Гісторыя ЗША і Канады ХІХ ст.

Apr 04, 2020 09:12


Шчасліўчык Джон Андэрсан (юрыдычны трылер ХІХ ст.) - 2

Працяг. Пачатак тут

Дзесьці ў пачатку 1860 г. Андэрсан пасварыўся са сваім прыяцелем Уінам. Невядома, што было прычынай, аднак наступствы аказаліся вельмі сур’ёзныя. Уін прыгадаў, як Андэрсан аднойчы пахваліўся перад ім сваімі подзвігамі ў штаце Місуры, і пайшоў прама да суддзі.

Выбар паў на Уільяма Мэцьюза, міравога суддзю графства Брант. Сталіца графства - Брэнтфард (20 міляў ад Калядоніі, дзе апошні час жыў Андэрсан). У 1846 г. яго белыя жыхары пастанавілі высяліць усе чорныя сем’і (іх аказалася пятнаццаць) у аддаленыя раёны Канады. Пасада міравога суддзі - больш палітычная, чым юрыдычная, і вельмі залежыць ад сімпатый мясцовых выбаршчыкаў. Таму Мэцьюз, колішні мэр Брэнтфарда, не стаў цырымоніцца і адразу загадаў арыштаваць Андэрсана.


Сам суддзя меў даволі спрэчнае рэнамэ. У розныя часы яго падазравалі ў махлярстве на выбарах, запалохванні выбаршчыкаў, збіцці зняволенага. Юрыдычнай адукацыі ён не меў, а месца суддзі атрымаў найперш таму, што быў сябрам Джона Макдональда, аднаго з галоўных палітычных лідэраў Канады.

Па даручэнню суддзі Мэцьюза паліцэйскі з Віндзара Сэм Порт адправіўся ў Дэтройт, каб высветліць, што там вядома аб гэтай справе. Даволі хутка ён зразумеў, што Андэрсан, магчыма, той самы негр, якога ў Місуры шукаюць за забойства. Тут ужо замаячыла перспектыва сарваць добры куш - падзяліць тысячу даляраў, прызначаных за галаву ўцекача. Порт звязаўся са сваім дэтройцкім калегам Джэймсам Ганінгам (той быў па сумяшчальніцтву прафесійны паляўнічы на рабоў).

Мэцьюз меў намер трымаць Андэрсана за кратамі столькі, сколькі спатрэбіцца амерыканцам на падрыхтоўку дакументаў. Аднак перапіска з Місуры зацягнулася. Ішоў тыдзень за тыднем, а папер усё не было. Не было і тых, хто мог бы даць паказанні супраць Андэрсана пад прысягай. Тым часам справа прыцягнула ўвагу мясцовых абаліцыяністаў. Адзін з іх - Джон Скоўбл - знайшоў для арыштанта добрага адваката. Той пачаў ціснуць на суддзю. Паколькі ў Мэцьюза не было фармальнай падставы трымаць Андэрсана пад вартай, 28 красавіка яго прыйшлося вызваліць.

І літаральна праз два дні, 30 красавіка ў Брэнтфард нарэшце прыбыў Ганінг. Ён паказаў, што, па яго звестках, наш герой “свядома, наўмысна і злосна” забіў С. Дзігса ў Місуры ў 1853 годзе. На гэтай падставе суддзя Мэцьюз адразу выпісаў новы ордэр на арышт. Аднак было позна - Андэрсан як у ваду кануў.

Насамрэч, ён перабраўся ў Сімкоў у 20 мілях ад Брэнтфарда. Там была вялікая негрыцянская абшчына. Магчыма, ён думаў згубіцца сярод іх - такое ўжо спрацоўвала раней. Усё лета яго ніхто не турбаваў. Але Ганінг і яго памочнікі настырна ішлі па яго следу. 27 жніўня Андэрсана арыштавалі ў Сімкоў і пасля надоўгай спрэчкі пераправілі назад у Брэнтфард.

На гэты раз паляўнічыя добра пастараліся. З Місуры прыбылі іх сведкі. Гэта былі двое сыноў нябожчыка - Том і Бен, а таксама іх сусед, цясляр з графства Говард (Місуры) Уільям Бэйкер. Яны гатовыя былі даць паказанні пад прысягай.

27 верасня Мэцьюз сабраў пасяджэнне. Негр абвясціў сябе невіноўным. Аднак падзеі развіваліся па дрэннаму сцэнарыю - Бэйкер апазнаў яго. Ён памятаў Андэрсана па Місуры як Джэка, раба Бёртанаў. Самога Бэйкера не было на месцы злачынства, але Сэнэка Дзігс перад смерцю ўсё яму распавёў ва ўсіх падрабязнасцях.

Малодшыя Дзігсы пацвердзілі словы Бэйкера аб абставінах гібелі іх бацькі. З іх двух толькі малодшы - Бен - прысутнічаў пры забойстве, але яму было тады толькі восем гадоў, і ён не здолеў адназначна апазнаць Андэрсана. Гэта мог бы зрабіць Філ, раб С. Дзігса, чыі паказанні, натарыяльна завераныя ў Місуры, таксама былі зачытаныя ў судзе (прывезці Філа ў Канаду амерыканцы не рызыкнулі - ён бы ніколі не вярнуўся з імі назад).

Аднак і таго, што было сказана, Мэцьюзу хапіла для прыняцца рашэння. Андэрсан надоўга пасяліцца за кратамі. На гэта быў выпісаны адпаведны ордэр (я прывяду яго цалкам, бо ў лёсе нашага героя ён адыграе цэнтральную ролю):

“Усім і кожнаму канстэблю, альбо іншаму служыцелю правапарадку (peace officer) графства Брант, а таксама наглядчыку агульнай турмы (common jail) графства Брант у горадзе Брэнтфард, графства Брант.

Паведамляем, што сёння Джон Андэрсан быў абвінавачаны перад намі, двума міравымі суддзямі Яе вялікасці для графства Брант, у адпаведнасці з паказаннямі, дадзенымі пад прысягай Уільямам Бэйкерам, з графства Говард, Місуры, і іншымі, у тым, што ён, названы Джон Андэрсан, 28-га дня верасня 1853 года ў графстве Говард, у штаце Місуры, свядома, наўмысна і злосна закалоў і забіў (stab and kill) нейкага Сэнэку Дзігса з графства Говард. Таму даручаем вам, канстэблі, альбо іншыя служыцелі правапарадку, альбо любому з вас, узяць названага Джона Андэрсана і ў бяспецы пераправіць яго ў агульную турму ў Брэнтфардзе, і перадаць яго яе наглядчыку, разам з гэтым пастанаўленнем.

І я адпаведна даручаю вам, названы наглядчык названай агульнай турмы, прыняць названага Джона Андэрсана ў заключэнне ў названай турме і трымаць яго там у бяспецы, пакуль ён не будзе перададзены ў адпаведнасці з законам.

Подпіс - міравыя суддзі Мэцьюз, Ярдынгтан, Лотры

28 верасня, 1860 г.”

Так Джон Андэрсана трапіў у турму. У гэты раз усё было вельмі сур’ёзна. Яго закулі ў кайданы і забаранілі бачыцца з усімі, акрамя адваката. Паколькі злачынства было здзейснена на амерыканскай тэроторыі, брытанскі суд не мог судзіць яго. Мэцьюз накіраваў адпаведныя дакументы на подпіс канадскаму генерал-губернатару, які павінен быў прыняць фінальнае рашэнне аб выдачы зняволенага ў ЗША.

Для Андэрсана гэта раўнялася смяротнаму прысуду. Ён ні хвіліны не сумняваўся, што як толькі ён пераступіць мяжу, на яго зноў адзенуць рабскія аковы. У яго родным Місуры ніхто не стане варушыць суддзяў дзеля нейкага там чарнамазага. Вяроўка і сук - вось і ўся турбота. Два такія выпадкі як раз былі на слыху ў тым годзе, калі ён уцёк…

У гульню ўступілі высокія сілы. Амерыканскі дзяржсакратар Льюіс Кас напісаў свайму брытанскаму калеге, каб той даручыў Канадзе экстрадзіраваць Джона Андэрсана, “каляровага” (але не раба - аб гэтым ён дэлікатна змаўчаў), падазраванага ў забойстве. Адпаведныя паперы паляцелі з Форын офіса ў Таронта. Бюракратычныя шасцярэнькі закруціліся - яны перамеляць кожнага, хто трапіць у іх жорны.

***

Аднак тут у сілу ўступіў яшчэ адзін фактар, які немагчыма было абмінуць - грамадская думка. Рабства ў Брытанскай імперыі было забаронена, а яе падданыя вельмі ганарыліся даўнімі традыцыямі асабістай свабоды. Яны не дапускалі нават магчымасці, што ўлады пасмеюць аддаць беглага раба ў рукі яго гаспадароў. Увесь час, які Андэрсан правёў за кратамі, ён адчуваў, што не забыты, што да яго прыцягнута ўвага лепшых людзей краіны.

Упершыню газеты напісалі аб ім яшчэ ў красавіку. З канца жніўня матэрыялы пачалі друкавацца рэгулярна. Публіка атрымлівала дэталёвые справаздачы аб ходзе разбіральніцтва.

Абараняць Андэрсана ўзяўся выдатны адвакат Сэмуэль Фрымэн з г. Гамільтан, адзін з заснавальнікаў канадскага Грамадства супраць рабства. Пазней яму на дапамогу прыйдуць многія энтузіясты і філантропы па абодва бакі Атлантыкі. Аднак гэта будзе потым. На першы час усе былі ўпэўнены, што нічога ў рабаўласнікаў не выйдзе, і Андэрсана вось-вось адпусцяць на волю.

Англічане - нацыя законнікаў, таму пяройдзем да юрыдычных аспектаў. З гісторыі аб Саламоне Мосбі мы ведаем, што ў 1830-я гады ў Верхняй Канадзе дзейнічаў Акт аб беглых злачынцах, які прадугледжваў даволі простую працэдуру экстрадыцыі. У 1842 г. на змену Акту прыйшоў англа-амерыканскі дагавор Эшбартана-Уэбстэра. Яго задачай было ўрэгуляваць спрэчныя пытанні паміж дзвюма дзяржавамі, якіх накапілася нямала. Сярод іншага, ён змяшчаў новыя правілы ўзаемнай выдачы крымінальнікаў.

Размова, натуральна, ішла аб тых, хто зрабіў нешта ў адной краіне і ўцёк у другую. У дагаворы быў вычарпальны пералік злачынстваў, за якія ўцекача маглі выслаць на радзіму. Гэта забойства (murder), пакушэнне на забойства, пірацтва, падпал, рабаўніцтва, падробка грошай і каштоўных папер. Яшчэ адна навацыя - той бок, які патрабаваў выдачы, павінен быў прадставіць надзейныя доказы віны меркаванага злачынцы. Доказы мусілі быць такія, каб іх хапіла для арышту ўцекача, калі б ён здзейсніў свой учынак ужо на новым месцы жыхарства.

Сэнс гэтага пункту быў у тым, каб рабаўласнікі не маглі патрабаваць ад Канады сваіх беглых рабоў на падставе галаслоўных абвінавачванняў. Цяпер ім самім прыходзілася збіраць доказы і прадстаўляць сведкаў, каб канадскія суддзі паверылі, што негр сапраўды зрабіў рэальнае злачынства ў ЗША, а не проста ўцёк ад свайго гаспадара.

Для міравога суддзі Мэцьюза паказанняў Бэйкера і малодшых Дзігсаў хапіла, каб запусціць працэс экстрадыцыі. У яго не было задачы разглядаць справу па сутнасці - віноўны Андэрсан ці не. Гэта ўжо задача амерыканцаў. Але ўрад правінцыі марудзіў, баючыся негатыўнай агалоскі.

***

1 кастрычніка Андэрсан (праз свайго адваката) звярнуўся да генерал-губернатара Аб’яднанай Канады. Ён прасіў не выдаваць яго ў ЗША, бо там ён перастане быць вольным чалавекам, а вернецца ў рабскае становішча. Андэрсан (а дакладней - яго адвакат) напіраў на тое, што смерць С. Дзігса была вынікам самаабароны, бо фермер хацеў пазбавіць уцекача свабоды.

Яго петыцыя засталася без адказу. Тады адвакат зрабіў новы ход. 20 лістапада ён звярнуўся ў Суд каралеўскай лаўкі ў Таронта (найвышэйшы суд па крымінальных справах у Канадзе), каб атрымаць позву на habeas corpus.

Тут трэба спыніцца і растлумачыць, што такое працэдура “habeas corpus” і якое месца яна займала ў англійскай правасвядомасці. Літаральна яна перакладаецца з лаціны як “ты павінен мець цела”, а па сэнсу - “прадстаў арыштаванага асабіста ў суд”. Гэта азначае, што начальнік турмы абавязаны па першаму патрабаванню суда прывесці вязня і прад’явіць законныя прычыны для яго затрымання.

Для сучаснага чалавека гэта выглядае трохі дзіўна. Мы прывыклі лічыць турмы часткай дзяржаўнай машыны, якая дзейнічае ў поўным паразуменні з паліцыяй і суддзямі. Але чатырыста гадоў таму ў Еўропе - у тым ліку і ў самой Англіі - справы абстаялі іначай. Цэнтралізаванае кіраванне толькі зараджалася. Многія манархі хацелі ўладарыць па-старому, як у Сярэднія вякі, калі ім належыла права жыцця і смерці іх падданых. Па жаданню караля любы чалавек мог быць кінуты за краты ці пакараны смерцю; яго маглі згнаіць у турме, нават не сказаўшы, за што.

Натуральна, не ўсім гэта падабалася, і як толькі ўзнікала магчымасць, людзі імкнуліся абмежаваць манаршае самаўпраўства. Англія, па розных прычынах, зайшла далей за іншых. Тут яшчэ ў ХІІІ ст. Вялікая хартыя вольнасцяў агаворвала недатыкальнасць асабістай свабоды. Чалавек павінен трапляць за краты ў адпаведнасці з законамі, а не па каралеўскай прыхаці. З XV ст. англійскія суды рэгулярна правяраюць законнасць зняволенняў - у асабістай прысутнасці вязня. Калі законныя падставы адсутнічаюць, чалавека неадкладна адпускаюць на волю. Гэта і называецца “habeas corpus”.

Доўгі час выдаваць загад на “habeas corpus” ці не залежыла толькі ад самога суддзі. Але настолькі важнай уяўлялася гэтая працэдура для абароны правоў асобы, што англічане максімальна спрасцілі яе механізм. У 1679 г. Парламент прыняў спецыяльны закон - “Хабеас корпус акт”. Згодна з ім, звяртацца ў суд па “habeas corpus” мог і сам абвінавачаны, і яго законныя прадстаўнікі, і любыя іншыя асобы, а суд быў абавязаны выдаваць адпаведныя прадпісанні. Англічане страшна ганарыліся гэтым законам, бо ён у пэўнай ступені гарантаваў ім асабістую свабоду і права на справядлівае разбіральніцтва. Нагадаю, што ў той жа самы час у суседняй Францыі кароль масава выдаваў т.зв. “lettres de cachet” - спецыяльныя ордэры на арышт без суда і следства. Прычым нярэдка ў падпісаным дакуменце замест імя пакідалася свабоднае месца, каб каралеўскі чыноўнік мог упісаць туды каго заўгодна. Адзін узмах пяра - і чалавек знікаў у Бастыліі на вякі вечныя, і ніякі суд не мог яго адтуль дастаць. Толькі ў 1741 - 1775 гг. было падпісана калі дваццаці тысяч такіх ордэраў. Так што англічанам сапраўды было чым ганарыцца.

***

Паколькі выдача ордэра на habeas corpus была абавязкам суда, містэр Фрымэн без праблем атрымаў неабходную паперу. 23 лістапада Андэрсан асабіста паўстаў перад трыма сівымі старцамі ў доўгіх парыках. Усе трое былі выдатнымі юрыстамі, напэўна, самымі аўтарытэтнымі знаўцамі брытанскага права па гэты бок Атлантыкі - Джон Робінсан, Арчыбальд Маклін і Роберт Бёрнс. Нездарма яны засядалі ў Судзе каралеўскай лаўкі, які стаяў па-над іншым судамі правінцыі.

Два дні ішлі пасяджэнні, усе дакументы былі скрупулёзна вывучаны, аднак суддзі не спяшаліся вынесці сваё рашэнне. Яны разумелі, што справа перад імі нетрывіяльная. Яна спараджала шмат пытанняў. Няўжо памкненне да свабоды дае права абараняць жыццё са зброяй у руках? Як гэта стасуецца з Дагаворам? Усё гэта патрабавала адказу. І яны вырашылі ўзяць паўзу - да 15 снежня, каб кожны з іх падрыхтаваў асобнае вызначэнне.

Працяг будзе...
Previous post Next post
Up