіраўся на ідэі сацыял-дэмакратыі. Зразумела, што яго ніхто не разглядаў. На выбарах Валеры Шчукін дастаткова лёгка перамог, апярэдзіў у тым ліку і такога канкурэнта, як папулярны артыст Уладзімір Гасцюхін. З гэтага моманту пачынаецца Шчукін-палітык. Ён стаў адным з самых актыўных дэпутатаў тагачаснага парламенту,сакратаром Камісіі па нацыянальнай бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю. Амаль адным з першых ён прыйшоў ды былога спікера Мечаслава Грыба і папрасіў не пасаду, а... кампутар, каб працаваць больш эфектыўна.

Памятаю, што Шчукін даволі хутка стаў вялікім улюбёнцам прэсы, бо па сутнасці не было пытанняў, адносна якіх нельга было б атрымаць яго каментар. І не ад вельмі вялікай прагі да піяру. Проста ён імкнуўся дасканала разабрацца ў любым пытанні. Нават спрачаўся з лібералам Лябедзькам адносна трансплантацыі чалавечых органаў. Прычым рабіў гэта так эмацыйна, што многія яшчэ доўга будуць памятаць яго словы пра вельмі інтымныя рэчы. Тады нават не верылася - пройдуць гады, і яны разам будуць у адных і тых жа апазіцыйных акопах.

Сярод тых, хто супрацьстаяў жаданню Лукашэнкі атрымаць «царскія паўнамоцтвы», Шчукін быў адным з самых актыўных. Менавіта ён уваходзіў у той дэпутацкі трыумвірат, які літаральна ўварваўся ў кабінет Ціхіні і выказаў меркаванне наконт адсутнасці ў апошняга паўнамоцтваў спыняць працэдуру імпічменту. Аднак, на жаль, Ціхіня зрабіў тады па-іншаму. Прызначанае на пэўны час паседжанне не адбылося. Але пра гэта я ўжо пісаў, паўтарацца не буду. Адзначу толькі - Шчукін не пайшоў на кампрамісы з уладай. І прычынай была не вядомая «ўпёртасць», а прынцыповая грамадзянская пазіцыя. І яшчэ пачуццё ўласнай годнасці, чалавечай і мужчынскай, абвостранае пачуццё справядлівасці. Менавіта яны дыктавалі яму паводзіны і ўчынкі, якія выклікалі павагу як сяброў, так і апанентаў.

Дазволю сабе не пагадзіцца з тым негатыўным сэнсам, які хто-ніхто ўкладае ў выслоўе «сухапутны марак» на адрас Шчукіна. Сапраўды, у 1969 годзе яго «спісалі» на бераг». І абумоўлена гэта было зноў-такі нацыянальнасцю жонкі і тым, што яе сёстры жылі за мяжой. Мабыць, нехта для службовай кар’еры развёўся б, але гэта не пра Шчукіна...

Калі хтосьці ў чарговы раз расказвае пра новы эпатажны ўчынак Валерыя Аляксеевіча, я ніколі не падтрымліваю іроніі. Так, са Шчукіным можна многа ў чым не пагаджацца, але адназначна: ён пастаянна трымае ўладу ў нейкай напружанасці. І яшчэ не вядома, што для яе страшней - чарговая апазіцыйная рэзалюцыя або разбітыя шыбы, калі Шчукіна зноў забірае АМАП. Але і АМАП ён прымусіў сябе паважаць. Аднойчы чуў, як з рацыі падчас адной з дэманстрацый услед за камандай на разгон прагучала: «Щукина не трогать!» Асобна трэба сказаць пра не зусім звычайныя адносіны Валерыя Аляксеевіча да жанчын. Яны, натуральна, джэнтльменскія і не залежаць ад любых абставін. Перш за ўсё ўзгадваю Людмілу Маслюкову, якая спачатку працавала ў «Народнай волі», а потым перайшла ў ідэйны антыпод - «Советскую Белоруссию», і пачала вельмі жорстка крытыкаваць сваіх учорашніх паплечнікаў. Зараз я не буду разважаць пра мараль, а толькі звярну ўвагу на адну акалічнасць. Калі пасля такой гучнай палітычнай здрады некаторыя мае калегі нават перасталі з Маслюковай вітацца, то Шчукін, наадварот, ці не адзіны з апазіцыі, хто паспрабаваў яе зразумець. Яго не аднойчы бачылі ў кампаніі з Людмілай на розных апазіцыйных мерапрыемствах, што нават спарадзіла адпаведныя жарты з прысмакам. Пакінем іх па-за ўвагай. Як бы там ні было, у дачыненні да Маслюковай Шчукін паводзіў сябе як сапраўдны Мужчына.

Калі ў 1998 годзе яго выключылі з апазіцыйнай Партыі камуністаў (Беларускай), за тое, што Шчукін быў іншадумцам і друкаваўся ў ідэйна блізкай да БНФ газеце «Народная воля», асабіста мне было сорамна за «калякінцаў». Па сутнасці, яны зрабілі тое ж самае, што нядаўна адбылося ў сядзібе БНФ з газетай «Таварыш».

Тое, што Валеры Аляксеевіч з’яўляецца ідэйным камуністам, ведаюць усе. Больш за тое, з 1991 года ён быў членам Мінскага райкама ПКБ, а потым шэсць гадоў запар - членам ЦК. Таму я, мякка кажучы, не разумею логіку тых, хто рабіў у адносінах да яго «аргвывады». Некалькі гадоў таму я зрабіў са Шчукіным інтэрв’ю пад назвай, якая раскрывае ўсё: «Камуніст з бел-чырвона-белым сцягам».

Previous post Next post
Up